У беластоцкім выдавецтве «Kamunikat. org» выйшла «Кніга нэкралёгаў», укладзеная Наталляй Гардзіенка і Лявонам Юрэвічам. Выданне сапраўды ўнікальнае — на 800 старонках адлюстраванае праз некралогі сапраўднае, бурлівае жыццё беларусаў замежжа. Тут успаміны пра грамадскую працу, беларускія імпрэзы, сумесныя падарожжы, нечаканыя знаёмствы і нават сны пра тое, як беларусы талакою ўцякаюць з пекла — «Што толькі ня ўспомніш!» — пісаў адзін з аўтараў некралогаў. «Жывыя карцінкі» міжволі паўстаюць перад вачыма і даюць шырокае поле працы для будучых даследчыкаў.

Як пазначана на адваротным баку тытульнай старонкі, «гэтае выданьне ёсьць працягам „Кнігі могілак: Беларускія пахаваньні ў сьвеце“ (2024)». Памылкова, аднак, было б думаць (як я меркавала спачатку), што паміж першай і другой кнігамі існуе наўпроставая лінейная сувязь: то-бок, што кожны фотаздымак надмагілля, змешчаны ў «Кнізе могілак», мае сваю пАру ў выглядзе тэксту ў «Кнізе нэкралёгаў». Як патлумачыла Наталля Гардзіенка, гэтак і не магло здарыцца, бо праца над першай і другой кнігамі вялася надта ж па-рознаму. Матэрыялы для «Кнігі могілак» збіраліся дзесяцігоддзямі з дапамогай беларусаў з усяго свету, якія прысылалі здымкі надмагілляў з самых розных краінаў. Тады была задача сабраць як мага больш дасяжнага матэрыялу.

Што ж датычыць сёлетняга выдання, дык у яго ўвайшлі толькі тыя некралогі, якія друкаваліся ў газетах «Бацькаўшчына» (Мюнхен) і «Беларус» (Нью-Ёрк). Такім чынам, тэксты, змешчаныя ў іншых беларускіх эмігранцкіх выданнях, у «Кнігу нэкралёгаў» трапіць не змаглі. Што праўда, дзве вышэйпамянёныя газеты — найбуйнейшыя прадстаўнікі эмігранцкага друку, і яны лічацца, паводле азначэння Лявона Юрэвіча, «цэнтральнымі, асноўнымі». То падборка атрымалася ўсё ж вельмі рэпрэзентатыўнай.
У «Кнізе нэкралёгаў», апроч уласна некралогаў, ёсць яшчэ й другі раздзел: «Памінальныя карткі». У Беларусі такіх раней не існавала (не ведаю, ці ёсць яны зараз), а на эміграцыі беларусы перанялі традыцыю вырабу памінальных картак ад жыхароў той краіны, дзе ім давялося апынуцца, і цяпер такія карткі сталі неад’емнай часткай пахавальнай культуры беларусаў замежжа.

Самы ранні з некралогаў, якія ўвайшлі ў кнігу, апублікаваны ў нумары «Бацькаўшчыны» за 14 красавіка 1948 г. (Газета пачала выходзіць ад канца 1947 года, і гэты тэкст быў калі не першым, дык адным з першых надрукаваных у ёй некралогаў.) Самы позні — з нумару газеты «Беларус» за травень—ліпень 2018 года. На момант, калі пачыналася праца над кнігай, гэта быў апошні з выдадзеных нумароў «Беларуса», таму тут і вырашылі паставіць кропку.
Атрымліваецца, што праз тэксты «Кнігі нэкралёгаў» можна прасачыць, як і што пісалі пра памерлых беларускія эмігранты на працягу аж цэлых 70 гадоў!
Кнігу адкрывае ўступнае слова Лявона Юрэвіча, дзе аўтар расказвае пра гісторыю стварэння кнігі й аналізуе адметнасці менавіта тых некралогаў, што былі апублікаваныя ў беларускім эмігранцкім друку:
«...нэкралёгі — магчыма, найбольш чытаная сэкцыя ў газэтах, дзе ў кароткай форме, часам у дакладна вызначаных тэрмінах пералічваюцца каштоўнасьці, якасьці, якія грамада лічыць важнымі характарыстыкамі для апісаньня чалавечага жыцьця»; «галоўнымі тэмамі эміграцыйных нэкралёгаў былі: грамадзкая праца, патрыятызм (любоў да Бацькаўшчыны) і настальгія».

