Князь Мацей Радзівіл: «Спадзяюся, паеду ў свабодную Беларусь»

Пра будучыню Беларусі, вайну ва Украіне, спадчыну роду Радзівілаў DW паразмаўляла з польскім арыстакратам, мецэнатам і прадпрымальнікам, князем Мацеем Мікалаем Радзівілам.



Князь Мацей Мікалай Радзівіл. Крыніца: DW

«Цяпер можа быць нават небяспечна падарожнічаць у Беларусь, але я спадзяюся, што паеду зноў у свабодную Беларусь, – гаворыць князь Мацей Мікалай Радзівіл. – Для мяне гэта вельмі важная краіна. Калі я падарожнічаю ў Нясвіж – замак, касцёл, пад касцёлам крыпта, там астанкі больш чым сямідзесяці Радзівілаў – там маё сэрца працуе вельмі хутка».

Мы сустракаемся ў кавярні ў цэнтры Варшавы, недалёка – Прэзідэнцкі палац, які некалі належаў Радзівілам, і музей Вольнай Беларусі, якому князь Мацей, паводле яго слоў, крыху дапамагае.


Прэзідэнцкі палац у Варшаве некалі належаў Радзівілам. Крыніца: DW

Пасля вайны Радзівілы сталі «класавымі ворагамі»

Мацей Мікалай Радзівіл – прадстаўнік княжацкага роду Радзівілаў герба «Трубы». Ён належыць да Шыдлавецкай галіны Радзівілаў. Гэта назва паходзіць ад назвы маёнтка Шыдлавец (у цяперашнім Мазавецкім ваяводстве Польшчы. – Рэд.), які ў XVI стагоддзі належаў жонцы Мікалая Радзівіла Чорнага Эльжбеце Шыдлавецкай. Пазней прадстаўнікі гэтай лініі таксама валодалі маёнткамі на тэрыторыі сучасных Літвы і Беларусі.

«У нас быў маёнтак Паланечка (цяпер вёска ў Брэсцкай вобласці. – Рэд.). Там жыў яшчэ мой прадзед, а потым яго атрымаў мой дзядзька, які жыў там да Другой сусветнай вайны», – распавядае Мацей Радзівіл.

Пасля вайны Радзівілы сталі «класавымі ворагамі». Князь Мацей кажа, што людзям з пакалення яго бацькоў было цяжка паступіць ва ўніверсітэт, атрымаць добрую працу, хаця «польскі камунізм не быў такім страшным, як у Савецкім Саюзе», дзе яго сваякоў арыштоўвалі, «пазбаўлялі ўсяго і нават жыцці».

Бацька Мацея Радзівіла працаваў на гуце, сям'я жыла ў звычайнай кватэры ў доме для працоўных.

«Я быў вельмі шчаслівы, што мая сямʼя жыла з бабуляй, якая была вельмі важнай жанчынай у арыстакратыі, я ведаў шмат людзей з розных семʼяў. Калі я быў хлопчыкам, я слухаў усе гэтыя гісторыі, як яны жылі ў той час. Сапегі, Чартарыйскія, іншыя арыстакратычныя семʼі заўсёды былі разам», – успамінае суразмоўца.

Дарэчы, жонка князя Мацея таксама належыць да роду Радзівілаў, яна з Нясвіжскай і Алыцкай (ад назвы замка ў Алыку, зараз Валынская вобласць Украіны. – Рэд.) лініі.

Усяго ў свеце каля дзвюх тысяч прадстаўнікоў роду Радзівілаў – 25-30 сем'яў, якія жывуць у Польшчы, Вялікабрытаніі, ЗША.


Нясвіжскі замак некалькі стагоддзяў быў рэзідэнцыяй Радзівілаў. Крыніца: DW

Першы Радзівіл, які паехаў у Беларусь

Князь Мацей называе сябе «першым Радзівілам, які паехаў у Беларусь». Гэта было напрыканцы 1980-х. Ён пабываў у Нясвіжскім замку, калі там яшчэ размяшчаўся санаторый Міністэрства сельскай гаспадаркі. Пасля Мацей Радзівіл бываў у Нясвіжы шмат разоў.

Калі пачалася рэканструкцыя замка, прыязджаў туды са сваёй цёткай Эльжбетай Тамашэўскай: «Яна была апошняй жанчынай, для якой замак у Нясвіжы быў домам. Калі я хадзіў з ёй па замку, ён зноў пачаў жыць». Эльжбета Тамашэўская ведала беларускую мову і падчас аднаго з візітаў нават пацікавілася, чаму з ёй размаўляюць па-руску.

