Помнік Кірылу Тураўскаму ля Гомельскага драматычнага тэатра – твора заснавальніка «сталінскага ампіру», сына цэнтральнага Палесся Івана Жалтоўскага – нагадвае абліччам зарана памерлага вялікага паэта Анатоля Сыса. Кірыла ў чымсьці і быў падобным да Сыса – апантанасцю, катэгарычнасцю, талентам. Толькі паходзіў не з вяскоўцаў, а з арыстакратыі, запомніўся дысцыплінаваным узорным хрысціянінам і пражыў істотна даўжэй.
Не вядомы ні час нараджэння Кірылы Тураўскага, ні яго свецкае імя: «быў народжаннем і выхаваннем града Турава, багатых бацькоў сынам». Найранейшым годам нараджэння называюць 1110-ы, найчасцей – 1113-ы.
У час маленства нашага героя з іншым уласным імем (у цяперашняга патрыярха РПЦ Кірыла да манаства было імя Андрэй, то можа і тураўскі свяціцель – Андрэй у хросце?) цэркваў і манастыроў у Тураве было ля сарака. Тагачасны Тураў, як Старажытны Рым, меў водаправод.
Апроч драўляных цэркваў у горадзе быў каменны храм – найстаражытнейшая (70-х гадоў ХІ стагоддзя) манументальная будова беларускага Палесся, большая за полацкую Сафію. Тураўскі сабор меў тры алтарныя паўколы на ўсходзе, шэсць апорных слупоў унутры. Падлогу ўпрыгожвалі маёлікавыя пліткі. Круць!
Быў тады ў Тураве і для тых часоў сур’ёзны, хоць збольшага драўляны, замак з вялікай цаглянай абарончай вежай – 10 м у дыяметры.
Ворагі, што спалілі замак, вежы разбурыць не здолелі. Яе разабралі ў 30-я гады ХІХ (!) стагоддзя тутэйшыя людзі па загадзе ўладаў. А не разабралі б – сёння, як і «Белая вежа» Камянца, была б яна адным з сімвалаў Беларусі.
Каменны тураўскі храм разбурыў ці землятрус 3 мая 1230 года, ці моцная дэфармацыя ад невядомага ўздзеяння ў другой палове ХIII стагоддзя. Легенды кажуць пра землятрус і ўдар маланкі, прафесар (не блытаць з акадэмікам!) Лысенка – пра землятрус з цэнтрам у Карпатах. Храм стаяў на рачным наносным пяску, таму хапіла 4 балаў, каб ён заваліўся. Паўднёвая сцяна і алтарная частка храма пры падзенні накрылі пантэон тураўскіх князёў, дзе былі 8 саркафагаў з мошчамі. Сучасныя раскопкі храма выявілі 3 саркафагі, складзеныя з гладкіх плітаў оўруцкага шыфернага сланцу. У саркафагах былі парэшткі людзей, не меншых за 180 см у даўжыню. 2 саркафагі выкапалі і змясцілі ў музеях: адзін – у Пінскім, другі – у Тураўскім.
*
У 1113 годзе ў Тураў перасялілася з вялікай світай удава толькі памерлага кіеўскага князя, былога тураўчаніна Святаполка Ізяславіча, Ірына.
Яна паходзіла з візантыйскага імператарскага роду Комнінаў і стала жонкаю тураўскага князя Святаполка, калі ён заняў кіеўскі трон. Тады ж яна прывезла ў Кіеў з Візантыі вучоных духоўных пастыраў.
У Кіеве тады жылі і актыўна гандлявалі габрэі. На мяжы IX-X стагоддзя там былі хазарская адміністрацыя і гарнізон. Ніжняя частка горада звалася Козары; сюды князь Ігар дадаў у 933-м палонных габрэяў з Керчы. Потым прыбывалі палонныя габрэі ў 965-м з Крыма, у 969-м – хазары з Іціля і Семендэра, у 989-м – з Корсуні (Херсанэса), у 1017-м – з Тмутаракані.
З гандлёвымі караванамі Захад – Усход, а затым гнаныя ў Еўропе, з’яўляліся ў Кіеве і заходнія габрэі-ашкеназі. У яго гарадскіх сценах ля Залатых Варотаў былі Жыдоўскія вароты, да іх прымыкаў габрэйскі квартал.
