Літаратар Коля Суліма, у якога выходзіць кніга «Веласіпедная вуліца, 51» распавёў у інтэрв’ю budzma.org пра вяртанне ў Беларусь пасля працяглага жыцця ў ЗША, непаразуменні з веласіпедыстамі ў Берліне і нямецкі культурны парадокс у адносінах да нашай краіны.
— Чаму вы вырашылі напісаць кнігу сваіх гісторый пра Берлін?
— Кніга ўзнікла сама па сабе. Я пачынаў яе ў форме пастоў у Фэйсбуку і нататак, у якіх апісваў, што адбываецца са мною і маёю сям’ёй пасля пераезду ў Берлін. А праз некалькі гадоў мне напісаў Павал Анціпаў, з якім мы знаёмыя з сярэдзіны 2000-х, калі я займаўся паэтычнымі фестывалямі ў Мінску. Цяпер у яго выдавецтва «Мяне няма», і Павал сказаў, што бачыць у маіх нататках кнігу. Я, натуральна, пагадзіўся. Даўно хацеў выдаць кнігу, але паколькі я чалавек лянівы, то, напэўна, ніколі б і не сабраўся, калі б мне не напісаў Паша.
У кнізе, якая пачынаецца з дня 24 лютага 2022 года, калі мы знаходзіліся ў Кіеве, сабраныя гісторыі нашай эміграцыі ў Берліне — вясёлыя і не вельмі, гратэскныя і абсурдныя. У гэтых гісторыях можна знайсці, як адбывалася эвалюцыя чалавека, што быў вымушаны з’ехаць з адной краіны ў іншую, куды першапачаткова ўвогуле не збіраўся.
Перадзамовіць кнігу можна тут.
— Распавядзіце, калі ласка, якім было вашае жыццё да Берліна.
— У прадмове да кнігі я напісаў, што лічу сябе прафесарам эміграцыі. Я заслужаны эмігрант. У 2008-м з’ехаў з Беларусі ў ЗША. Сем гадоў жыў у Каліфорніі. Там пачаў пісаць замест вершаў прозу — апавяданні, нататкі. Пасля дайшоў да публіцыстыкі: сябры з Расіі прапанавалі пісаць у анлайн-часопісы, тады гэта было папулярна. Я хутка зразумеў, што ў мяне вагон матэрыялу, кінуў ранейшую працу і перайшоў у фрыланс. З сямі гадоў майго амерыканскага жыцця тры гады я жыў за кошт гэтага.
Аднак жыць у такім дарагім штаце як Каліфорнія ўсё ж было няпроста. Я вырашыў на нейкі час вярнуцца ў Беларусь: думаў, адпачну ад беднага фрылансерскага жыцця ў Штатах і вярнуся назад. Аднак пасля амерыканскай эпапеі я пражыў у Беларусі яшчэ пяць гадоў.
Пасля таго, як беларуская рэвалюцыя ў 2020 годзе прайграла, я праз нейкі час зразумеў, што больш заставацца ў краіне не магу. Перш за ўсё, па прычыне маёй нізкай талерантнасці да гвалту. Я не магу пераносіць сітуацыю, калі на вуліцы ў цябе могуць праверыць тэлефон, залезці ў заплечнік ці затрымаць. Я такіх рэчаў не выношу.
Калі зразумеў, што Беларусь ператвараецца ў тэрыторыю гвалту, дзе з табою могуць зрабіць што заўгодна, пачаў збірацца на выхад. Натуральна, прымаў гэтае рашэнне разам са сваёй дзяўчынай Машай. Яна, дарэчы, паўнапраўны герой і персанаж кнігі.
Праўда, я рашыўся на пераезд ва Украіну толькі на трэці раз. Мае сябры-студэнты (выкладаў ім англійскую анлайн) дапамаглі нам з рэлакацыяй, дакументамі, працай і астатнім. Таму пераезд нам даўся даволі лёгка. Заключылі працоўныя кантракты, атрымалі ВНЖ. Нюанс быў у тым, што мы пераехалі ў Кіеў у снежні 2021 года.
Таму пажыць мы паспелі там толькі два месяцы. Я называю гэта fuking story in my life. Такія рэчы адбываюцца са мною рэгулярна. Гэта адначасова і абсурдна, і смешна, і гратэскна. Некалькі гадоў я збіраўся пераехаць у Кіеў, а як толькі пераехаў, пачалася вайна. Я як Агасфер, Вечны жыд, не уседжваюся на адным месцы.
— Чаму з Кіева перабраліся ў Берлін?
— Мой добры сябар прапанаваў пажыць у яго пустой кватэры ў Берліне шэсць тыдняў: з-за гэтага, уласна, і вырашылі спыніцца ў Германіі, дзе мы атрымалі статус уцекачоў. Так што можна сказаць, што рашэнне прымалі не мы, усё адбылося даволі спантанна. Праз нейкі час мы зразумелі, што нам падабаецца жыць у Берліне, што нам у гэтым горадзе камфортна.