А вось што казаў шматгадовы рэдактар «Беларуса» Янка Запруднік, словы якога цытуе ў прадмове спадар Юрэвіч:
«Я глядзеў на газэту як на віртуальны могільнік. Нэкралёг быў свайго роду актам ушанаваньня нябожчыка, „адпускной граматай“ на той сьвет, пахавальным рытуалам і адначасна слоўным помнікам. „Карэспандэнты“ газэты пісалі нэкралёгі, як маглі й як умелі, безь ніякіх інструкцыяў, найчасьцей з памяці пра чалавека, зь якім прайшлі пэўную частку жыцьцёвага шляху».
Прадмова Лявона Юрэвіча (бліскуча напісаная і поўная трапных назіранняў) заканчваецца такім абзацам: «Пад гэтай вокладкай зьмешчаныя больш-менш адвольна выбраныя нэкралёгі, што публікаваліся цягам дзесяцігодзьдзяў у „Бацькаўшчыне“ й „Беларусе“ — як ведамых асобаў, гэтак і тых, па кім толькі й застаўся той запіс на газэтных бачынах. Яны шмат што могуць расказаць, трэба толькі іх правільна распытаць».
Фармулёўка «больш-менш адвольна выбраныя» адразу спарадзіла жаданне запытацца ва ўкладальнікаў пра крытэрыі адбору. Бо тэксты ў «Кнізе нэкралёгаў» надта ж розныя: ад насычаных цікавымі фактамі разгорнутых артыкулаў да кароткіх, у некалькі радкоў, паведамленняў пра смерць, якія насамрэч і некралогамі цяжка назваць. І вось што я пачула ў адказ на сваё пытанне ад Лявона Юрэвіча.
Аказваецца, укладальнікі нічога не адкідалі. Усе некралогі, якія былі знойдзеныя ў «Бацькаўшчыне» й «Беларусе», былі акуратна перадрукаваныя і ўвайшлі ў гэты том. А слова «выбраныя», як патлумачыў спадар Юрэвіч, ужытае «таму, што проста ня ўсе нумары трапілі, нешта абавязкова прапусьціў, прамінуў. Таму ўсе пабачаныя, заўважаныя — увайшлі. Нічога не адкідалася».
Такі падыход да ўкладаньня тэкстаў не можа не спадабацца сваёй аб’ектыўнасцю: ён стварае поўную і аб’ёмную карціну корпусу тэкстаў беларускіх некралогаў на базе дзвюх найбуйнейшых эмігранцкіх газетаў, і далей гэтыя тэксты можна колькі заўгодна аналізаваць і разглядаць праз самыя розныя лінзы: падзел на «сваіх» і «чужых», рэгламентацыя «каму колькі радкоў», ужыванне ў некралогах устойлівых фармулёвак або, наадварот, нетыповых эпітэтаў, адлюстраванне ў тэксце не толькі вобразу нябожчыка, але і асобы самога аўтара, некралогі як крыніца біяграфічных звестак і не вядомай раней інфармацыі, асаблівасці мовы беларусаў замежжа ў розныя часавыя перыяды і г. д і да т. п. Шырокае поле працы для будучых даследчыкаў!