Жыццё побач хрысціянаў і юдэяў у Кіеве спрыяла супрацы і ўзаемаўплывам. Адсюль пайшоў класічны філасофскі твор сярэдзіны ХІ стагоддзя «Слово о Законе і Благодати».
Кіеўскія князі не абмяжоўвалі габрэяў, нават імі апекаваліся, асабліва Святаполк Ізяславіч. Прадпрымальніцтва гэтага народа давала немалы даход у гарадскую казну.
Але са смерцю Святаполка сітуацыя рэзка змянілася:
«мятежнікі, пользуясь безначаліем, ограбілі всех Жідов, бывшіх в століце под особым покровітельством Святополка. Потым Жідов многіх побілі і домы іх разграбілі».
Кіеўскім князем замест памерлага Святаполка стаў Уладзімір Манамах. Кіяне «просілі его всенародно о управе на Жідов, что… прі Святополке імелі велікую свободу і уладу»… Манамах паслухаў голас народа і «выслал всех Жідов».
І тады ж з Кіева ў Тураў перасялілася разам з філасофскай элітай еўрапейскай думкі таго часу, удава апекуна габрэяў Ірына. Заснавала тут хрысціянскую школу, стала мнішкай-столпніцай Варварай. Ды хіба сярод яе філосафаў-мігрантаў былі толькі хрысціяне?
З інтэлектуалаў пачалася тады ў Тураве гісторыя прыпяцкага габрэйства. Недалёкі ад Турава, залежны ад яго Пінск неўзабаве стаў буйным цэнтрам хасідызму – аднаго з асноўных габрэйскіх філасофска-рэлігійных вучэнняў.
Світа Ірыны-Варвары актыўна займалася з Турава місіянерствам, падарожнічала па землях княства. У ёй вельмі нават мог вандраваць і набірацца вопыту ды ведаў малы, але элітарны Кірыла. Прынамсі, яго будучыя славутыя казанні складаліся пад уплывам грэчаскіх твораў, не перакладзеных на той час на славянскую.
Кірыла, як і Ефрасіння Полацкая быў арыстакратам. Не факт, што князем, але багатым. Кірылам ён стаў, калі прыкладна ў 1123 годзе пастрыгся ў мніхі ў Нікольскім тураўскім манастыры.
У тыя часы, за тутэйшым князем Вячаславам (сынам Уладзіміра Манамаха) Тураў прыняў да сябе хрысціянскага епіскапа на пастаянна.
Князь Вячаслаў хадзіў разам з Кіевам у 1127 годзе на Полацк. Пазней стасункі Кіева і Турава разладзіліся.
Кірыла ж па пострыгу ўсё больш і больш пранікаўся аскетычным ладам жыцця.
У 1143-м ён стаў іерамніхам – мніхам-святаром.
Далёкім ад хрысціянства чытачам тлумачу. Хрыстос выйшаў на грамадскае служэнне трыццацігадовым – ва ўзросце, калі пачыналі служыць юдэйскія святары. У нармальным выпадку і хрысціянін рабіўся святаром не раней за ўласнае трыццацігоддзе – з арыентырам на Хрыста, нягледзячы ні на якую ўласную мажорнасць ды звышздольнасці. Так, бачым, адбылося і з Кірылам Тураўскім.
У 1144-м наш герой робіцца настаяцелем свайго Нікольскага манастыра. Спрабуе ўвесці ў ім больш строгі – Студыйскі – статут манаскага жыцця.
У 1146-м кіеўскія дружыны захапілі Тураў, епіскапа ўзялі ў палон, а князь Вячаслаў з горада знік. Некалькі гадоў нашая палеская сталіца разам з Кіевам пераходзіла то суздальскім, то валынскім князям.
У 1147 ці ў 1148 г. Кіеўскім мітрапалітам, а значыць, галоўным і над Тураўскай епархіяй, упершыню стаў славянін – Клімент Смаляціч, цікавы багаслоў, філосаф і пісьменнік, якога наш Кірыла чамусь не любіў і не жадаў бачыць у сваіх мітрапалітах. Настаяцеля тураўскага Нікольскага манастыра замуравалі жыўцом у вежы, дзе свецкае не перашкаджала б яго літаратурнай дзейнасці. Адміністратыўнае кіраванне манастыром вымушаны быў узяць на сябе іншы, і хто цяпер ведае – мо была ў тым, апроч Божай і Кірылавай волі, і воля першага славянскага мітрапаліта?
