Анансаваны выхад кнігі пра беларускую мову «Як гавораць беларусы»

Мінскае выдавецтва «Тэхналогія» падрыхтавала да друку навукова-папулярную кнігу «Як гавораць беларусы». Выданне прысвечана разгляду адметных рыс сучаснай беларускай літаратурнай мовы, характарыстыцы яе дыялектнай асновы, апісанню найбольш яркіх асаблівасцей гаворак Беларусі.

Jak havorać biełarusy

Амаль кожная старонка з тэкстам змяшчае QR-коды са спасылкамі на лінгвістычныя карты з «Дыялекталагічнага атласа беларускай мовы» і «Лексічнага атласа беларускіх народных гаворак», што надае кнізе інтэрактыўны характар. У якасці ілюстрацый выкарыстаны выявы архітэктурных славутасцей Беларусі, выкананыя ў арыгінальным і кідкім стылі.

Аўтарам кнігі з’яўляецца Вадзім Шклярык, былы супрацоўнік Інстытута мовазнаўства імя Якуба Коласа НАН Беларусі, кандыдат філалагічных навук. Вядомы таксама як аўтар серыі навукова-папулярных артыкулаў у рамках праекта «Мова: як гаворыць краіна» на сайце Onliner.by, сцэнарыст і прадзюсар дакументальнага фільма «Гаворкі Беларусі».

Jak havorać biełarusy

Ілюстрацыі для кнігі падрыхтавала прафесійная мастачка Надзея Леановіч. У беларускіх і замежных выставах удзельнічае з 2017 года, першая персанальная выстава адбылася ў Мінску ў 2020 годзе. Карціны мастачкі знаходзяцца ў прыватных калекцыях у Беларусі, Францыі, Эстоніі, Польшчы, Расіі, ЗША, ПАР і інш.