“Краіна”. Пешшу 40 кіламетраў у Ракаў, дарогай шпіёнаў і кантрабандыстаў (+фота, відэа)

17.07.2015 Краіна

Калі вы думаеце, што сумесны праект часопіса “Большой”, auto.tut.by і кампаніі “Будзьма беларусамі!” не ўмее хадзіць пешшу, вы памыляецеся: за адну ноч мы прайшлі ад Мінска да Ракава, паўтарыўшы дарогу вядомага кантрабандыста і шпіёна Сяргея Пясэцкага .

Цёмная ноч, толькі кулі свішчуць над зямлёй: стаім на выездзе з Мінска, нацэленыя на аграгарадок Ракаў, і цяпер я растлумачу, навошта гэта трэба і хто такі Сяргей Пясэцкі.

20-я гады — вельмі неспакойны час для нашай краіны, зрэшты, як і многія іншыя часы. У 1921-м, згодна з Рыжскай дамовай (ад нашай рэспублікі прадстаўнікоў у Рызе не было), Беларусь была падзеленая на дзве часткі, Усходнюю і Заходнюю. Усходняя адышла СССР, Заходняя — Польшчы. Мінск аказаўся сталіцай БССР, а Ракаў стаў самым блізкім заходнім горадам да сталіцы савецкай рэспублікі. Мяжу правялі на паперы, але па факце, з улікам лясоў, рэк і балот, яна некалькі гадоў была вельмі “празрыстай”.

Так, працавалі патрулі, мяжу ахоўвалі — але суцэльнага плота не было, што дазволіла Ракаву стаць кантрабандысцкай Тартугай.
— 96 рэстаранаў і 4 бардэлі: гэта толькі афіцыйныя лічбы, а колькі было нелегальных устаноў… — каментуе сітуацыю Фелікс Янушкевіч, жыхар Ракава.

Кантрабанда ў беларусаў у крыві: азірніцеся вакол, пачытайце зводкі навін. Беларускія цыгарэты падрываюць рынак Ірландыі, перастрэлка ў Мукачаве здарылася праз беларускія цыгарэты. А нядаўна быў затрыманы ледзь не ўвесь асабісты састаў мытнага паста “Каменны Лог”. Гэта цяпер, а што рабілася ў 20-я? Калі кантроль быў не такім жорсткім. Лас-Вегас быў бездапаможнай пародыяй на Ракаў. Пра гэта і піша Сяргей Пясэцкі ў сваёй кнізе “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”.

“Мы жылi як каралi. Гарэлку пiлi шклянкамi. Кахалi нас ладныя дзяўчыны. Хадзiлi мы па залатым дне. Расплачвалiся золатам, срэбрам i далярамi”, — цытата з кнігі самага вядомага ракаўскага кантрабандыста. У 20-я гады ён кантраляваў вялікі ўчастак мяжы. 1921—1926 гг. — залаты час для Пясэцкага, Ракава і ўсіх кантрабандыстаў. У 1926-м палякі пасадзілі Пясэцкага за забойства, а СССР у канцы 20-х забетанаваў мяжу велізарнай колькасцю дотаў, той самай “Лініяй Сталіна”. Грашовае шчасце было, як заўсёды, нядоўгім, але было.

“Вабілі нашы таямнічыя начныя падарожжы. Прыцягвала нервовая напружанасць, гульня са смерцю і небяспекай. Я люблю вяртанні з далёкіх цяжкіх вандровак. А пасля — гарэлка, песні, гармонік, вясёлыя твары хлопцаў і дзяўчат… якія кахаюць нас не за нашыя грошы, а за смеласць, адвагу, весялосць, разгульнасць і пагарду да грошай…” — у 1935 годзе, у турме, Пясэцкі піша раман “Каханак Вялікай Мядзведзіцы”, які робіцца еўрапейскім бэстсэлерам. Шматлікія крыніцы сцвярджаюць, што ў 1938 Пясэцкага намінавалі на Нобелеўскую прэмію па літаратуры! Відавочны поспех беларускай літаратуры: хоць ёсць упэўненасць, што раман падвергнуўся “літаратурнай апрацоўцы” ангельскіх рэдактараў. Пясэцкі супрацоўнічаў з многімі выведкамі, таму яго вырашылі вызваліць з турмы пры дапамозе літаратуры.

