У фармаце аўдыякнігі выйшла кніга Аліны Нагорнай «Мова 404» — паведамляюць audiobooks.by.
«Мова 404» — гэта беларуская мова ў Беларусі. Паводле Канстытуцыі — дзяржаўная, але толькі на паперы. У Беларусі ёсць дыскрымінацыя па моўнай прыкмеце.
Каб вырашыць праблему, яе трэба ўбачыць, а першы крок да вырашэння любой праблемы — асэнсаванне. У аўдыякнізе сабраныя гісторыі беларусаў, якія сутыкнуліся з моўнай дыскрымінацыяй у розных сферах.
«Мова 404» — незвычайная аўдыякніга. У ёй сабраныя не толькі больш за сотню ўласных гісторый беларусаў і беларусак. Чытаюць гэтыя гісторыі таксама звычайныя беларусы і беларускі. З розных краін свету, розных узростаў. Запісвалі ў простых умовах: дома ці на працы, хтосьці на прафесійнай апаратуры, а часцей — на тэлефоне. Але ўсіх іх, і аўтараў і выканаўцаў, аб’ядноўвае неабыякавасць да роднай мовы і жаданне, каб яе стала больш у нашым жыцці.
У аўдыякнізе 127 гісторый і 101 голас.
Над праектам працавалі каманды audiobooks.by і Кніжны Воз.
Дзе можна паслухаць кнігу бясплатна глядзіце тут.