— У кнізе распавесці вам было што: за тры гады ў Берліне вы паспелі змяніць сем раёнаў горада і сем арэндных кватэр.
— Так, цяперашняя нашая кватэра ўжо сёмая. Калі мы пачалі яе шукаць, то шукалі ў якасці сацыяльнага жылля, якое змогуць аплачваць гарадскія ўлады: тады ў нас не было ні зберажэнняў, ні працы, мы жылі на нямецкую выплату для беспрацоўных, якую атрымліваюць уцекачы.
14 месяцаў у нас пайшло на тое, каб знайсці гэтую кватэру: заехалі ў яе ў чэрвені мінулага году. І дзесьці праз 5-6 месяцаў мая дзяўчына Маша, а затым і я знайшлі працу. Адпаведна мы сталі плаціць за кватэру самі. Мне здаецца, гэта вынік накопленых высілкаў: калі нечага жадаеш, траціш час і энергію, каб дабіцца гэтага, то ў рэшце рэшт атрымліваеш вынік.
Цяпер мы самі здзіўляемся, як так атрымалася, што мы знайшлі кватэру ў самым цэнтры Берліна — непадалёк ад музейнага вострава, Фрыдрыхштрасэ. Людзі, якія цікавяцца, дзе мы жывем, таксама дзівяцца гэтаму факту. Але праўда ў тым, што мы спецыяльна не шукалі жытло ў самым цэнтры Берліна, так атрымалася.
— Назва кнігі («Веласіпедная, 51») звязана з вашай цяперашняй кватэрай?
— Так. Увогуле ў назве сышлося шмат сімвалічнага. Мне 51 год, нумар майго дома — 51. І ў Пашы Анціпава нарадзілася выдатная ідэя прадаваць маю кнігу за 51 злоты. Па-мойму, гэта вельмі прышпільна.
Дарэчы, вуліца, на якой мы жывем, насамрэч называецца па-іншаму, але па сутнасці яна веласіпедная: на ёй прыярытэтнае права для руху маюць веласіпедысты.
Увогуле веласіпедысты адчуваюць сябе ў Берліне вельмі свабодна — я нават сказаў бы, нахабна. Яны ведаюць, што ў іх даволі шмат правоў, таму трошачкі пачынаюць іх, што называецца, абузіць (злоўжываць). Сітуацыя, калі на цябе крычыць веласіпедыст, даволі звычайная для Берліна. Ён не будзе зніжаць хуткасць, каб прапусціць цябе, гэта ты павінен, на яго погляд, прапусціць яго.
— Пра пераезд з цяперашняй кватэры вы ўжо не думаеце?
— Чалавек, які знайшоў кватэру ў Берліне, — гэта чалавек, які сарваў куш. У горадзе шмат працы, але ў ім вялікі дэфіцыт жылля. Таму не, мы не збіраемся адсюль пераязджаць (усміхаецца — budzma.org).
— Чым вы зарабляеце ў Берліне?
— Я па адукацыі эканаміст. Калі з’ехаў у ЗША, працаваў бухгалтарам, пасля на 10 гадоў сышоў ва фрыланс: пісаў тэксты і выкладаў англійскую. У Берліне даволі хутка стала зразумела, што журналістыкай і выкладаннем я зарабляць у якасці фрылансера не магу, бо нямецкія ўлады зацікаўлены ў падаткаплацельшчыках.
Таму я знайшоў працу бухгалтарам у вялікай міжнароднай фірме, зноў жа ў міжнародным аддзеле, дзе не патрабуецца нямецкая (хаця ў мяне ўзровень B1).
— Як у Берліне адносяцца да беларусаў? Увогуле ці распазнаюць іх сярод іншых?
— У гэтым пытанні ў Германіі існуе культурны парадокс. Частка людзей ведае нас толькі як Weißrussland, яны ўвогуле не ведаюць слова Belarus. Калі ты кажаш ім, што ты з Беларусі, яны перапытваюць: адкуль? То-бок частка жыхароў Германіі не ведае, што ёсць Беларусь і Белоруссия і што яны адрозніваюцца. Нават у Берліне частка людзей уяўляе нашу краіну як нейкую савецкую тэрыторыю.
Аднак ёсць і тыя, якія чулі ці чыталі пра наш культурны кантэкст, пра рэвалюцыю 2020 года. З імі кантактаваць, натуральна, нашмат прыемней.
А так у Берліне да ўсіх адносяцца роўна, гэта эмігранцкі і талерантны горад. Тое, што ты беларус, ніяк не адрознівае цябе, напрыклад, ад турка. Ты такі ж берлінец, як астатнія, ніхто на цябе не касавурыцца. Складанасці носяць у асноўным побытавы характар, яны не звязаныя з успрыманнем, ксенафобіяй.
Кнігу Колі Сулімы «Веласіпедная вуліца, 51» можна перадзамовіць тут.
Фота з архіва Колі Сулімы
Антон Навумчык, budzma.org