У рамках мастацкай рэзідэнцыі тэатральнага інстытута імя Zbigniewa Raszewskiego 26 лістапада ў варшаўска-беларускім бары «Карма» прайшла чытка п’есы Канстанціна Сцешыка «Мароз». Удзел узялі артысты Незалежнай тэатральнай групы «Купалаўцы» Ігар Сігоў і Аляксандр Зелянко, у якасці рэжысёра выступіў Пётр Непагода. Гэта ўжо другое мерапрыемства такога характару — першая чытка адбылася ў кастрычніку, а трэцяя плануецца 6 снежня. Чыткі арганізаваныя фундацыяй Inexkult.
Ідэя зрабіць серыю чытак п’ес сучасных беларускіх і польскіх аўтараў ва сённяшніх умовах эміграцыі для беларускіх артыстаў падаецца важнай і актуальнай: па-першае, гэта дапамагае ім інтэгравацца ў мясцовае культурнае асяроддзе і абменьвацца творчым і жыццёвым вопытам, каб лепей зразумець адно аднаго. Па-другое, гэта не менш значна і для мясцовай беларускай публікі, якой не стае менавіта роднай мовы і тэатра, аб чым можна судзіць па перапоўненым памяшканні падчас мерапрыемства. Асаблівую ролю адыгрывае таксама і выбар твора для прачытання: апошняя п’еса на першы погляд не падаецца звязанай з так званай «беларускай павесткай», то-бок, з падзеямі 2020 года, аднак агульная атмасфера твора ўсё адно выклікае пэўныя асацыяцыі.
П’еса Канстанціна Сцешыка «Мароз» прысвечана сітуацыі з жыцця, калі два чалавека адпраўляюцца ў дарогу, каб выканаць апошнюю волю памерлага на рак сябра: быць пахаваным разам са сваёй бабуляй. Умовы іх «прыгоды» даволі жорсткія: яны апынаюцца ў раптоўна зламанай машыне, акружаныя лесам і загнаныя ў тупік суровай зімой ды лютым марозам. Аднак, нават пасля доўгіх спрэчак і цалкам нервовай сітуацыі, яны ўсё ж выконваюць свой абавязак: дабіраюцца да могілак і закапваюць свайго сябра побач з яго бабуляй.
Рэжысёр Пётр Непагода
Кульмінацыйныя моманты, вельмі ўдала падкрэсленыя харызматычным прачытаннем купалаўскіх артыстаў, заспяваюць слухача знянацку: бліжэй да канца твора, падчас выкапвання магілы, героі раптам пачынаюць распранацца і гаварыць аб пачуцці спякоты і духаты. Гэтыя сцэны ўводзяць у адчуванне адчаю і нават шаленства, выкліканага безвыходнасцю ўмоваў, у якіх героі апынуліся. Паміж імі ўжо амаль не ідзе размова аб спробах вярнуцца і выжыць, але паступова гутарка пераходзіць да стану, падобнага да перадсмяротнай агоніі, калі яны пачынаюць бачыць перад сабой нешта, што насамрэч не існуе: няскладныя фантазіі ці заблытаныя ўспаміны з мінулага — пераважна пра бацькоў, мора і лёд.
Ігар Сігоў і Аляксандр Зелянко
Удала дапаўняюць атмасферу падзеяў праекцыі з ілюстрацыямі да п’есы — асабліва ў апошнім і, напэўна, самым кульмінацыйным і крыху нечаканым сюжэтным павароце, калі адзін з герояў са словамі: «Зараз сагрэемся» падпальвае зламаную машыну знутры разам з сабой. Другі персанаж, хоць і паспявае выскачыць з аўтамабіля перад тым, як ён разгарыцца, хоць і канстатуе, што крыху сагрэўся, аднак, мяркуючы па фінале твора, усё адно гіне ад марозу і ідзе «насустрач маці, якая павольна выходзіць з вады».
Гэтае пачуццё безвыходнасці, якім наскрозь прасякнута п’еса, і адначасова — думкамі аб чымсьці родным здаецца даволі блізкім менавіта для беларускага гледача: нават у няпростых умовах існавання як у вымушанай эміграцыі, так на радзіме, ён працягвае намагацца думаць аб лепшым і змагацца за тое, каб трымацца на нагах — так сама, як персанажы п’есы Канстанціна Сцешыка. І хоць фінал у твора трагічны, ён так ці інакш звязаны з пачуццём абавязку, барацьбы і сілы больш, чым з дурной смерцю.
Знаёмства публікі з падобнымі творамі менавіта ў форме нефармальнай чыткі ў выкананні ўжо знаёмых беларускіх артыстаў здаецца патрэбным не толькі для людзей з тэатральнай сферы з мэтай прафесіянальна ўзбагаціцца або набыць новыя цікавыя кантакты, але і для тых, хто хоча заставацца на сувязі з роднай мовай і культурай, злавіць натхненне ці проста задумацца аб пачутым.
Наталля Міхаліна Скарынка, budzma.org
Фота Марты Радушкевіч