У 1151-м князь Юрый Даўгарукі даў апроч іншага і Тураў у валоданне сыну Андрэю Багалюбскаму.
У жыціі Кірылы Тураўскага сцвярджаецца, што Кірыла «Андрэю Багалюбскаму многа пасланняў напісаў». Пра што – дакладнай інфы ў нас няма, апроч што былі яны «паводле евангельскіх і прарочых кніг, якія чытаюць на Госпадавыя святы».
Кірыла і Багалюбскі былі людзьмі аднаго пакалення, якім было лягчэй зразумець адзін аднаго, чым людзей пакаленняў іншых. Да таго ж мелі аднаго і таго ж нябеснага апекуна – бо ў дзяцінстве ахрышчаным Андрэем, як мы мяркуем, быў і Кірыла.
У 1152-м Багалюбскі цяжка паранены пасля 12-дзённай няўдалай аблогі Чарнігава.
У 1153-м бацька садзіць Андрэя дадаткова і на разанскае княжанне. Стуль Багалюбскага зганяе былы разанскі князь Расціслаў, які з дапамогай полаўцаў вяртае ўладу сабе. Андрэй бяжыць з Разані «в одном сапоге».
У 1154-м Юрый Даўгарукі зацвердзіўся на прастоле ў Кіеве, а Андрэю аддаў у дадатак да ранейшага недалёкі ад сталіцы Вышгарад: як бы і пад бацькавай апекай, і публічны пераемнік.
Ды… у 1155-м (ці не пад уплывам духоўных пасланняў манаха-столпніка Кірылы з Турава?) перспектыўны нашчадак бацькі, насуперак волі таго, з’язджае на далёкі, па тагачасных мерках, паўночны ўсход – ва Уладзімір-на-Клязьме, да «каланізаваных славянамі інародцаў». З Вышгарадскага жаночага манастыра прыхоплівае з сабой цудатворную ікону Божай Маці, якая ў далейшым атрымлівае назву Уладзімірскай і шануецца як найвялікшая руская святыня.
Даўгарукі перадае Тураў іншаму сыну – Барысу.
Даўгарукі памёр у 1157-м.
У 1158-м тураўцы праганяюць Барыса і ставяць князем Юрыя Яраславіча, унука мужа асветніцы Ірыны-Варвары, тураўскага, затым кіеўскага князя Святаполка, Тураў выходзіць з-пад улады Кіева, у ім узнаўляецца свая княская дынастыя.
Кааліцыя з 6 князёў на чале з новым кіеўскім валадаром Ізяславам рушыць браць Тураў, 10 тыдняў асаджваюць горад…
Яны не здолелі яго ўзяць. Тураў адстаяў незалежнасць. Імаверна, і малітвамі будучага святога Кірылы ды столпніцы Варвары.
Паўтара дзесяцігоддзя адносна мірнага, незалежнага і магутнага Турава аказаліся звязанымі і з росквітам творчасці і кар’еры святога Кірылы.
Кірыла – першы вядомы палескі пісьменнік і філосаф. Першы ўсходнеславянскі мніх-пустэльнік і мніх, які пайшоў у дабравольнае зняволенне. Для манастыроў Тыбета такое звыкла здаўна, але нашыя мніхі-затворнікі да Кірылы Тураўскага невядомыя. У затворы Кірыла напісаў большасць славутых сваіх твораў.
Ён тлумачыў Біблію прытчамі, пераймаючы Хрыста. Тлумачыў з алюзіямі на апокрыфы, драматычна, шырока карыстаўся ў тэкстах маналогамі і дыялогамі. З вядомых нам тэкстаў, ён не быў арыгіналам, хутчэй кампілятарам, свядома адмаўляў сабе ў праве на сваё меркаванне, неаднаразова падкрэсліваў, што ёсць «не жнецом, а класосбірателем», «убогім словом і мутным разумом»…
Славяніна Клімента Смаляціча неўзабаве змясцілі з мітрапаліцкай пасады «грэкафілы», да якіх належаў і Кірыла. У тыя гады (прыкладна 1158–1159) наш герой стаў тураўскім епіскапам. Маўляў, да яго з просьбаю звярнуўся асабіста князь Юрый. Кірыла не паходзіў з Кіева-Пячэрскай Лаўры, князь тым парушаў завядзёнку пастаўлення Тураўскіх епіскапаў стуль, ды і мацаваў свой сепаратызм-незалежнасць.
