Крыжовы паход супраць “гендару”

Некалькі гадоў таму я ўдзельнічала ў актывісцкай канферэнцыі ў невялічкім нямецкім горадзе. Мерапрыемства праходзіла ў пратэстанцкай царкве, якая на тры дні ператварылася ў прастору для абмеркавання правоў чалавека, гендарнай роўнасці і апошніх палітычных выклікаў. Актывісты і актывісткі з розных краінаў прэзентавалі свае праекты і ўдзельнічалі ў воркшопах, а вечарамі да іх далучаліся мясцовыя маладзёны, якія зазвычай прыходзілі сюды ў выходныя бавіць час за размовамі і ігрой на гітары. Аказалася, што няма ніякіх супярэчнасцяў паміж хрысціянствам і каштоўнасцямі сучаснага свету.

Чаму ж тады ў нас замест супрацы ці нейтральнага суіснавання адно толькі правы папулізм з прыпеўкамі пра “традыцыйную сям’ю” і “абарону дзяцей ад прапаганды”? У публічнай прасторы ўсё болей размоваў пра спланаваныя атакі і пераслед у “белых пальчатках”. Менавіта так арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч называе агульнае імкненне да роўнасці ды заканадаўчую дзейнасць, накіраваную на ліквідацыю гендарнага гвалту. У адказ на гэты “выклік” каталіцкая царква піша прэзідэнту зварот з просьбай “не ісці ўслед за згубнымі секулярнымі тэндэнцыямі, у тым ліку за гендарнай ідэалогіяй, якая вядзе…”.

Тэндэнцыямі, сур’ёзна? А нічога, што ўжо вельмі даўно мы жывём у свецкай дзяржаве, у справы якой ніводная канфесія не мае права ўмешвацца з аргументамі выключна рэлігійнага характару?

Вера — гэта пра дачыненні чалавека з богам/космасам/сусветам, а рэлігійныя інстытуты — надбудова над імі, наскрозь працятая іерархіямі, палітычнымі інтарэсамі і марамі пра экспансію. Адным словам, нічога новага. Вера (як светапогляд асобных людзей) і рэлігія (як фармальныя рытуалы і пэўны культ) даўно разышліся. Болей за тое, панятак “хрысціянскія каштоўнасці” — адносная новая моўная фігура, якая ўзнікла ў ХХ стагоддзі. І ягоны змест фармулююць людзі, а не ў апрыёрнай форме дае бог. Аднак цяпер “каштоўнасцямі”  жанглююць направа і налева ды маніпулююць як нечым адвечным і нязменным.

Трэба сказаць, гэта глабальны трэнд. Кансерватыўныя арганізацыі і ініцыятывы, стварыўшы пудзіла пад назвай “гендарная ідэалогія”, мабілізуюцца супраць рэпрадуктыўных правоў, аднаполых шлюбаў і антыдыскрымінацыйнай павесткі. Адным пакетам ідзе мова варожасці, распальванне нянавісці да пэўных сацыяльных групаў і мілітарысцкая рыторыка.

Ужо не здзіўляешся, калі напярэдадні Раства атрымліваеш афіцыйную заяву пра тое, што сапраўдныя вернікі будуць стаяць за бога і веру “нават да смерці”. Ці пасуюць такія размовы афіцыйнаму прадстаўніку дамінуючай канфесіі? І ці размовы пра нянавісць і кровапраліццё задаюць найлепшы эмацыйны фон для пабудовы дыялогу з тымі беларусамі і беларускамі, што лічаць сябе атэістамі альбо толькі фармальна прыналежаць да рэлігіі? І, вы ўжо даруйце, хто куды пойдзе змагацца за веру да смерці?

Часы хрысціянскіх крыжовых паходаў скончыліся.

Рэлігійныя практыкі змяняюцца ў адпаведнасці з часам, культурай і палітычным кантэкстам. Цяпер у Беларусі ўсяго 12% праваслаўных і 25% каталікоў наведваюць храм штотыдзень,  і толькі чвэрць  моліцца штодзень. З якой жа прычыны і з якой мэтай на афіцыйным узроўні нам расказваюць пра сівую даўніну, дзе жонка “ды ўбаіцца мужа свайго”, а дзеці пазбаўленыя суб’ектнасці і правоў?

У любой супольнасці ёсць свае ўнутраныя правілы, але наперадзе — свецкі закон і правы чалавека. Справядлівае і адэкватнае сучаснасці заканадаўтва неабходнае ўсім грамадзянам і грамадзянкам краіны безадносна іх стаўлення да рэлігійных тэорый і практык. У ХХІ стагоддзі чакаць, што Крымінальны кодэкс будзе адпавядаць  Бібліі альбо Карану, у нашай культуры — сапраўдны радыкалізм.  У нашай паўсядзённасці мы маем вельмі размаітую супольнасць з неймаверна шырокім дыяпазонам метафізічных уяўленняў, і найгоршая інтэнцыя — шукаць “нявернікаў”, папракаць моладзь амаральнасцю, сям’ю —нетрадыцыйнасцю, а погляды — неадпаведнасцю святому пісьму.

 

Таня Сяцко