Пасля заканчэння рэканструкцыі Нясвіжскага замка ў 2012 годзе князь Мацей Радзівіл сустракаўся з Аляксандрам Лукашэнкам. «Тады яшчэ не было так шмат палітычных вязняў. Хоць (Лукашэнка. – Рэд.) гэта не мой герой, трэба сказаць, што ён усё ж такі зрабіў рэканструкцыю замкаў у Нясвіжы і Міры», – кажа князь Радзівіл.

Але зараз, паводле яго слоў, Беларусь у некаторым сэнсе нават у горшым становішчы, чым Украіна: «Украіна, можа быць, страціць Крым, Данбас, але захоўвае незалежнасць, дэмакратыю і сцвярджае сваю культуру. У вас ёсць небяспека, што вы страціце ўсё, без вайны вы можаце страціць вашу дзяржаву, вашу культуру, вашу спадчыну», – не выключае Мацей Радзівіл.

«У Польшчы многія разумеюць сітуацыю ў Беларусі»

У 1980-я гады князь Мацей удзельнічаў у барацьбе з камунізмам у Польшчы, у 1986 годзе нават быў на кароткі тэрмін арыштаваны. «Калі я быў маладым чалавекам, я дзесяць гадоў страціў у барацьбе з камунізмам, каб гэтая краіна была свабоднай. Нам дапамагалі брацкія людзі з Захаду, зараз наша чарга вам дапамагаць, каб вы атрымалі свабодную краіну, дэмакратыю, каб вы вырашылі, што вы хочаце».

На думку Мацея Радзівіла, беларусам трэба «чакаць нейкія змены ў Маскве», калі «можна пачаць сапраўдную барацьбу за дэмакратычную, вольную Беларусь». Але таксама ён лічыць важным, каб Польшча, розныя польскія падмуркі і арганізацыі «падтрымалі беларусаў, якія знаходзяцца ў Варшаве», каб тыя «былі гатовы, калі зноў будзе добры гістарычны момант», каб «Беларусь стала дэмакратычнай краінай».

Суразмоўца мяркуе, што ў Польшчы шмат хто разумее сітуацыю ў Беларусі, але ў цэлым беларускай апазіцыі нялёгка змяніць стаўленне да Беларусі ў палітычных эліт у Еўропе і ЗША.

«Больш грошай зараз ідзе на дапамогу Украіне, я таксама актыўна дапамагаю. Мой фонд арганізуе шмат гуманітарнай дапамогі Ўкраіне. Мы таксама запрашаем у Польшчу дзяцей і жанчын, якія страцілі сваіх бацькоў і мужоў. Але, перш за ўсё, мы дапамагаем некалькім арганізацыям, а таксама вёскам, дзе шмат бежанцаў з усходняй Украіны», – распавядае Мацей Радзівіл. Паводле яго слоў, у некаторых вёсках у Заходняй Украіне больш за 10-15% насельніцтва – бежанцы з усходу.


«У нас была такая надзея, як у вас тры гады таму»

Таксама фонд падтрымлівае гуманітарныя арганізацыі, звязаным з украінскім войскам: нядаўна купілі спецыяльны аўтамабіль для транспарціроўкі загінуўшых салдат. Князь Мацей кажа, што звычайна ніхто не жадае рабіць такія «падарункі».

«А я бачу, як для іх важна, каб іх героі былі пахаваны як героі. Важна падтрымліваць кантакты з украінцамі, таму што яны таксама змагаюцца за нас», – адзначае суразмоўца, які з пачатку поўнамаштабнай вайны пабываў ва Украіне больш за 5 разоў.

Мацей Радзівіл таксама шчыра захапляецца беларускімі добраахвотнікамі, якія змагаюцца на баку Украіны, хоць асабіста ні з кім з іх не знаёмы: «Для мяне гэта сапраўдныя героі, людзі, якія разумеюць, якія, што сказаў Касцюшка: за нашу і вашу вольнасць».

Вяртаючыся да сітуацыі ў Беларусі, князь Радзівіл зазначае, што ён «усё ж аптыміст». І ўспамінае, як яго бабуля і іншыя сваякі казалі, што «Сталін, Брэжнеў – гэта ўсё скончыцца», трэба пачакаць.

Паводле яго слоў, у 1980-я гады «ў Польшчы ўсе былі вельмі сумныя, таму што ў нас была такая надзея, як у вас тры гады таму, і потым усё скончылася».

«Я быў маладым чалавекам, хацеў нешта развіваць, друкаваў кнігі. Памятаю, прафесар сказаў мне: «Што ты хочаш рабіць?» – «Я хачу змагацца супраць камуністаў». Ён сказаў: «Калі ты будзеш змагацца за незалежнасць Польшчы, можа, вывучыш замежныя мовы?» – успамінае Мацей Радзівіл. – Усе людзі, якія супраць рэжыму Лукашэнкі, не павінны страціць энергію, каб потым прыгатуецца, бо пасля буры прыходзіць сонца».