Епіскап Кірыла паказаў сябе ўмелым кіраўніком-гаспадаром, прапаведнікам, аратарам. Яшчэ пісаў кнігі «от евангельскіх і пророческіх сказаній, коі чітаются на Гасподні празднікі, і іных душеполезных слов мноства, і молітвы ко Госпаду, і похвалы многім святым, – эті все і мноства іных пісаній Царкве передал. І канон велікій о покаяніі напісал ко Госпаду по главам азбукі».
Выгляд Кірылы так апісаны ў іканапісным «Подлінніку»:»Подобіем надсед, власы с ушей, брада с Ніколіну, но не курчевата – проста, різа свяціцельская, во амофоре».
Пад 1174 годам упершыню згадваюцца пінскія князі. Пачаўся палітычны заняпад Турава, скончылася яго магутнасць. За Пінскім княствам ад Турава адколваюцца іншыя: Слуцкае, Клецкае…
Тут і адгукнулася Кірылава «нялаўрскасць». Саслабелай Тураўскай дзяржаве навязваецца іншы епіскап – «лаўрскі», з Кіева.
Пераемнікі князя-пераможцы Юрыя Яраславіча, яго сыны Іван, Святаполк і Глеб пэўны час супрацьстаяць кіеўскаму ўціску.
Але ў 1177 годзе (паводле іншых крыніцаў, у 1182-м ці 1184-м) Кірыла ўсё ж сыходзіць з епіскапства. На змену яму епіскапам прысланы Кіева-Пячэрскі, «лаўрскі» мніх Лаўрэнцій (у сучаснасці і ён кананізаваны).
Наш герой прымае вялікую схіму ў тураўскім Барысаглебскім манастыры на Балоні і сыходзіць у (напэўна, правільна казаць «царкоўнаславянска-старабеларускую») літаратуру.
У 1185, 1186 ці 1187 гадах стваралася (калі верыць, што не ў ХVІІІ стагоддзі беларусам-архімандрытам Іяілем Быкоўскім ці чэхам-езуітам Ёсіфам Добраўскім) «Слова пра паход Ігаравы». Рэальных прэтэндэнтаў на аўтарства з ХІІ стагоддзя, апроч Кірылы Тураўскага, няма.
Суседзям Беларусі, канечне, хочацца вывесці аўтара з іх земляў, таму многія і кажуць, што ён невядомы. Можна іх зразумець. Але нашто сумнявацца ў здольнасцях і вядомасці нашага свяціцеля?!
Аўтарытэтныя даследчыкі ўказваюць на падабенства літпрыёмаў Кірылы і аўтара «Слова»: «писано белорусским почерком», «язык «Слова», хотя и руский, но больше заднепровский», «на таком языке, который мы находим в «Слове», никогда не говорили в России».
І ў «Слове», і ў сучаснай белмове ёсць: сцягi, смага, гадзiна, араты, туга, каня, шызы арол, чярвоныя щыты… І палескі фальклор і «Плач Яраслаўны» звяртаюцца да ветру.
Даследчык «Слова» масквіч (!) Зотаў сцвярджаў: «Автор, несомненно, принадлежал к интеллектуальной элите», але быў не «неки придворны княжески поэт-профессионал», «это была особа духовного звания», «для него характерна творческая одарённость самой высокой степени, что вынуждает думать и про иные литературно-общественные проявления; широкое использование письменных литературных памятников древнегречнай и византийской культуры и в то же время опора на традиционное русское песенное творчество; христианское мировосприятие, блестящее. знание истории, политики, культуры, фольклора, географии, уклада жизни руководящих княжеских верхов, что доказывает принадлежность к интеллектуальной элите общества и близость к тем, кто удерживает власть; социальное положение определяется, вероятнее всего вне светских кругов; использование словарного фонда не только южнорускага, но и других диалектов», «Среди же известных нам деятелей ХII века, всем требованиям вероятностной модели-портрета соответствует только один человек. Кирилл, про которого идёт разговор, родился, жил и творил в городе Турове на Припяти».