Аднак не толькі аматарам гісторыі беларускай эміграцыі «Кніга нэкралёгаў» будзе цікавая. І ня толькі самім беларускім эмігрантам, іх сем’ям, сваякам, знаёмым — хаця й з пералічаных катэгорыяў ужо набярэцца немалая грамада людзей. Кнігу можна адрасаваць значна шырэйшай аўдыторыі, бо яна дае багаты матэрыял для роздуму на вечныя тэмы. Галоўнай з якіх, улічваючы фактуру, тут, натуральна, ёсць пераход ад быцця да небыцця.
Смерць забірае людзей раптоўна. Нават у выпадку, калі чалавек доўга хварэў ці быў у сталым веку, усё адно момант ягонага сыходу непазбежна выклікае шок у тых, хто застаеца па гэты бок, асабліва калі йдзецца пра страту блізкага чалавека ці сябра. Але менавіта сваякам ці сябрам найчасцей і даводзіцца пісаць некралог пра нябожчыка. І часам у гэтай сітуацыі з-пад пяра выходзяць нечаканыя словы, спароджаныя неспадзяванымі ўспамінамі.
«Што толькі ня ўспомніш!» — дзівуецца сам сабе адзін з аўтараў некралогаў, перачытаўшы напісанае і ўбачыўшы, што з памяці нейкім чынам выплыў даўні вечар у нью-ёркскім клубе, дзе яго вельмі ўразіла «танцам жывата» маладая беларуска, на смерць якой цяпер, праз шмат гадоў, яму давялося складаць успамін... І вось такія, без самацэнзурных скарачэнняў, тэксты атрымаліся, на мой погляд, самымі яркімі ў кнізе.
Кастусь Акула, напрыклад, пішучы некралог пра сябра маладосьці Міколу Арцюха, узгадаў першыя тыдні знаёмства з ім: «Наша супольнае падарожжа пачалося ў пачатку чырвеня 1944 г. у Менску. Мікола Арцюх, дзесьці з-пад Баранавіч, высокі ростам дзяцюк (ці тады яшчэ юнак) заўсёды йшоў у першай тройцы калёны толькі што арганізаванай школы Камандзераў Беларускай Краёвай Абароны. Побач зь ім — Касьцюкевіч і Кулага. Мне давялося, ідучы ў другой тройцы калёны, уважаць, каб катораму зь іх на пяткі не наступіць. Бывае-ж такое між рэкрутаў. І першыя словы песьні ў маршавай калёны нараджаліся „на чале“, значыцца, у Міколавым і маім голасе».
Гэты эпізод пры жаданні можна ўбачыць, як на відэа: беларускія юнакі, зусім яшчэ не спрактыкаваныя ў маршаванні, але поўныя імпэту, калонаю па трое крочаць нейкай менскай вуліцай; вось зычныя маладыя галасы ў галаве калоны завялі песню, і далей Акула нават піша, якую!
Такіх «жывых карцінак» у кнізе вельмі шмат. Аўтары многіх тэкстаў хацелі, каб памяць пра дарагіх ім людзей захавалася як найдаўжэй, і стараліся запісаць свае ўспаміны як мага больш дэталёва й ярка. Чытачы «Кнігі нэкралёгаў» знойдуць тут шмат тэкстаў, каштоўных не толькі тым, што ўтрымліваюць гістарычныя факты й звесткі, але й як выдатныя літаратурныя творы.

