Старшыня Беларускага добраахвотнага таварыства аховы помнікаў гісторыі і культуры Антон Астаповіч, загадчык аддзела Нацыянальнага гістарычнага архіва Беларусі Зміцер Яцкевіч і каардынатар кампаніі «Будзьма беларусамі!» Ігар Лялькоў наведалі Гомельскую і Магілёўскую вобласці 25 траўня.
У Музеі народнай славы г. Рагачова Гомельскай вобласці адбылася сустрэча з музейнымі супрацоўнікамі, краязнаўцамі, прадстаўнікамі рыма-каталіцкай парафіі гораду. У лекцыі А. Астаповіча гаворка ішла пра праблемы захавання гістарычна-культурнай спадчыны Рагачоўшчыны. Асаблівая ўвага была нададзеная навуковым і юрыдычным пытанням, звязаным з рэстаўрацыяй рагачоўскага касцёла св. Антонія Падуанскага. З. Яцкевіч апавёў прысутным пра крыніцы па гісторыі іх рэгіёну, якія захоўваюцца ў архівах Беларусі. Вялікую цікавасць выклікала паведамленне гісторыка пра дакументы, датычныя асобы Уладзіміра Караткевіча, значная частка твораў якога напісаная менавіта ў Рагачове, а таксама пра радавод пісьменніка. Пасля лекцыяў адбылася жывая зацікаўленая размова, у якой закраналіся розныя аспекты вывучэння гісторыі Рагачова і ваколіцаў, зберажэння гістарычна-культурных каштоўнасцяў гэтага рэгіёну.
Другая сустрэча адбылася ў Жыліцкім гістарычным комплексе-музеі, што знаходзіцца ў пасёлку Жылічы Кіраўскага раёну Магілёўскай вобласці ды месціцца ў найвялікшым у Беларусі палацы (пабудаваны ў XVIII–XIX стагоддзі, некалі належаў роду Булгакаў). Апрача мясцовых музейных супрацоўнікаў у ёй бралі ўдзел прадстаўнікі кіраўніцтва Кіраўскага раёну: намесніца старшыні райвыканкама Вольга Гаршкова, начальнік раённага аддзела культуры Тамара Галубоўская, начальнік аддзела ідэалагічнай працы Андрэй Карпук, а таксама вядомы беларускі мастак-рэстаўратар Алесь Астравух. Асноўны акцэнт у размове ў Жылічах быў зроблены на пытанні ўзаемадзеяння ўлады і грамадскасці ў справе захавання нашай унікальнай гістарычна-культурнай спадчыны. Закраналіся таксама праблемы, звязаныя з пошукам і навуковым засваеннем дакументальных крыніц па гісторыі маёнткаў, якія некалі існавалі ў сучасным Кіраўскім раёне, праблемы рэстаўрацыі і далейшай музеефікацыі Жыліцкага палаца.
Абедзве сустрэчы былі зарганізаваныя Беларускім добраахвотным таварыствам аховы помнікаў гісторыі і культуры ў межах кампаніі «Будзьма беларусамі!».