Вітанкі, шалом, алоха, ніхао і намастэ! «Да чаго тут гэты нетыповы пачатак?» — падумаеш ты, наш аматар лангрыдаў і такога ўтульнага, можна нават сказаць, сямейнага кантэнту на budzma. Адкажам адразу, што мы тут дзеля прышпілаў і, канечне, дзеля светлай місіі «мэйк беларашн мьюзік джорналістык грэйт эген»!
Разумееш, да чаго хілім? Гэта новая аўтарская рубрыка «Гітара Мулявіна», дзе мы ў фармаце постмадэрнісцкага дыскурсу раз на тыдзень будзем распавядаць пра больш-менш свежыя БЕЛАРУСКІЯ музычныя навінкі, крытыкаваць, выдурняцца, смяяцца і нават, магчыма, танчыць на костках тваіх куміраў, бо, як было напісана ў Дантэ над уваходам у пекла, «Пакінь надзею кожны, хто сюды ўваходзіць». І перад тым, як пачаць наш тур аўтастопам па галактыцы, некалькі правілаў гэтай настолкі ўсё ж такі трэба ўцяміць, каб раптам не падмануцца ў сваіх чаканнях:
1. Я — ваш адданы служка і рупар беларускай (збольшага беларускамоўнай нават) музычнай прапаганды. Не названы эксперт, не музыка ў трэцім пакаленні, не крытык з сайта зэфлоў. Медалёў, як у Брэжнева, у мяне няма. Тут не будзе гісторыі беларускай музыкі з настальгічным поглядам у мінулае і шчырай мужыцкай слязой. Дысертацыі па творчасці гурта N.R.M таксама пакіньце беларусам 5-га ўзроўню.
2. Паколькі рубрыка рэч аўтарская, то і пад кожным артыкулам вы павінны бачыць неонавую шыльду ў форме німба з надпісам «імхо». Пяшчотна люблю белмоўную музыку, але свой густ стаўлю вышэй, таму сляпой матчынай любові ад мяне не чакайце. На гарэхі дастанецца ўсім, як у Садоме і Гаморы.
Хіт-парад па-свойску
Карацей, гісторыя пачынаецца не ў Шумеры і нават не на дне ў Бруге. Усё больш утульна і па-свойску, нібыта міска дранікаў на вёсцы ў бабулі. Наш хіт-парад адкрывае хлопец, які выйшаў з андэрграўду і зачыніў за сабой дзверы.
Лайтовы — «Поўня»
Папярэднія рэлізы маладога артыста выглядаюць надта супярэчлівымі, але апошні дроп усё ж такі пакідае надзею на светлую будучыню. Да вашай увагі — лайтовы з магічным поп-рэп рэлізам «Поўня», флоў якога ў гэтай кампазіцыі да болю нагадвае маладога Алега ЛСП, і гэта не дакор!
Артыст ужо выпусціў EP «Спіралі» і пару сінглаў, але свайго слухача ў агульным сэнсе слова, пакуль так і не знайшоў. Quo vadis, хлопча? Не кажыце ім пра маркетынг, пітч рэлізаў на пляцоўкі, прагрэў аўдыторыі і магічную сілу тыктоку. Выпуск музыкі проста дзеля выпуску музыкі калісьці пераможа (спойлер: не). Агулам даволі лёгкі і меладычны саўнд, які адначасова стаіць дзесьці паміж калыханкай і музыкай для медытацыі. Ці можаце такое ўявіць? Не? Тады варта слухаць! Сам я не аматар мудрагелістасці, і дыялогі Сакрата з Платонам у аўдыяфармаце не замаўляў, але калі вы ўсё ж такі націснеце «плэй» і запусціце гэты трэк, то проста ўяўляйце, нібы плывеце ў чоўне па рацэ і вас нічога, акрамя грошай, зразумела, не турбуе.
Месцамі складана патлумачыць любоў мясцовых артыстаў менавіта да прыметнікаў у сваіх нікнэймах. Вось яны, справа і налева: Кепскі, Антось Звычайны, Байскі і, цяпер ужо, лайтовы. Пра ўсіх гэтых атлантаў, якія распраўляюць плечы, мы абавязкова напішам пазней, а цяпер час пераходзіць да другога рэлізу ў нашым топе.
Nevika — «Любоў»
Файную поп-музыку па-беларуску мы чакалі-чакалі, а ў выніку... кхм, толькі час змарнавалі. Не назаву гэта спекуляцыяй, але заўсёды хацелася б ведаць больш пра той момант, у якім рускамоўны выканаўца раптам вырашае амаль цалкам перайсці ў творчасці на беларускую. Пазналі? Згодны?
Nevika не пабаялася быць на баку маргінальнай меншасці, а таму яе новы рэліз «Любоў» ужо можна паслухаць на ўсіх музычных пляцоўках. Адсылак на культавыя фільмы там не чакайце, як і шматлікіх кампліментаў ад мяне. З пункту гледжання гуку — зроблена класна, прадакшн якасны, як і вокладка разам з прома, бо за рэліз адказны беларускі лэйбл Goost Music, а людзі там ядуць свой хлеб не дарма. Ва ўсім астатнім «не фартанула».
Песня ўспрымаецца цяжка, нібы бульба з мясам на ноч, а беларуская мова гучыць дужа ненатуральна. Калі б Хэмінгуэя папрасілі напісаць самы кароткі аповед, здатны расчуліць любога, то па натхненне з вечаровым «Дайкіры» ў руцэ да Невікі ён бы не завітаў. Усё так аднатыпна і пластмасава, што гучыць як «Славянскі базар 2022». Шчыра кажучы, прымушаў сябе даслухаць гэты рэліз да апошняй секунды разоў 5, але прайграў у няроўным баі, жадаючы пачуць штосьці па тыпу Бейонсэ, Арыяны Грандэ, а адчуўшы толькі рэха Олечкі Бузавай. Упэўнены, што на такую музыку знойдзецца аматар, але мы прафесіяналы і таму крочым далей.
Žuravl — «Шторм»
Калі сёння ў нас дзень прыпапсаваных рэлізаў, то дазвольце працягнуць гэтае свята жыцця і закінуць вам трохачковы наўпрост з горада Наваполацка. Менавіта адтуль вакалістка гурта Žuravl, якая, як дыван, які задаваў стыль усяму пакою, кранае нас вакалам на рэлізе «Шторм». Акампанемент ёй складае ўкраінскі гітарыст, таму гурт сапраўды можна назваць інтэрнацыянальным. У сваіх вільготных марах мы ўяўляем, як бы гучаў гэты індзі-поп-трэк па-беларуску, але пакуль ёсць як ёсць.
Меланхалічная кампазіцыя дасць вам прыкладна столькі суму, колькі здолееце несці, і падрыхтуйцеся, што дзесьці пасярэдзіне трэка вакал трошкі разбавяць рэчытатывам. Для дэбюту выглядае даволі рашуча і натхнёна і дае нам узгадаць, што часы, калі ад трэкаў гурта «МЫ» нам зводзіла «олдскулы», не сышлі бясследна.
Рабятам поспехаў, мне класных новых рэлізаў, вам чаго пажадаеце, а беларускай музыцы — развіцця і росту!
Хатні Томпсан, budzma.org