Гэта была спецаперацыя: у турме ён напісаў “балванку”, якую апрацавалі ангельскія спецыялісты. Апрацоўка была настолькі добрай, раман пра ракаўскія прыгоды так спадабаўся чытачам, што падняўся вялікі рух па вызваленні літаратара з турмы — і ў 1937 годзе Сяргея Пясэцкага вызвалілі.

Модны пісьменнік адразу трапіў у варшаўскі бамонд, але…

“Што вы, курва, ведаеце пра жыццё i пiсанне кнiг”, — з гэтай фразай Пясэцкі сышоў на мяжу, пачаў камандаваць пагранатрадам. Сяргей Пясэцкі напэўна ўвойдзе ў падручнікі беларускай літаратуры: якасць і значэнне “Каханка Вялікай Мядзведзіцы” — сусветныя. Пры гэтым апісваецца вобраз не пакорлівага беларуса, а гэткага Джэймса Бонда: жанчыны, прыгоды і перастрэлкі.

Такі вобраз дзецям у школе спадабаецца нашмат больш, чым “пан сахі і касы”.

Цяпер параўноўваць аграгарадок Ракаў і сталіцу Беларусі Мінск нельга, а тады Ракаў быў багацей і цікавей: што казаць, у 20-я ў Ракаве было 126 аўтамабіляў, 134 крамы. Багата жылі.

— У 60-я гады нашага ракаўскага хлопца нават злавілі ў цяперашняй гасцініцы “Еўропа”: выпіў, спрабаваў расплаціцца золатам, якое засталося з “кантрабандных” часоў.

Гэта цяпер, каб хутка азалаціцца, трэба аформіць крэдыт “Альфа-Экспрэс” у банку, а тады — мех на плечы і пайшоў! Акрамя мяшкоў часта вадзілі “фігуркі”: выводзілі людзей з Савецкага Саюза. Паток бежанцаў быў сталым, людзі баяліся рэпрэсій, расстрэлаў, сыходзілі з СССР. На “фігурках” удавалася зарабіць больш.

Пасля такой доўгай прэлюдыі пачынаем “кантрабандны” шлях і мы. Мы слабакі, і, каб не “біць ногі” па Мінску, стартуем з запраўкі “Беларуснафта” ў пачатку трасы М6. Не кожную ноч даводзіцца ісці 35-40 км, а калі выходзіць з Мінска, атрымаюцца ўсе 50. Таму стартуем ад кальцавой.

У 23.30 пакідаем Мінск. Сталіца ззяе і пераліваецца сваімі казіно, не падазраючы, што некалі зусім побач быў свой Лас-Вегас. Ведаеце, чаму сталіцу БССР хацелі перанесці ў Магілёў? Таму што з горак недалёка ад Ракава выдатна відаць быў Мінск, польская артылерыя магла прыстрэльвацца па сталіцы без праблем.

Прайшоўшы 200 метраў па асфальце, у мэтах канспірацыі мы “ўлезлі” ў кукурузнае поле. Здымкі там атрымліваліся добрыя, але ісці было цяжка. І баяліся кабаноў: сустрэнеш такога ў кукурузе — будзе Стывен Кінг і Эдгар По.

— У 20-я кантрабандысты больш асцерагаліся не кабаноў, а сялян, — кажа Фелікс Янушкевіч. — Ведаеце, што такое чатырохзарадны беларускі карабін? Гэта вілы, яны адразу робяць чатыры дзіркі, на кантрабандыстаў палявалі не толькі памежнікі, але і мясцовае насельніцтва. Забіў, адабраў тавар — і ўсё, неўрадлівы год селяніну не страшны.

Пра гэта ж піша і Пясэцкі: “”Адхiнуўшы заслону змроку на пагранiччы, мы ўбачылi б акул гранiцы: сялян, якiя з абрэзамi, карабiнамi, рэвальверамi, сякерамi, вiламi i каламi ў руках цiкуюць здабычу”.

А што менавіта насілі кантрабандысты? Тое ж самае, што і сёння. З заходняга боку — тавары фабрычнай вытворчасці. Соскі, іголкі, завушніцы, бранзалеты: усю дробязь, якой у Савецкім Саюзе не было або якасць якой была жахлівая. Запіс з архіваў НКУС:

“З вялікімі закупкамі вярнулася з Заходняй Беларусі брыгада артыстаў Белдзяржфілармоніі. Яны дадумаліся да таго, што многія артысты, выязджаючы ў Заходнюю Беларусь, надзелі на сябе самую дрэнную вопратку з тым, каб там, скінуўшы яе, апрануцца ва ўсё новае. 21.09  г.г. гэтая брыгада выступіла ў Ваўкавыску, многія былі апранутыя настолькі дрэнна, што з боку насельніцтва з’явілася здзіўленне таму, што артысты Савецкага Саюза вельмі дрэнна апранаюцца”.
Нічога не нагадвае? У Літву, Украіну, Польшчу, Расію (патрэбнае падкрэсліць) даўно чытач ездзіў?

