У Беластоку пачаў працу кніжны кірмаш і літаратурны фестываль «На памежжы». Падзея прадоўжыцца тры дні, ад 19 да 21 красавіка, у праграме — звыш 20 запланаваных мерапрыемстваў: аўтограф-сесіі, прэзентацыі, конкурсы. Сёлета асобны стэнд таксама прадстаўляюць беларускія незалежныя выдавецтвы. Пагаварылі з выдаўцом Андрэем Янушкевічам пра ўражанні ад кірмаша, кнігі і выдавецкія планы. Спецыяльна для чытачоў Budzma.org спадар Андрэй зрабіў эксклюзіўны анонс кнігі ад двух знакамітых беларусаў.
Атмасфера на кніжным кірмажы
Беластоцкі кніжны кірмаш — маштабная гарадская падзея, якая штогод праводзіцца на буйнейшым стадыёне. Арганізатары прадстаўляюць фестываль наступным чынам:
«Наш кірмаш — гэта найбуйнейшае мерапрыемства літаратурнага характару ў паўночна-ўсходняй Польшчы. Гэта магчымасць прыняць удзел у аўтарскіх сустрэчах з вядомымі і паважанымі пісьменнікамі, пазнаёміцца з прапановай некалькіх дзясяткаў выдавецтваў з усёй краіны і набыць кнігі розных жанраў, сярод якіх: мастацкая, публіцыстычная, крымінальная, дзіцячая і юнацкая, навукова-папулярная і мастацкая літаратура.
Сёлета ў афіцыйным спісе ўдзельнікаў прадстаўлена 81 выдавецтва, сярод якіх — і стэнд незалежных беларускіх выдавецтваў. Ужо ў першы дзень унутры поўна наведвальнікаў.
Стэнд з дзіцячымі кнігамі
Чарговы год кірмаш зноў здзіўляе разнастайнасцю і каляровасцю, асобнае задавальненне — разглядаць вокладкі. Вялізны выбар дзіцячай літаратуры і моладзевай.
Kicia Kocia — папулярны герой з дзіцячых кніг
Вельмі шырока прадстаўлены ўсемагчымыя віды настольных гульняў, ёсць спецыяльныя пляцоўкі са столікамі, дзе можна не толькі адпачыць, але й пратэставаць набыткі.
Настольныя гульні на кірмашы
Ці ёсць месца беларускім выдавецтвам на польскім кніжным кірмашы?
Сваім меркаваннем падзяліўся беларус з Падляшша, Міхал Іванюк. Ён прыйшоў на кірмаш з бацькам:
— Добра, што такі кірмаш ёсць, напэўна, гэта адно з буйнейшых мерапрыемстваў у Беластоку і Падляшшы. Файна што прыходзяць і дзеці, і падлеткі, нават са школ. Думаю, што павінна быць больш выдавецтваў не толькі беларускамоўных, але і ўсіх культур, якія ёсць тут, на Падляшшы, каб кожны змог знайсці нешта для сябе. Бо ёсць моладзевыя выдавецтвы, для дарослых — самыя неверагодныя варыянты. Мне цікава і як для беларуса з Падляшша, так і ўвогуле. Я думаю, што гэта файна, і трэба гэта падтрымліваць — выдавецтвы як па-беларуску, так і па-украінску, так і па-літоўску. Гэта важна, каб былі выдавецтвы, звязаныя з іншымі культурамі.
Кніжны кірмаш у Беластоку
Калі казаць пра польскія выданні, то тут, напэўна, прадстаўлены сапраўды ўсе формы і жанры — ад сеймавай літаратуры, да сучаснай, рэлігійнай і нават ізатэрычнай. Збольшага прозвішчы на водладках выглядаюць незнаёмымі, але прыемна было ўбачыць літаратуру з Падляшша, асабліва — папулярную новую кнігу Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша».
Стэнд з кнігай Анэты Прымакі-Онішк «Камяні мусілі паляцець. Сцёртае мінулае Падляшша»
Беларускі друк размясціўся на першым паверсе, каб знайсці — трэба падняцца па адной з лесвіц (над ёй вісіць адпаведны ўказальнік).
Указальнік да стэндаў з беларускімі кнігамі
Сёлета незалежныя выдавецтвы прадстаўляе кнігарня «Кнігаўка» разам з фондам Kamunikat.org. Беларускі стэнд знаходзіцца на тэрыторыі «Арт-зоны» (Strefa Sztuki), якую ладзіць Падляшскі аўкцыённы дом. Арт-зона з’явілася на кірмашы ўпершыню, там можна пазнаёміцца з працамі мастакоў, звязаных з Падляшшам.
