Конкурс канцэптуальных мастацкіх ідэй для пакаленьня Y ад галерэі «Ў»

Конкурс-пошук маладых мастакоў, якія ня ўмеюць маляваць, але маюць «разумныя» ідэі, упершыню арганізаваны ў Беларусі. Галерэя «Ў» сабрала вядомых беларускіх дызайнэраў і інтэлектуалаў, каб ацаніць усіх, хто мае ідэі, што патрабуюць рэалізацыі ў тым ліку праз новыя мэдыя. Галоўны прыз — магчымасьць вучыцца ў працэсе і правесьці ўласную выставу ў галерэі.

«Мы шукаем любых людзей, нават тых, хто не атрымаў мастацкую адукацыю. Вопыт не істотны», — падкрэсьлівае куратар конкурсу smart art, арт-актывіст Сяргей Шабохін. Галоўнае — ідэя. Ва ўдзельніка конкурсу можа ня быць нават навыкаў працы з новымі тэхналёгіямі.

Па словах арганізатараў конкурсу, smart art будзе супрацьстаяць «засільлю акадэмічнай формы мастацтва», што цяпер дамінуе ў Беларусі:

«Акцэнт робіцца перш за ўсё на форме. Гэта бачна па альбомах, якія выпускае Саюз мастакоў. Такая культурная палітыка нашай краіны», — кажа Сяргей Шабохін.

А вось акцэнт, які зьбіраюцца пазначыць прасунутыя мастацтвазнаўцы і інтэлектуалы з асяродку галерэі (у склад журы конкурсу ўвайшлі такія вядомыя фігуры, як Уладзімір Цэсьлер, Руслан Вашкевіч, Вольга Шпарага) — гэта «разумнае, канцэптуальнае мастацтва» на базе новых мэдыя: аўдыёарт, відаэарт, пэрформанс і іншыя падобныя схемы і падыходы.

чытаць далей