Папулярызатарка беларускай гісторыі прапануе зрабіць рэпліку малавядомага беларускага скарбу — Крыжа Сафіі Менскай. Ён мае такое ж значэнне, як Крыж Еўфрасінні Полацкай

28.11.2025 Культура

Беларуская актывістка і папулярызатарка гісторыі Марыя Грыц запусціла праект па стварэнню дакладнай рэплікі Крыжа Сафіі Менскай — каралевы Дацкай і праўнучкі Усяслава Чарадзея. Гэта галоўная хрысціянская каштоўнасці Даніі і адзін з найважнейшых артэфактаў беларускай гісторыі.

«У нас ёсць шанец зрабіць тое, што выпадае не кожнаму пакаленню — вярнуць беларускай супольнасці сапраўдны скарб — Крыж Сафіі Менскай,» — кажа Марыя Грыц.

Гэтая рэліквія мае такое ж значэнне, як Крыж Еўфрасінні Полацкай, але застаецца мала вядомай беларускаму грамадству. Арыгінал захоўваецца ў Гістарычным музеі Капенгагена. Задача праекта — вярнуць вобраз крыжа беларускаму народу.

kryzh-safii-menskaj-01.jpg
Так выглядае арыгінал Крыжа, які захоўваецца ў музеіі ў Даніі. Крыжу амаль 1000 гадоў. Памеры: 4,3 см × 2,9 см × 0,3 см

kryzh-safii-menskaj-02.jpg
Арыгінал Крыжа (адваротны бок). Захоўваецца ў музеіі ў Даніі. Крыжу амаль 1000 гадоў

Вяртанне беларускага скарбу

Сафія нарадзілася каля 1141 года. Яна дачка полацкага князя Валадара Глебавіча і праўнучка легендарнага Усяслава Чарадзея. Сафія прывезла крыж у падарунак ці ў пасаг, калі пайшла замуж за дацкага Караля Вальдамара І. Крыж з’яўляецца сапраўднай перлінай нашага ювелірнага мастацтва. Ёсць меркаванне, што яго рабіў той самы Лазар Богша (стваральнік крыжа Еўфрасінні Полацкай) ці ягоныя вучні.

«Я гарачо мару, каб гэты Крыж вярнуўся ў беларускую свядомасць, бо ён такі ж круты, як Крыж Еўфрасінні, толькі не згублены і не скрадзены. Каб зрабіць ягоную рэпліку, трэба 4400 еўра», — кажа Марыя Грыц.

Падтрымаць збор сродкаў на стварэнне рэліквіі можна па спасылцы.

Навошта гэта беларускай супольнасці

• гэта вяртанне страчанай часткі нацыянальнай памяці;

• сведчанне старажытных еўрапейскіх сувязяў Беларусі;

• жывое ўвасабленне нашай культурнай прыгажосці і гістарычнай традыцыі;

• магчымасць стварыць першую рэліквію нацыянальнага маштабу ў выгнанні.

Крыж стане сімвалам адраджэння і еднасці беларусаў і беларусак па ўсім свеце.

Як плануецца зрабіць рэпліку

Ювелір адновіць крыж у тэхніцы, набліжанай да XII стагоддзя — амаль зніклым, рамястве. Гэта далікатная ручная праца, якая зойме некалькі месяцаў.

kryzh-safii-menskaj-replika.jpg
Так можа выглядаць рэпліка. Такім бачылі Крыж нашыя князі ў 12 стагоддзі і такім яго можам пабачыць мы і нашыя нашчадкі

Чаму цяпер?

У жніўні 2025 года мы правядзём экспедыцыю ў Данію і шырокую медыякампанію, каб вярнуць беларусам веды пра гэты скарб і паказаць сапраўдны маштаб нашай гісторыі.

Працэс стварэння рэплікі доўжыцца некалькі месяцаў. Каб паспець зрабіць крыж да жніўня, трэба пачаць цяпер.

«У мяне ёсць фантазія такая, каб мы як мага больш дзетак далучылі да гэтай культурніцкай экспедыцыі, каб мы ўсе разам зладзілі тэатралізаванае шэсце па Капенгагену да гэтага крыжа — не да рэплікі, а да сапраўднага крыжа, каб усе ахвочыя маглі паглядзець у музеі, як выглядае тысячагадовы крыж. І ўжо адтуль пачнецца афіцыйная, урачыстая гісторыя нашай рэплікі — ад Капенгагена, ад сапраўднага крыжа сюды, у Польшчу і далей па свеце. Я спадзяюся, што гэта будзе вялікая гісторыя,» — распавяла Марыя ў каментары для Budzma.org

Што далей

Па выніку экспедыцыі, Крыж Сафіі будзе выстаўлены ў Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве, каб усе ахвочыя маглі пабачыць гэты ўнікальны твор мастацтва.

Пазней ён застанецца ва ўласнасці Музею і стане часткай Лятучага музею, каб беларуская дыяспара ў розных краінах магла даведацца пра існаванне Крыжа, пра ягоную гісторыю, беларускую княжну і пра нашыя старадаўнія сувязі з еўрапейскімі краінамі.

«Кожны еўра — гэта адзін крок да вяртання нашай гісторыі. Далучайцеся. Тое, што страчана, мы вернем самі», — заклікае аўтарка праекта