Кніга пра Мінск “Наш стары добры Вавілон”

У сваёй кнізе “Наш стары добры Вавілон”, першая прэзентацыя якой адбылася 14 мая ў Мінску, Міхаіл Валодзін між іншым прапануе метафару складання пазлу для тлумачэння панятку гісторыі, які тоесны ў пэўным сэнсе і панятку памяці. Кнігу сп. Валодзіна можна таксама параўнаць з такім стракатым “пазлам” (арыгінальнае мастацкае афармленне якога належыць Сяргею Стэльмашонку), выкладзеным з розных мінскіх гісторыек.

Цяжка прасачыць тую часавую мяжу, з якой аўтар пачаў фармаваць свой пазл. Аўтабіяграфічна для карэннага мінчаніна яна праходзіць, напэўна, праз усё свядомае жыццё, калі аўтар карпатліва, гісторыйка за гісторыйкай, збіраў гарадскія легенды, вусныя апавяданні, показкі. Гістарычную ж мяжу ў кнізе дакладна вызначыць яшчэ больш складана, бо яна не абмяжоўваецца выключна гісторыяй нашага горада. Мінск месцамі робіцца нават “вечным горадам” у смелай аўтарскай інтэрпрэтацыі, не кажучы ўжо пра Вавілон, вынесены ў назву кнігі. Самы ж смелы аўтарскі тэзіс – “Усе людзі – мінчане”.

“Пытаннечка”, “гісторыйка” – папулярныя словы сучаснай беларускай публіцыстыкі. Слова “гісторыйка” тлумачыць лёгкасць аўтарскага аповеду, жанравую нязмушанасць. Гарадскі фальклор стаў плёнам не адказнай журналісцкай працы, а цёплых пасядзелак у мінскіх кампаніях, рознаўзроставых і рознаградусных.

Вусны жанр не заўсёды прадугледжвае дакументальную верыфікацыю, хаця метады вуснай гісторыі на сённяшні дзень сур’ёзна ўспрымаюцца прафесійнымі гісторыкамі. Але аўтарскі наратыў на правах гарадской плёткі ці показкі можа быць шмат у чым недакладным, перабольшаным, нават, перавернутым з ног на галаву. На гэта звярталі ўвагу некаторыя выступоўцы падчас прэзентацыі. Паводле гэтага прынцыпу часамі і разгортваецца аповед, калі, напрыклад, помнік архітэктуры барока робіцца рэнесансным… Але гэта, зноў жа, праява не недакладнасці, а ўсё той жа нязмушанасці і лёгкасці аповеду. Што і казаць, двухмільённы горад з тысячагадовай гісторыяй як чыстага паветра прагне сваіх міфаў.

Часта гісторыйкі ад адной падрабязнасці вядуць да яшчэ больш дробнай нечаканай дэталі, якая здзіўляе і ўражвае, як, напрыклад, гісторыя са “сталінскім гузікам” на помніку, памеры якога цяжка ўявіць. Істотны момант кнігі сп. Валодзіна, які робіць яе інтэрактыўнай, палягае на тым, што кожную гісторыйку можна і перайначыць, і ўдакладніць, і працягнуць. Скажам, постаці вядомага паваеннага архітэктара Караля надаецца шмат увагі ў кнізе. Распаўсюджанае прозвішча, як і прозвішча Каралевіч, дарэчы. Дык вось, гісторыйка тычылася таго, як з супрацоўніка газеты “Знамя юности” па прозвішчы Каралевіч пажартавалі яго ж калегі, калі адправілі з рэдакцыйным заданнем узяць інтэрв’ю ў галоўнага архітэктара горада Караля. Можаце ўявіць, што інтэрв’ю не атрымалася, бо архітэктар палічыў журналіста несур’ёзным і занадта фамільярным, калі прадставіўся першым, назваўшы сваё прозвішча – Кароль, а журналіст у адказ усяго толькі назваў сваё прозвішча – Каралевіч.

Калі любая гісторыйка дапаўняецца падобным чынам, яна і атрымлівае зваротную сувязь чытачоў, слухачоў. Героі чарговай гісторыйкі пазнаюць сябе, як у гісторыі з фатографам Ліхтаровічам, які падчас аповеду прызнаўся, што гісторыйка была пра яго.

Аўтар кнігі кажа, што ёсць у Мінску, аказваецца, пабудовы (у множным ліку!), пра якія не тое што “складаць гісторыйкі, але і згадваць не хочацца”. Горад – гэта не толькі архітэктура, гэта перадусім людзі, зносіны паміж імі. Кніга Міхаіла Валодзіна выводзіць гэтых людзей на першы план, якім, імаверна, і не будуць помнікі, але яны будуць працягваць жыць у вуснай традыцыі мінчанаў. Кніга набліжае горад да яго жыхароў, вяртае гарадскую памяць, яго шматнацыянальнае аблічча. Нашмат істотнейшае ўяўленне пра горад у свядомасці людзей, што і можа забяспечыць пераемнасць гарадской культуры, а значыць, і будучыню гараджанам. Кніга выдатна выконвае гэтую місію, а аўтар абяцае яе працяг.

 

Ягор Сурскі