З СССР насілі золата і выводзілі людзей.

https://budzma.org/wp-content/gallery/kraina06/p-20.jpg

Да гадзіны ночы неба пацямнела, з’явілася тая самая Вялікая Мядзведзіца.

— Наўрад ці яны па ёй ішлі, хутчэй за ўсё па Мядзведзіцы лёгка было знайсці Палярную зорку і па ёй зарыентавацца, — разважае ўслых фатограф-аператар Антон, а Пясэцкі пісаў так.

“Зоркі свецяць імгліста. Верхам пракрадаюцца хмары. Яны патаемна пераходзяць праз невядомыя людзям кардоны. А на паўночным захадзе цудоўна блішчыць каштоўнымі каменьчыкамі прыгожых зорак найпрыгажэйшая Вялікая Мядзведзіца. Яе пяшчотна ахуталі лёгкія снежна-белыя бухматыя аблокі…”

Улетку ніхто праз мяжу не хадзіў: занадта кароткая ноч. Позняя восень, калі ночы доўгія, а месяц хаваецца за аблокамі — найлепшы час для кантрабандыстаў. Паважалі кантрабандысты і завіруху, яна замятае сляды.

Прайшлі Хацежына, крочым у Старое Сяло: ад Мінска 10-15 км, а лес добры, якасны. Вялікія дрэвы, вялікі страх: калі кабан затрашчаў у кустах, мы аж прыселі.

На гадзінніку ўжо каля трох ночы, Старое Сяло, з цемры вынырвае група веласіпедыстаў.
— Хлопцы, вы куды?
— Мы на рыбалку едзем…

У лесе паміж Старым Сялом і вёскай Наваселле становіцца зразумела, што паход мы правалілі: бліжэй да чатырох раніцы пачынаецца світанак, да Ракава за ноч мы дакладна не дойдзем. Хоць прагулка сама па сабе клас: бачылі ноч, гулялі да раніцы.

Кантрабандысты, калі не паспявалі дайсці за ноч, “залягалі на дно”.

“Наша меліна вельмі небяспечная. З усіх бакоў мы акружаны ворагамі. Навокал па дарогах, па сцежках, па лясах, па палях, па лугах лазяць зялёнкі, падпольшчыкі, мытнікі, сексоты, чэкісты. А мы сядзім, нібыта ў гняздзе, у дасканала замаскіраванай меліне…”
Нам баяцца няма чаго, таму ідзем далей. Дом на фота, як мне здаецца, сімвалізуе Беларусь і тады, і цяпер — ментальна падзеленую на Захад і Усход.

Мы клыпаем далей: пешая прыгода ўжо не здаецца такой забаўнай, гудуць ногі, пульсуе пасля ночы без сну галава. На гарызонце з’яўляецца дот “Лініі Сталіна”. Усім скептыкам паведамляю інфармацыю: “Лінія Сталіна” сапраўды існавала, падзяляла нашу краіну на дзве часткі. Баявая задача: трымаць абарону 15 дзён да падыходу асноўных сіл. На 15 дзён быў разлічаны сухі паёк і запас снарадаў.

Лінія ўмацаваных раёнаў канчаткова сфармавалася ў пачатку 30-х: усё, з тых часоў заходняя мяжа была на замку з 7000 дотаў. У Мінскі умацавальны раён было заліта каля 43 000 кубаметраў бетону, разам з ім былі залітыя ўсе дзіркі на мяжы: мыш не праскочыць. З кантрабандай скончана.

Унутры дота ў 2015 годзе амаль усё гатова да бою, толькі зброі няма. Калі паставіць, трасу М6 прастрэльваць можна, цьфу-цьфу.

Усіх аматараў дыгерства хачу перасцерагчы: часта ў дотах сустракаюцца глыбокія ямы-падвалы, таму глядзіце пад ногі і бярыце з сабой ліхтарык.

