Прадметы, якія гавораць больш за словы. У Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава турэмных рэчаў дэпартаваных палітвязняў

Чайныя пакецікі. Алюмініевая лыжка. Мыла. Ануча. Цёплая бялізна. Рэчы, у якія сціскаецца свет чалавека ў зняволенні. Сёння гэтыя прадметы — у музейнай вітрыне. Яны больш не служаць для выжывання. Яны пачынаюць расказваць.

20 студзеня ў Музеі Вольнай Беларусі адкрываецца выстава экспанатаў «Кропка ўваходу — 123».

Гэта праект пра ўваход у сучасную беларускую рэальнасць праз канкрэтныя, маўклівыя, але надзвычай красамоўныя артэфакты, звязаныя з турэмным досведам беларускіх палітзняволеных, дэпартаваных з Беларусі 13 снежня 2025 года.

POST_kropka-uvachodu.jpg

Праз канкрэтныя прадметы — асабістыя рэчы, турэмны побыт, «дробныя» сведчанні — выстава прапануе асэнсаваць траўматычны досвед зняволення, гвалту і выжывання як частку сучаснай гісторыі Беларусі. 

Кропка ўваходу-01.jpg
Турэмныя рэчы палітзняволенай Алены Гнаўк. Фота з інстаграма Музея Вольнай Беларусі

13 снежня 2025 года з калоній і турмаў Беларусі пачалі вывозіць частку палітзняволеных у межах дамоўленасцяў з дзяржаўнай адміністрацыяй ЗША.

123 чалавекі з больш як тысячы асуджаных паводле палітычных артыкулаў былі дэпартаваныя беларускім КДБ і перададзеныя прадстаўнікам Украіны. Вываз адбываўся таемна: зняволеным надзявалі балаклавы і мяшкі на галовы, рукі перавязвалі скотчам. Ніхто з вязняў не быў папярэджаны пра дэпартацыю. Многім не вярнулі пашпарты, не аддалі асабістыя рэчы.

Кропка ўваходу-02.jpg
Экспанаты выставы «Кропка ўваходу — 123».  Фота з інстаграма Музея Вольнай Беларусі

Усё, што яны змаглі ўзяць з сабой, — гэта валізкі з адзеннем і ўбогі турэмны скарб. Тыя нешматлікія рэчы, да якіх сціскаецца асабісты матэрыяльны сусвет вязня, увесь яго дазволены гарызонт камфорту і адзіная кропка апоры.

Сёння гэтыя прадметы апынуліся ў музейнай вітрыне. Іх функцыя змянілася: яны спыніліся ў сваім коле штодзённага выкарыстання і пачалі быць сведкамі досведу зняволення, гвалту і выжывання.

Кропка ўваходу-03.jpg
Экспанаты выставы «Кропка ўваходу — 123».  Фота з інстаграма Музея Вольнай Беларусі

Выстава будзе адкрыта для наведвання з 20 студзеня па 1 сакавіка 2026 года.

Каманда праекта

Аўтары ідэі і арганізатары: Музей Вольнай Беларусі

Суарганізатары і партнёры: Беларуская асацыяцыя палітвязняў «Да Волі»

Фінансавая і арганізацыйная падтрымка: Амбасада Каралеўства Нідэрландаў у Варшаве, Народнае антыкрызіснае ўпраўленне

Куратар выставы: Аляксей Бацюкоў

Дызайнер выставы: Аляксандр Адамаў

Графічны дызайнер: Дар’я Абібок

Мастак па святле: Даніла Ганчароў

Пра серыю выставаў

Праект серыі фондавай выставачнай праграмы Музея Вольнай Беларусі «Кропка ўваходу» — гэта магчымасць увайсці ў сучасны беларускі кантэкст і асэнсаваць яго праз арыгінальныя артэфакты, што ўзнікаюць у краіне тут і цяпер. Кожная выстава серыі — гэта новая кропка ўваходу ў досвед, які фармуе сучасную гісторыю Беларусі.

Гэта спосаб дапамагчы беларусам перажываць траўматычны калектыўны вопыт, вяртаць сабе права на памяць і рэфлексію, а таксама весці размову пра тое, што з намі адбылося і працягвае адбывацца.