Многіх гэта шакуе, але беларускі кінапрацэс – з’ява самая што ні на ёсць сезонная. Вось як тая сельская гаспадарка ці турызм. Тут таксама якасны вынік залежыць ад пэўнай сінергіі: кан’юнктуры рынку, зручных умоў, плённай працы і супадзення іншых абставін. Для айчыннага кіно добрыя ўмовы наступаюць, калі лісце з дрэваў ужо асыпалася, – позняй восенню, перад ці пасля правядзення “Лістапада”. Наш галоўны фестываль раз на год нагадвае беларусам, што ў іх ёсць уласнае кіно і яго нават можна глядзець на вялікім экране, а не толькі на абшарах інтэрнэту. Аўтары ў гэты кароткі перыяд спрабуюць асядлаць на сваю карысць медыйную хвалю, выходзячы з куткоў, шафаў і сутарэнняў на белы свет. Сёлетняя восень не стала выключэннем – у пракат выйшла некалькі цікавых гульнявых і дакументальных стужак. Пра тры з іх мы вам сёння распавядзём.
“Вупыры”
Рэжысёры: Максім Сіры і Андрэй Грынько
Мара накінуць ласо на "залатога цяльца" больш за стагоддзе штурхае наперад амбіцыі кінематаграфістаў з розных краін. Усе, хто стварае кіно, хочуць на ім зарабляць, і ў гэтым памкненні дзіўнае толькі тое, што беларусы літаральна пару гадоў таму знайшлі ў сабе жаданне рухацца ў няпростым напрамку. Пакуль спробы знайсці дзейсную формулу, якая б задаводіла гледачоў і прынесла пэўны прыбытак, нагадваюць не прыдатныя да ўжывання жанравыя эксперыменты, на якія адважваюцца, між іншым, адны прыватныя кінастваральнікі.
З аднаго боку – творчы калектыў "Без Буслоў Артс" Андрэя Курэйчыка, які моцна падсеў на камедыю ("Гараш", .Party-zan фільм"). З іншага – сумесная кінакампанія "Наша кіно", якой руліць тандэм прадзюсараў Віктара Лабковіча і Сяргея Якубоўскага. На іх грошы рэжысёр Сяргей Талыбаў летась зняў “Унутры сябе” – неануарны трылер з рэверансам у бок творчасці Альфрэда Хічкока і Рамана Паланскага, які тым не менш зацягнула на глядацкае дно звышпрадказальная гісторыя і бюджэтная мастацкая пастаноўка, што нагадвала пра існаванне не самых якасных расійскіх тэлесерыялаў. Другая проба пяра ўжо тычылася фільма жахаў. Так узніклі “Вупыры”, стварэннем якіх займаліся знакамітыя кліпмэйкеры Макс Сіры і Андрэй Грынько. Аўтары на пачатку былі шчодрыя на абяцанні і казалі, што зробяць “першы за ўвесь час беларускага кіно слэшар”, але словы зноў разышліся з вынікам.
Рэч у тым, што слэшар – гэта асаблівы забаўляльны кінажанр, “фільм падліку мёртвых цел”, як яго называюць кіназнаўцы. Ён дзейнічае па сваіх законах і правілах, сфарміраваных амерыканскай індустрыяй эксплуатацыйнага кіно 1970-х гадоў, калі групу падлеткаў па розных прычынах забівае невядомы ліхадзей у масцы. “Вупыры” таксама пачынаюцца менавіта як класічны слэшар – дзве дзяўчыны, Паліна і Марыя, збягаюць з параў, каб сумесна з французам Габрыэлем і кітайцам Сянам паехаць тусавацца ў глухамань на бераг вадаёма. Там яны перасякуцца з дурнагаловымі кантрабандыстамі і старадаўнім закляццем, якое ператварае тапельцаў у зомбі-пачвар.
Па змесце стужка больш нагадвае камедыю з элементамі містычнага хорару з папраўкай на тое, што ні жарты, ні жахі дуэту рэжысёраў увасобіць не ўдалося. І ўсё праз недапрацаваны сцэнар і дзіравую драматургію, якая складваецца з пазнавальных клішэ і невялічкіх накідаў характараў герояў, іх кульгавай матывацыі і агульнай гісторыі, у якой яны аказаліся. Суперажываць усім, хто трапіў у крывавы замес, не выпадае. Як і атрымаць задавальненне ад анансаванай экраннай масакры – яе з-за цемры ляснога гушчара, дзе адбываліся здымкі, амаль не бачна.