Памёр Кірыла пасля 1190 года. Самую познюю дату называе Аляксей Мельнікаў – 1198. Тураўшчына тады драбілася далей: ад яе адыходзілі самастойныя Драгічынскі, Рагачоўскі і Чартарыйскі ўдзелы.
*
Аўтарства Кірылы прызнанае за 70 захаванымі творамі. З іх: 32 малітвы, 8 «Словаў-павучанняў», 3 Вялікія каноны, сказанні, аповесці і пасланні.
Што пераняў белліт ад свайго «прадзядулі»?
Паэтычнасць – пра тое, што «кожны беларус – паэт», пераканаўча засведчыў адзін з нацыянальных сталпоў-інтэлектуалаў сучаснасці Сяргей Дубавец. Як бачым, тут святы Кірыла паўплываў нацыянальна-адметна-пазітыўна.
Індывідуалізм – далёка не кожны беларус хоць неяк прагне стоўпніцтва і затвору, але жаданне амаль кожнай з беларускіх супольнасцяў-кланаў жыць «сваім розумам» (статутам, манастыром, паняткамі) так і прэ. Праўда?
Недавер да айчынных аўтарытэтаў і разлік на эмісараў з замежжа – аўтарытэт тутэйшым важна засведчыць-зафіксаваць ва ўплывовым, ці ўсходнім-еўразійскім, ці ў заходнім еўрабачанненобелеўскім (ці хаця б у паўднёвым кіеўска-стамбульскім) замежжы – і будуць тады на айчыне яму ці ёй увага і пэўная пашана. Іначай – стаўленне дзесь як у Кірылы да Клімента Смаляціча: ён і з глухамані на мяжы Беларусі і Масковіі, і дзікунамі несвядомымі-неадукаванымі абраны, і еўрапейскіх каштоўнасцяў не нясе, і за цывілізаваным светам не вядзе, і нават не «жыдоўствуе» – ну які з яго кіраўнік нашай мітраполіі?! І адгародзімся ад яго сценамі нашых уласных манастыроў!
А вось калі ад самога патрыярха-імператара-вялікага князя-магістра-арыстакратычнага камітэта прыбліжаны-набліжаны-ўганараваны – такога, які прыйшоў на змену кірылавым візантыйцам-грэкам, можна і прыняць лепей за сваіх усіх разам узятых!
*
З напісанага Кірылам Тураўскім найбольш свежай для сучаснасці выглядае, бадай, вершапесня, перакладзеная ў сучасную беларускую рэдакцыю ксяндзом Язэпам Германовічам (ці, з іншых крыніцаў, праваслаўным паэтам Масеем Сяднёвым):
Песня хвалебная Кірылы Тураўскага
Дай, добры Божа, зару й сонца бачыць,
Тваёю ласкай захавай ад грэху:
К Табе ўздыхае маё сэрца, плачыць –
Дай ў Тваёй сіле мне знайсці пацеху.
Ты свет уладзіў на людскую службу –
Такі карысны і такі прыгожы,
Каб мы, ўвайшоўшы з гэтым светам у дружбу,
Цябе хвалілі, найлепшы наш Божа!
Табе малюся, Божа міласцівы,
Дай мне ўбачыць свет Твой найяснейшы –
Цябе самога і ўсе ў небе дзівы –
На векі вечны Божа наймілейшы!
Тваёю моцай і я моцны стану –
Айца, і Сына, і Духа Святога –
Тройцу адзіну, калі ў неба гляну,
Хваліці буду Стварыцеля Бога.
Будзь слава Богу ў Тройцы ўсёмагутнай
І жыватворчай, вечнай назаўсёды,
І нераздзельнай, і адзінасутнай,
У Божай моцы – знак любові-згоды.
Артыкул падрыхтаваны па тэксце Андрэя Мельнікава да экскурсіі ў Тураў, напісаным у 2000-х гадах. Тэкст, які базаваўся на даследаваннях класіка археалогіі прафесара Лысенкі, класікаў гісторыі Ермаловіча, Тацішчава, Карамзіна, быў тады ж перададзены мною ў Гомельскі камітэт па турызме. Наколькі ён выкарыстоўваецца цяпер і ці выкарыстоўваецца ўвогуле – аўтару невядома.
Андрэй Мельнікаў