«Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» — унікальнае без перабольшання выданне, якое распавядае пра пахаванні, традыцыю помнікаў, эпітафій і сімволікі на іх. Таксама пра нашых землякоў, якіх лёс разлучыў у розныя гады з Беларуссю.
Вокладка даведніка «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце»
Аўтары альбома-даведніка — Наталля Гардзіенка і Лявон Юрэвіч, «волаты» даследавання спадчыны беларускай дыяспары. Кніга з’явілася ў серыі «Бібліятэка Бацькаўшчыны». Сам альбом амаль на 600 старонак, мае шмат ілюстрацый як саміх помнікаў, так і фота дзеячаў дыяспары, разам з іх кароткімі біяграмамі.
Ад Ігната Дамейкі да эмігрантаў 1990-х
Кніга стала вынікам даследаванняў, якія расцягнуліся больш як на чвэрць стагоддзя. Геаграфічна тут паказаныя пахаванні беларусаў у ЗША, Германіі, Аўстраліі, Бельгіі, Францыі, Італіі... Могілак у Польшчы, Украіне ці Літве тут няма — гэта асобная вялікая праца для будучых даследчыкаў.
Беларускія могілкі ў Лондане. Фота: Наталля Гардзіенка
Асноўны масіў — пахаванні беларускіх эмігрантаў хвалі 1944 года, якія апынуліся па той бок «жалезнай заслоны»: у ЗША, Вялікабрытаніі, Германіі ці Аўстраліі. Гэта быў першы ў гісторыі выпадак масавага выгнання беларусаў, якія памяталі пра сваё паходжанне і стараліся захаваць нацыянальную ідэнтычнасць. Адсюль не толькі подпісы па-беларуску на надмагіллях, але цэлыя сегменты для пахаванняў, якія беларусы «адваёўвалі» для сябе.
Беларускія могілкі ў Бельгіі. На першым плане — магіла ўдзельніка «Дванаццаткі» Янкі Жучкі. Фота: а. Іван Майсейчык
У кнізе ёсць пахаванні паўстанцаў 1830–1831 гадоў, мастакоў габрэйскага паходжання, звязаных з Беларуссю, або эмігрантаў з блізкіх нам 1990-х. Аўтары падышлі да справы рупліва: сярод краін у кнізе ёсць, напрыклад, Чылі, дзе вядомае пахаванне ўсяго аднаго нашага земляка — Ігната Дамейкі. Або Данія, дзе знайшла апошні прыстанак Прадслава Шыманец (сястра Івонкі Сурвілы), якая не пражыла нават поўныя два гадочкі — памерла ў 1945-м...
Помнік на магіле Прадславы Шыманец, памерлай дзіцёнкам у 1945-м у Даніі (з архіва Івонкі Сурвілы)
«...Хай сняцца Табе палескія бары і дубравы»
Можна сцвярджаць, што акурат у замежжы паўстала сама культура надмагілляў з беларускім нацыянальным акцэнтам. Нават у БССР, дзе беларуская мова не была пад забаронай, цяжка сабе ўявіць цэлы пласт магіл з беларускімі эпітафіямі (калі не браць пад увагу прадстаўнікоў творчай інтэлігенцыі).
Магіла беларускіх дзеячаў Аляксандра і Марыі Стагановічаў у ЗША. Фота: Алег Гардзіенка
Вось прыклад эпітафіі на помніку Варвары Грыцук у Аўстраліі:
«Радзілась на Беларусі — Палесьсе, пакінула ў глыбокім смутку сыноў Паўла, Аляксандра, нявестак, унукаў і праўнукаў. Хай Табе, дарагая Мама, сьняцца беларускія гоні і палескія лясы, хай лёгкай будзе аўстралійская зямелька, а Ты будзеш жыць вечна ў нашых сэрцах».
Або на магіле Паўла Гуза:
«...Хай сняцца Табе палескія бары і дубравы. Спі ў чужой зямлі аўстралійскай, патрыёт і змагар за Бацькаўшчыну. Вечная памяць».
У якасці дадатку да эпітафіі можна ўбачыць радкі: «Люблю наш край, старонку гэту...» ці нават: «Мне краёў чужых не трэба, як не варажы...». Магчыма, памерлыя любілі акурат гэтыя песні або — такім было пажаданне родных?.. У кожным разе, хаваючы блізкіх за тысячы кіламетраў ад Радзімы, людзі мелі патрэбу пазначыць сваё паходжанне.
Густоўнае надмагілле Аляксандра Надсана ў Лондане. Фота: Мікола Пачкаеў
Kriwitzki, Kuschner, Lapitzki...
Гартаючы старонкі кнігі, нібы пераносішся на сапраўдную экскурсію ў Мельбурн або Чыкага, дзе спяць беларусы. З некаторымі прозвішчамі не ўсё проста: вось магіла з англамоўным подпісам ALFRED RADZIUK-KADNIAK \ BYELORUSSIAN POET. А гэта — вядомы паэт Алесь Салавей, які пісаў вершы і друкаваўся ў «Новым шляху» на пачатку 1940-х у Менску.