Андрэй Янушкевіч
Пра кірмаш, кнігі і эксклюзіўны анонс ад Андрэя Янушкевіча
Год таму выдавец Андрэй Янушкевіч таксама быў сярод арганізатараў і ўдзельнікаў 10 кніжнага кірмаша і таксама дзяліўся ўражаннямі, таму гэтым разам найперш спыталі што змянілася за апошні год:
— Гэты год быў сапраўды даволі насычаны, і выпуск новых кніг, і нейкія праекты — як запуск кнігарні. Можна сказаць, што сапраўды ў лютым гэтага года ў нас пачаўся новы этап дзейнасці, я спадзяюся, што ў плане распаўсюду беларускай кнігі мы станем яшчэ бліжэйшымі да чытача, да аўдыторыі. Я заўважыў ужо за два месяцы існавання кнігаўкі ў Варшаве, што вельмі шмат новых людзей прыходзіць. Не тая адданая нам ужо аўдыторыя, якая нас ведала, якая да нас мэтанакіравана прыходзіць купляць кнігі, а шмат беларусаў, якія даведаліся толькі што, проста праходзілі міма. Гэта радасны факт, што ёсць куды зайсці і паглядзець на беларускія кнігі, штосьці набыць.
Беларускія кнігі на кірмашы ў Беластоку
Пра кнігі:
— У чытача павінен быць выбар. Не павінен чытач купляць кнігі таму, што яны выдадзены па-беларуску. Мы павінны зрабіць такі выбар выданняў, каб задаволіць густы любога, нават самыя прывярэдлівыя. Калі гэта задача будзе выкананыя — цяжка сказаць, але мы маем перад сабой прыклад польскага рынку, польскіх выдавецтваў, які сапраўды насычанымі рознымі выданнямі.
Кніжны кірмаш у Беластоку
Пра кірмаш:
— Тры дні адбываецца ў Беластоку, пятніца, суботу, нядзеля, уваход бясплатны. Так што завітвайце да нас на першы паверх, ну і вось нас знойдзеце сярод прыгожых твораў выяўленчага мастацтва. У гэтым годзе ў такім крышку абрэзаным фармаце мы працуем.
Беларускія кнігі на кніжным кірмашы
Пра планы на літаратуру:
— Шчыра кажучы нейкага вялікага стратэгічнага планавання няма, такія аб’ектыўныя абставіны. Безумоўна, будуць з’яўляцца новыя кнігі, але вельмі важна выйсці на стабільны рост — каб ты сапраўды меў доўгі выдавецкі парфель, каб кнігі выдаваліся не таму, што дзесьці знайшоў фінансаванне, а каб гэта быў механізм, які працуе стабільна і не спыняецца. Толькі тады пачне фарміраванне паўнавартасны кніжны рынак. Мы разумеем, што акрамя выдання кніжак яшчэ важна іх прадаць, падаць чытачу.
Кніга «Бел-Чырвона-Белы»
Пра кнігу «Бел-Чырвона-Белы»
— Мяне вельмі радуюць тэмпы, як распаўсюджваецца гэтая кніга. За некалькі тыдняў прадаць палову наклада — для навуковай кніжкі гэта сапраўды поспех.
Гэта кніга напісана навукоўцамі, гэта не нейкая там «адсебяціна», што называецца, і нарэшце мы маем рэальную гісторыю нацыянальнага сцяга.
Магчыма, з нейкімі высновамі можна не пагаджацца, бо вы дзесьці чулі іншыя версіі, але так ці інакш гэта заснавана на фактах, дакументальных матэрыялах. Гэта ўсё толькі павялічвае вартасць гэтага выдання. Мы пачыналі рэкламную кампанію гэтай кнігі з выслоўя «Беларусы чакалі гэтую кнігу 30 гадоў». І насамрэч гэта цвёрдае, фундаментальнае абгрунтаванне, чаму ў беларусаў на сённяшні момант няма альтэрнатывы, наш сцяг можа быць толькі бел-чырвона-белы. За ім вялікая гісторыя і цікавыя факты.
Адзін са стэндаў на кірмашы
Эксклюзіў спецыяльна для «Будзьма»:
— Зусім хутка — гэта справа пары тыдняў — выйдзе новая кніга Альгерда Бахарэвіча. Гэта будзе прыгодніцкая аповесць, лёгкае, але ў той жа час сур’ёзнае чытво. Назва — «Капітан Лятучая Рыба». І — таксама ў якасці эксклюзіву — кніга будзе з ілюстрацыямі, і гэтыя ілюстрацыі стварыў усім вядомы Лявон Вольскі. Гэта будзе кніга ад двух знакамітых беларусаў. Цікавая чытанка і адначасова візуальнае задавальненне.
Беларускія кнігі на кніжным кірмашы
Ужо ў суботу арганізатары сардэчна запрашаюць на аўтограф сесію.
З 11 да 12 Алесь Аркуш будзе падпісваць сваю кнігу "Вечар - як сон, у якім шмат агнёў".
Ад 12 да 13 гадзін можна будзе ўжывую сустрэцца з Валянцінай Аксак і Уладзімірам Арловым, набыць іх кнігі і атрымаць аўтограф.
Стэнды на кніжным кірмашы ў Беластоку
Кніжны кірмаш праходзіць на гарадскім стадыёне (вул. Słoneczna 1). Уваход вольны. Беларускі стэнд знаходзіцца на 1 паверсе (ёсць адмысловая шыльдачка над лесвіцай), там жа — і мастацкія працы з галерэі Monchart.
Графік працы:
— 19.04.2024 (пятніца) — 10:00-18:30
— 20.04.2024 (субота) — 10:00-18:30
— 21.04.2024 (нядзеля) — 10:00-16:00