Увогуле, “Вупыры” прымушаюць усміхацца там, дзе павінна быць страшна, і пазяхаць у момантах, дзе аўтары ўкручваюць жарты. Адзінае, што тут вабіць вока, — гэта праца мастака-пастаноўшчыка і грымёра. Балотныя вурдалакі атрымаліся густоўна агіднымі, якімі і павінны выглядаць, а створаная атмасфера месца зла ў лесе магла б стаць падставай для стварэння беларускай кінаготыкі, але стваральнікаў цікавіла больш арганічнае ўпляценне ў фільм прадактплэйсменту “Аўтарадыё”, алкагольных і мінеральных напояў. З гэтым яны справіліся добра, чаго не скажаш пра мастацкі змест фільма.
“Возера радасці”
Рэжысёр: Аляксей Палуян
Быкаў, Караткевіч, Мележ… Экранізацыі літаратурных твораў – з'ява для айчыннага кіно настолькі ж распаўсюджаная, як і для іншых нацыянальных кінематаграфій. З адной папраўкай – сучбелліт на вялікія экраны амаль не трапляе, бо проза новай гэнерацыі пісьменнікаў, з якіх сваёй уплывовасцю і тыражамі могуць пахваліцца Віктар Марціновіч ды Альгерд Бахарэвіч, ідзе ў разрэз з ідэалагічнай міссіяй дзяржаўнага кіно. Ці вы з намі, ці вы супраць нас – іншае немагчыма.
Тое доўжылася, пакуль на літаратуру не “падсела” такая ж маладая генерацыя рэжысёраў – і адбылася доўгачаканая стыкоўка. Найбольш яскравым праяўленнем іх першай калабарацыі можна назваць стужку “Возера радасці” – драму, знятую былым студэнтам Касэльскай акадэміі мастацтваў Аляксеем Палуянам паводле эпізоду з аднайменнай навелы Віктара Марціновіча. У ёй гаворка шла пра сталенне дзяўчынкі Ясі на прасторах сучасных Расіі, Беларусі, Літвы, сярод заможных бізнесоўцаў і людзей з уладай у руках.
Кіношны варыянт лесу Ясі атрымаўся больш сціплым і канцэнтравана нацыянальным – Палуян пераносіць месца дзеяння ў звычайную беларускую вёску, якую амаль немагчыма ідэнтыфікаваць па часе. Ці то гэта пачатак 90-х, ці то канец 70-х – хто зразумее і ці мае гэта сэнс? Падмуркам тут таксама становіцца сямейны канфлікт – пасля смерці маці бацька Ясі хоча зноў ажаніцца і, каб нічога не замінала, здае дачку ў інтэрнат. Прапанаваны сюжэт відавочна ідзе ў разрэз з літарай рамана, што адразу ўбачылі і абурыліся зацятыя фанаты пісьменніка. Але для Палуяна перапісванне першакрыніцы проста неабходнае.
Бо “Возера радасці”– не проста дыпломны праект, магчымасць прадэманстраваць назапашанае тэхнічнае і мастацкае майстэрства, якому ён доўга вучыўся ў Германіі. “Возера радасці” – яшчэ і яго прыватная гісторыя, звязаная з лёсам бацькі, якога ў дзяцінстве таксама аддалі ў інтэрнат. Спроба знайсці адказ на балючае для сям’і пытанне – чаму родзічы ўсвядомлена адмаўляюцца ад свайго дзіцяці – стварае другое вымярэнне стужкі, ператвараючы яе ў сакральны аўтарскі маніфест. Уражанню спрыяе і прынцыповасць рэжысёра – амаль усе акторы гавораць па-беларуску (як і сам Аляксей у паўсядзённым жыцці), а цэнтральную ролю грае 11-гадовая (на момант здымак) Наста Пляц.
Дзяўчынка ніколі раней не здымалася ў кіно, але перажыла той самы вопыт, што і яе гераіня. І па яе глыбокім і недаверлівым позірку спадылба на дарослых усё зразумела амаль з першых хвілін. Увогуле, псіхалагічная дакладнасць акторскіх партрэтаў, матывацыя якіх не прагаворваецца, а менавіта пражываецца ў кадры, – галоўная вартасць “Возера радасці”, якая набліжае стужку да еўрапейскай класікі “некамунікабельнага” кіно Мікеланджэла Антаніёні. Зразумела, што Палуян пакуль пачаў рухацца ў дадзеным напрамку, таму што форма (касцюмы і мастацкая пастаноўка) больш нагадвае якасны рэкламны глянец, а драматургіі стужкі не хапае дакладнасці, цэльнасці і вагі, каб не даць ніякіх шанцаў гледачам застацца ў сумненнях пасля паказу. А такое адчуванне пасля прагляду “Возера радасці” якраз і не пакідае.
