Кніга – твой сябар і дарадчык. “500-годнасць” у 31 гімназіі

 Як пішуцца вершы? Калі ўпершыню пачалі пісаць? Хто ваш любімы паэт? Чаму вершы пішуць не ўсе людзі, а рэдка хто? – шэраг пытанняў можна прадоўжыць, проста ўсе не прыгадаць, якімі засыпалі паэтэсу Веру Буланда пяцікласнікі гімн. №31 у час гутаркі, якая адбылася 21 верасня 2017 года.

Вельмі цікаўныя гэтыя пяціклашкі. Даўно заўважана, што гэта якраз той узрост, калі паэзіяй, музыкай і іншымі відамі мастацтва дзеці захапляюц-ца з асаблівай ахвотай і жаданнем. Менавіта ў гэтым узросце нараджаюцца часцей першыя арыгінальныя творы: ці то музычны, ці то паэтычны. І рука вядомага мастака прыгадвае сваю маленькую даланю, якая ўпершыню “запэцкала” асфальт вуглем, як у Айвазоўскага гэта было, або першыя артыстычныя спробы на школьнай сцэне набіралі смеласці. Вось і на гэтай сустрэчы дзеці не толькі слухалі сучасную паэзію з вуснаў спадарыні Буланда, але чыталі ім вядомыя творы са школьнай праграмы, распавядалі, што самі у нататніку сваім запісваюць першыя чатырохрадкоўі…

Спадарыня Вера пазнаёміла слухачоў са сваёй новай кнігай “Лагода”, падкрэсліўшы, што вельмі рада выхаду кнігі ў год 500-годдзя беларускага кнігадруку. Распавяла гісторыю жыцця і творчасці Францыска Скарыны, правяла цікавую віктарыну. Вера Аляксандраўна ў сваім выступе падкрэсліла, што кніга ў жыцці кожнага чалавека – добры сябра і дарадца.

На развітанне паэтэса прачытала наступныя радкі:

Як час на месцы не стаіць

І круціцца зямля ў скрусе,

Пакуль вы будзеце любіць,

Я ад сябе да вас вярнуся.

 

Каб толькі сонцу не астыць,

Я кожнай тканкаю малюся,

Пакуль вы будзеце любіць,

І я пад сонцам застануся.

 

Пакуль вы будзеце любіць,

Ад шчасця я не адракуся,

Бо як без вас на свеце жыць.

Вы пачакайце – я вярнуся.

 

Чытальнікам вершаў, актыўным удзельнікам размовы ад кампаніі “Будзьма беларусамі!” былі ўручаны падарункі: торбачкі, паштоўкі “Не маўчы па-беларуску”, плакаты “500-годнасць першадруку”.