“Калi б вечарам, у глухую восеньскую ноч, адкiнуць на даўжэйшым адрэзку гранiцы павалоку змроку, дык мы б убачылi партыi перамытнiкаў, якiя цягнуцца да гранiцы…”, — цытаваць Пясэцкага становіцца ўсё складаней, на гадзінніку каля шасці раніцы, перастаўляць ногі цяжка. Страшна падумаць, як кантрабандысты хадзілі з цяжкімі заплечнікамі па снезе, брудзе. Калі пагоня насядала на пяткі або ісці было неспакойна, кантрабандысты рабілі “закладкі”. Хавалі золата ў дуплах, пад камянямі.

Альбо тапілі ў рацэ Манюньцы, па якой ішла мяжа. Чорныя капальнікі, ваш выхад — хоць я спадзяюся, абыдзецца без вас.
— У мяне сусед быў, дзядок, усё на ногі скардзіўся, балелі… Потым прызнаўся: у рацэ ад памежнікаў хаваўся, прастудзіла. Распавядаў, што шмат “залатых” дрэў у ваколіцах Ракава было, спілавалі, а ў дупле — золата. Засталося ад кантрабандыстаў…

Па дарозе — дачнае таварыства «Ручаі» ад ЦЭЦ-4, мілае мястэчка, дзе ўсюды вісяць знакі пра мяжу, якая праходзіла ў 20-я—30-я. І, як ні дзіўна, мясцовыя ўсю гісторыю пра Пясэцкага і кантрабандыстаў ведаюць! Відэаролік пацвярджае.

— У мяне сын капаў, капаў — і знайшоў старую біжутэрыю, хтосьці з кантрабандыстаў тут пакінуў. Цяпер шкадуе, у дзяцінстве памяняў на нешта, цяпер бы захаваў.

“Яны працуюць шалёна. Ім ледзьве хапае часу на прапіванне заробленых грошай. Амаль не бачым дзённага святла, бо ўдзень спім пасля доўгай працоўнай ночы”, — за шэсць-сем гадоў працы кантрабандысты пакінулі моцны след.

Далей не ідзем, паўзём: не ведаю, як з кантрабандай, але з цёплымі рэчамі і такой-сякой апаратурай вельмі цяжка.

Каля васьмі раніцы з Аксакаўшчыны на гарызонце бачым Ракаў. О багі, мы амаль дайшлі! Амаль гадзіну павольна клыпаем ад Аксакаўшчыны ў цэнтр Ракава.

Такім чынам: у канцы выглядалі як кавалерысты, плёхалі па Ракаве, шырока расставіўшы ногі. Атрымалася крыху больш за 40 км з улікам нашых петляў па палях, лясах.

9.30 раніцы. Ракаў. За 10 гадзін мы прайшлі шлях кантрабандыстаў і шпіёнаў. Усяго адна ноч, а уражанняў на тыдзень. Канстатую: чым у Мінску ў барах піць, лепш так прайсціся. Ранішнія адчуванні прыкладна тыя ж.

Адмотваем нашу п’есу на пункт старту: праект “Belarus N” шукае маршруты для турызму па краіне. Калі наш пешы паход разбавіць пагоняй, арыштам, вызваленнем з рук савецкіх памежнікаў і наступным узліваннем у ракаўскай карчме з адпачынкам у ракаўскай “маліне”, атрымаецца добры турыстычны прадукт.

Але ўжо быў такі маршрут! Няхай не пешшу, хай на аўтамабілі, але турыстычны маршрут такі быў. Беларусы не паехалі. Беларусам было ляніва. Таму ў гэтым сезоне “кантрабандныя” анімацыі не праводзяцца.

“Вакол не людзі, а чалавекі-чалавечкі — практычныя, баязлівыя, якія зубамі і кіпцюрамі трымаюцца за кавалак нэндзнага існавання, гатовыя за яго горла кожнаму перагрызці… Прыземленыя, мяшчанскія словы, пачуцці, учынкі… Анічога вялікага, узнёслага…” — вось што пісаў Пясэцкі з гэтай нагоды. Буду рады, калі ён памыляўся: мы пешшу схадзілі, гайда, хлопцы і дзяўчаты, хто з вас са мной?

Праект “Краіна” едзе далей: наперадзе Налібоцкая пушча, у якой лесу столькі, што банды хаваліся да сярэдзіны 50-х. Схаваемся ад мінскага шуму ў ёй і мы.

Сачыце за “Краінай”!

 

Тэкст: Дзмітрый Навіцкі

Фота: Глеб Малафееў, Антон Шаўковіч

Партнёры праекта:

Інфармацыйныя партнёры:

autotut1