Распачаўся прыём заявак на дзіцячы конкурс птушыных малюнкаў «Які мой дом?»

05.04.2021 Конкурсы

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) абвяшчае конкурс дзіцячых малюнкаў «Які мой дом?» у межах міжнароднай кампаніі «Жывая вясна». Да ўдзелу запрашаюцца дзеці да 16 гадоў.


птушкі.jpg

Кожны год птушкі вяртаюцца з зімоўкі, каб загнездавацца і вывесці птушанят. Хтосьці будуе новае гняздо, хтосьці вяртаецца ў старое і робіць рамонт, а хтосьці займае гняздоўі, зробленыя чалавекам. Праз некаторы час у птушыным доме робіцца больш цесна, бо з’яўляюцца новыя члены сям’і — маленькія птушаняты.

Дзецям прапаноўваюць намаляваць гняздо любой беларускай птушкі з яго насельнікамі: гаспадаром гнязда або цэлай птушынай сям’ёй.

— Звярніце ўвагу на дрэвы побач са сваім домам: магчыма, там поўным ходам птушка будуе ці ўжо пабудавала сваё гняздо, — раіць спецыялістка АПБ Анастасія Пярко. — Не прапусціце шанец паназіраць за сваімі суседзямі і пакажыце гэта ў сваіх працах.

Фота або скан малюнка трэба даслаць на паштовую скрыню springalive@ptushki.org з пазнакай «Які мой дом?» да 15 траўня 2021 года ўключна. Не забудзьцеся пазначыць прозвішча і імя, узрост аўтара, а таксама настаўніка-кіраўніка, назву гуртка, школы.

Вынікі будуць падведзены 20 траўня 2021 года і з’явяцца на сайце АПБ. Тры аўтары найлепшых малюнкаў атрымаюць прызы!

Зрабіце ў школе выставу!

Удзельнічайце ў конкурсе школай ці класам, а да 8 траўня — Сусветнага дня пералётных птушак — зрабіце выставу.

Сфатаграфуйце яе разам з аўтарамі і тымі, хто прыйшоў паглядзець на працы, вышліце, калі ласка, у АПБ і выкладзіце фатаграфіі ў свае сацыяльныя сеткі з хэштэгамі #жываявясна2021 #аховаптушак.

Палажэнне конкурсу можна спампаваць тут.

Даведка: Кампанія «Жывая вясна» пачалася ў 2006 годзе як еўрапейскі праект BirdLife International. З 2009 года далучыліся краіны Цэнтральнай Азіі. З 2010 года «Жывая вясна» прыйшла ў Афрыку. Летась на сайт «Жывой вясны» паступіла 11669 назіранняў ад удзельнікаў з Еўропы, Цэнтральнай Азіі і Афрыкі. Дзякуючы актыўнаму ўдзелу беларусаў нашая краіна апынулася на 2-м месцы сярод 59 краін-удзельніц.

Кампанія «Жывая вясна» ажыццяўляецца дзякуючы падтрымцы HeidelbergCement.

Кантактная асоба: Анастасія Пярко, 8 (044) 530-52-44, a.perko.ptushki@gmail.com.

Грамадская арганізацыя «Ахова птушак Бацькаўшчыны» (АПБ) — найбуйнейшая прыродаахоўная грамадская арганізацыя Беларусі і з 2005 года — нацыянальны партнёр глабальнай прыродаахоўнай асацыяцыі «BirdLife International», у якую ўваходзяць арганізацыі са 121 краіны. АПБ — гэта больш за 2150 сябраў, сотні валанцёраў і дзясяткі тысяч прыхільнікаў, 108 школьных клубаў і 14 мясцовых аддзяленняў па ўсёй краіне. Арганізацыя працуе дзеля захавання дзікай прыроды і далучэння насельніцтва да актыўнага клопату пра яе. Толькі разам мы зможам захаваць дзікую прыроду нашай краіны — далучайся і ты!

Кантакты арганізацыі: г. Мінск, вул. Парніковaя 11, офіс 4. (+375 17) 348 76 13, (+375 29) 223 06 13, (+375 29) 101 68 87 info@ptushki.org

Паводле прэс-рэлізу