Загадкі часам падкідваюць нават самі прозвішчы ў іншамоўнай транскрыпцыі. Калі з Kriwitzki, Kuschner, Lapitzki, Litarowich, Machniuk усё проста, то Kous, Scorc, Litiaho — адгукаюцца не адразу. А гэта: Коўш, Шчорс ды Ліцяга. Паэты і творчыя людзі, як правіла, пакідаюць па сабе загадкі нават на могілках: Сяргей Хмара пахаваны пад каменем з надпісам Ziniak. Апроч псеўданіма ён выкарыстоўваў і гэтую форму, на «З», хоць сапраўднае прозвішча — Сіняк.
Магіла беларускага дзеяча з Клецка Кастуся Новіка ў Чыкага, ЗША. Фота: архіў БІНіМ
Надмагіллі не заўжды маюць на сабе «Пагоню» ці вялікі праваслаўны крыж (не будзем забывацца, што тое пакаленне эмігрантаў гуртавалася акурат вакол парафіяў). Надмагілле можа быць — невялікім каменем, утопленым у зямлю. Як у Янкі Чарапука-Змагара. У іншых жа выпадках мы бачым сапраўдныя раскошныя фамільныя пахаванні на шмат асобаў, з надпісамі золатам па чорным мармуры!
Шыкоўнае надмагілле Паўла і Тэафіліі Гуз у Аўстраліі. Фота: Аляксей Язылец
Чаму прыхільнікі БНР і БЦР хавалі блізкіх асобна?..
Не будзем забывацца і на кароткія біяграмы ў кнізе. Вось пахаваны ў Лондане ў 1995-м Ян Дамінік. Чалавек працаваў у адміністрацыі ў Клецку ў гады вайны, быў змушаны бегчы, прайшоў праз лагеры DP. Пазней у Лондане паспяхова гандляваў нерухомасцю, афіцыйна не ўваходзіў у беларускія арганізацыі, але — быў побач. У 1993-м бясплатна перадаў амбасадзе Беларусі ў Лондане адзін са сваіх дамоў. Па смерці пакінуў 10 000 фунтаў для «Скарынаўкі».
Або — магіла Тамары Абрамавай-Тэадаровіч, прыёмнай Дачкі Надзеі Абрамавай (займалася беларускім моладзевым рухам у часе вайны). Тамару забілі невядомыя ў 1959 годзе... Што гэта было? Палітыка ці...? Разумеючы, наколькі актыўна савецкія спецслужбы дзейнічалі ў Мюнхене — магло быць па-рознаму... Магчыма, акурат дзеля такіх біяграмаў не самых публічных людзей з беларускай дыяспары ўжо ёсць сэнс пагартаць кнігу.
Цікава, што палітычныя канфлікты ўнутры дыяспары знайшлі адлюстраванне нават... за парогам смерці. Так, прыхільнікі канкуруючых Рады БНР і БЦР стараліся хаваць сваіх блізкіх асобна! Затое на Монтэ-Касіна побач ляжаць і беларусы, і палякі. Тут шмат і каталіцкіх, і праваслаўных крыжоў: пад імі спяць нашы землякі са Століншчыны, Ваўкавышчыны, Вілейшчыны, якія служылі стральцамі ці сапёрамі ў Арміі Андэрса.
Праваслаўны крыж на магіле сапёра Сяргея Балая з Паставаў, пахаванага на Монтэ-Касіна ў Італіі. Фота: Наталля Гардзіенка
Асобны падраздзел у кнізе прысвечаны помнікам, якія беларусы ўсталёўвалі на гонар значных падзеяў — 1000-годдзя хросту або на ўгодкі Слуцкага Збройнага Чыну.
Помнік змагарам за беларускую незалежнасць на могілках у Іст-Брансвіку, ЗША. Фота: Алег Гардзіенка
Ёсць помнікі, фундаваныя не арганізацыямі ці парафіямі, але прыватнымі асобамі. Як манумент у Сэнт-Ільгент (Германія), пастаўлены паэтам Юрыем Жывіцам з выявай «Пагоні» і надпісам: GEWIDMET DEN GEFALLEN BIELORUSSEN 1939–1945 — «Прысвечана загінулым у 1939–1945 беларусам».
Помнік беларусам, загінулым у 1939–1945 гадах, пастаўлены ў Германіі паэтам Юрыем Жывіцам. Фота: Аляксандр Адзінец
Замест пасляслоўя
Кнігу нельга назваць турыстычным гайдам па могілках выбітных беларускіх дзеячаў у замежжы (падобныя гайды можна складаць ужо паводле яе). Гэта хутчэй першая грунтоўная спроба сістэматызацыі матэрыялу па тэме. А яшчэ — напамін пра саму традыцыю пахаванняў «па-беларуску». Якая не склалася, на жаль, ані ў БССР, ані ў незалежнай Беларусі 1990-х.
Пахаванне — справа інтымная, але выснова напрошваецца сама сабой. За тысячы кіламетраў ад Радзімы нашы землякі ў выгнанні ўсё ж здолелі застацца самімі сабой: не толькі пры жыцці, але і пасля смерці.
Замовіць даведнік «Кніга могілак. Беларускія пахаванні ў свеце» можна на сайце інтэрнэт-бібліятэкі Камунікат па спасылцы.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org
Чытайце яшчэ:
«У лічаныя дні вырашыць, скласціся і паехаць». Параўноўваем паваенную і сённяшнюю эміграцыі разам з гісторыкам Наталляй Гардзіенка