“Чыстае мастацтва”
Рэжысёр: Максім Швед
У кадры пачынае свісцець дрыль – малазнаёмы руды хлопец свідруе дзіркі у дошках. Яны паступова складваюцца ў вялікую драўляную раму, на якую хутка нацягнуць палатно. Так народзіцца белы прастакутнік – і адразу вырвецца за межы шэрага памяшкання ў прастор не менш шэрага горада, дзе пачне гуляць: зазірне ў завулак праспекта Незалежнасці, адпачне на Машэрава, маляўніча паездзіць па розных сталічных магістралях.
Менавіта з прыгодаў белага аркуша пачынаецца стужка “Чыстае мастацтва” Максіма Шведа – 40-гадовага дакументаліста-пачаткоўца, які ахвяраваў былым стабільным жыццём дзеля працы ў кіно. Дэбютны фільм аўтар прысвячае выяўленчаму мастацтву – cупрэматызму, ці, як яго яшчэ называюць, жэс-арту. Гэты жанр вулічнага мастацтва з’явіўся на сутыкненні савецкага авангарду 20-х гадоў ХХ стагодзя (памятаеце класічны “Чорны квадрат” Казіміра Малевіча?) і штодзённай працы работнікаў камунальных служб (аўтары сочаць за Інай і Зінай), якія замалёўваюць графіці і розныя надпісы на будынках фарбамі шэрых ці пастэльных адценняў (з тых, што ёсць пад рукой). Іх геаметрычныя фігуры ў сваю чаргу замалёўвае прафесійны мастак Захар Кудзін (той самы руды хлопец, які свідраваў дошкі), каб зрабіць потым выставу малюнкаў.
Даволі маркотны на першы погляд працэс стварэння і занатоўкі на адкрытым паветры каляровых геаметрычных фігур на практыцы ператвараецца ў звышіранічны мастацкі перформанс, які яскрава дэманструе прынцыпы існавання лукашэнкаўскага грамадства.
Жанчына ў памаранчавай форме мяце і без таго чысты гранітны падмурак стэлы. Калона “Беларусаў” напорам вады мые сталічныя вуліцы. Ланцуг свежапафарбаванай ваеннай тэхнікі адпрацоўвае новы маршрут перад парадам. Чысціня, парадак і дысціпліна пануюць у Мінску. Усё, што выбіваецца з гэтай ідэальнай схемы, адразу трапляе ў зону інтарэсаў праваахоўных органаў і пільных мінчукоў. Тое ж тычыцца застылых на сценах праяваў нямога сарказму (“Дзе мае папіццот?”) і палітычных лозунгаў (“Жыве Беларусь!”), якія хуценька знікаюць пад слоем таннай фарбы. Рэжысёр у якасці ненавязлівага арт-терапеўта імкнецца распавесці візуальнай мовай, як імкненне да татальнай, амаль утапічнай па сваёй форме, стэрыльнасці перарастае ў прагу татальнага кантролю, які суправаджаецца страхам яго страціць.
“Чыстае мастацтва” – гэта вельмі цікавы псіханаліз, які ненавязліва ілюструе падсвядомасць звычайных мінчукоў, што ў ружовым прастакутніку бачаць хто палітычную здраду, а хто – дагістарычнае возера з дыназаўрамі. Як кажуць, у каго што баліць.
Ільвіную долю ўражання ад стужкі, безумоўна, стварае выкшталцоная праца польскага аператара Гжэгажа Хартфела. Ён зняў знаёмы нам Мінск з асаблівай цеплынёй, увагай да дэталяў, вельмі па-мастацку, ператварыўшы поставецкую гарадскую прастору ў стракаты, нібы сшыты з кавалачкаў пазла, малюнак. Аздабляюць яго атмасферныя гукі, запісаныя гукааператарам Юрыем Баталонакам, сярод якіх ёсць пафасныя савецкія маршы ў выкананні аркестраў і горкі на смак блюз губной гармошкі, якая грае пад мостам у парку Горкага. Але звоздзіць усе гэтыя часткі ў адзіны твор менавіта Швед, якому з вышыні свайго жыццёвага вопыту ёсць што рассказаць і чым падзяліцца са сваім гледачом.
Тарас Тарналіцкі, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!