Не ўсе некралогі, аднак, пішуцца ў смутку й жалобе. На паваенны час прыпала пахаванне адыёзнай асобы, смерці якой зычылі мільёны людзей па ўсім свеце.
Некралог Сталіна ў нашыя дні чытаецца як вельмі актуальны тэкст: гісторыя паўтараецца, і сёння мы таксама жывем у чаканні смерці прынамсі некалькіх асобаў, якія прынеслі й дагэтуль нясуць чалавецтву незлічоную колькасць зла й пакутаў. Без сумневу, што дзесьці ўжо загадзя пішуцца некралогі, каб быць надрукаванымі ў першыя секунды пасля доўгачаканай навіны... І вось што ўражвае ў некралогу Сталіна: там зусім няма ні радасці, ні хаця б адчування палёгкі, што гэты кашмар нарэшце скончыўся. Ёсць толькі пякучая нянавісць: «Мы-ж, беларусы, якія ўжо звыш трыццацёх год зьяўляемся трагічнымі ахвярамі бальшавіцкай няволі, пасылаем табе, Сталін, на дарогу на той сьвет толькі нашае пракляцьце!».
Як я ўжо згадвала, тэксты ў «Кнізе нэкралёгаў» надзіва розныя. Рэдактары «Бацькаўшчыны» і «Беларуса» не вымагалі ад аўтараў трымацца нейкага стылю ці фармату (дзякуй ім за гэта!), і таму з некаторых некралогаў да нас прамаўляюць самі нябожчыкі. Тут можна сустрэць не толькі ўрыўкі з лістоў ці ўспамінаў чалавека, якому прысвечаны некралог, але часам і проста вымаўленыя ім калісьці словы, што глыбока запалі ў памяць аўтару і перадаюцца, трэба думаць, з максімальнай дакладнасцю. Паколькі гэтыя фрагменты гутарак наўрад ці былі раней занатаваныя, яны становяць сабой каштоўны падарунак блізкім нябожчыка. Гэта як нечакана знайсці даўно згубленую стужку з запісам дарагога голасу:
«Сяньня, калі апошняя бачына ягонага творчага й цялеснага жыцьця закрыта, ня мне ацэньваць Дзядзьку Юрку... Сам-жа ён ціраз казаў: «Фігуральна гаворачы, каб ацаніць, якая высокая ёсьць гара, трэба адыйсьціся ад яе на пэўную адлегласьць» (некралог Юркі Віцьбіча, аўтар Кастусь Акула).
Або: «Некалькі месяцаў перад сьмерцю, размаўляючы зь Мірановічам, пачуў я ад яго: «Ведаеце, каб добра маляваць пэйзаж, трэба ў ім жыць» (некралог Пётры Мірановіча, аўтар Валянцін Сельвясюк).
І яшчэ адзін яскравы ўрывак:
«Спадарыня Каханоўская, здавалася, была захопленая ўсімі і ўсім. Яна ніколі не паказвала пагарды да чаго-небудзь або каго-небудзь. Дык ня дзіва, што аднойчы адна зь ейных знаёмых не стрымалася, каб не запытацца ў яе, кажучы: «Яніна, павінна-ж быць нешта ці нехта ў Вашым жыцьці, чаго ці каго-б Вы не любілі; гэта-ж ненатуральна, каб жыць і ніяк ня бачыць адмоўнага!». Задумаўшыся на пару сэкундаў, заглыбіўшыся ў думкі й страціўшы на момант сьвятло ў вачох, яна наважана адказала: «Так, ёсьць!». Нецярпліва чакаючы адказу, суразмоўца запыталася: «Што гэта?». І яна сваім салодкім голасам панура адказала з уздыхам: «Камуністы!». (некралог Яніны Каханоўскай, аўтарка Яра Тумаш, пераклад з ангельскае Янкі Запрудніка).
Многія з некралогаў кнігі ўтрымліваюць даволі падрабязнае апісанне хаўтураў. Немагчыма не заўважыць, што паваенныя беларускія эмігранты стварылі свой уласны пахавальны рытуал, які, напрыклад, амаль абавязкова прадугледжваў выкананне песні «Сьпі пад курганам Герояў» (музыка Міколы Равенскага, словы Міхася Ганька). Вось жа, беларусы ўжо даўным-даўна маюць свой адметны пахавальны марш, прычым выдатны! Нічога не трэба выдумляць з нуля, варта толькі захаваць і працягваць. Дзякуй укладальнікам, што парупіліся ўключыць у кнігу першапачатковы тэкст гэтага пахавальнага гімну. А вось тут яго можна паслухаць у выкананні Вольнага хору:
Пералічваць вартасці «Кнігі нэкралёгаў» можна далей, але пакіну далейшыя адкрыцці чытачам. Аднак не магу не падзяліцца яшчэ адной каларытнай цытатай — з некралогу Аўгена Трусава, напісанага Міхасём Наўмовічам:
«Адыйшоў у вечнасьць муж, бацька, сябра, адданы беларускай супрацы патрыёт, паэта. Над гэтым апошнім словам трэба затрымацца. Ён пісаў і расказваў часам цікавыя рэчы.
Аднойчы расказваў, як ён сьніў, што пайшоў у пекла, каб пабачыць, як там у вялікіх катлох варацца ў смале душы грэшнікаў. У кажным катле былі душы іншых нацыянальнасьцяў. А беларускі кацёл быў пусты. Аказваецца, што ўсе беларусы, памагаючы адзін аднаму, вылезьлі з катла. Значыцца, талакою беларусы ўцякаюць зь пекла. Дык вось і ўсе мы, беларусы, калі возьмемся ахвярна за нашую дарагую справу, то таксама вылезем з бальшавіцкага пекла, — казаў ён».
Як той казаў, «і на гэтай аптымістычнай ноце...»

Кніга выйшла ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны» і ёсць выданнем нью-ёркскага Беларускага Інстытуту Навукі й Мастацтва. Навінку ўжо можна шукаць у незалежных кнігараспаўсюднікаў у Беластоку (і па Еўропе).
Віялета Кавалёва, Таронта, Канада
Адмыслова для Budzma.org