Аляксей Гайдукевіч піша на budzma.by пра тое, што чакае беларускую энаноміку і нацыянальную валюту ў бліжэйшы час.
У панядзелак 9 сакавіка сусветныя фінансавыя рынкі сутыкнуліся з моцным падзеннем цэнаў на нафту. Гэта стала вынікам дэмаршу расійскай дэлегацыі на паседжанні АПЕК+ (арганізацыі краін, што здабываюць нафту).
Расійскія нафтавікі адмовіліся падпісваць пагадненні аб змяншэнні нафтаздабычы, што магло спыніць падзенне цэнаў на сыравіну, якое назіралася апошнія месяцы. У адказ Саўдаўская Аравія заявіла пра зніжкі на нафту для еўрапейскіх спажыўцоў як пра элемент супрацьстаяння расійскай стратэгіі на рынках.
Такая «вайна» не магла не выклікаць зніжэння цэнаў на сыравіну на азіяцкіх рынках у панядзелак. Трэнд падхапілі еўрапейскія і амерыканскія біржы. Цэны на нафту знізіліся да 20% (у пікавыя моманты даходзіла да 30%).
Наступствам сітуацыі стала зніжэнне кошту акцый кампаній па нафтаздабычы і падзенне ўсіх астатніх на гэтым фоне. Расійскія акцыі, размешчаныя на міжнародных біржах, патаннелі найбольш значна.
Як адзначаюць некаторыя эксперты, сітуацыя можа быць элементам вялікай стратэгіі фінансавых цэнтраў, якія карыстаюцца зніжэннем на рынках у выніку распаўсюджвання каранавіруса па планеце, што выклікае падзенне попыту, гандлю і прамысловых аб’ёмаў вытворчасці.
На біржах даўно чакалася карэктаванне пасля росту апошніх некалькі гадоў.
Рэкордныя аб’ёмы па гандлёвых аперацыях на біржах 28 лютага (пры падзенні асноўных індэксаў) могуць сведчыць, што рынкі ўваходзяць у фазу зніжэння, на мяжы панікі. Магчыма, пад кантролем буйных фінансава-эканамічных цэнтраў.
Магчымыя наступствы для Беларусі і нашай валюты
9 сакавіка, па дадзеных Нацыянальнага банка, беларускі рубель патаннеў адносна асноўных валют адразу амаль на 5%. Што стала наступствам рэкорднага зніжэння курса расійскай валюты на фоне абвалу нафтавых каціровак на сусветных біржах.
Што чакае беларускую эканоміку і курс нашай валюты?
Здаецца, цяпер самы час успомніць крызісы 2008 і 2011 гадоў і параўнаць іх з сённяшняй сітуацыяй.
На сайце Нацбанка Беларусі апублікаванае даследаванне крызісу ў айчыннай эканоміцы 2008–2011 гадоў. З тых часоў у структуры нашай гаспадаркі мала што змянілася, таму варта абапірацца на апісанне тэнденцый, адзначаных у гэтай працы.
Аўтар звяртае ўвагу на слабую інтэграванасць Беларусі ў сусветную фінансава-эканамічную сістэму і ў той жа час залежнасць гаспадаркі ад зменаў на расійскіх рынках.
Варта адзначыць структуру беларускага экспарту, які прыносіць валюту ў фінансавы сектар краіны: да 50% — гэта продаж машын, рухавікоў, металапрадукцыі, тавараў хімічнай прамысловасці і нафтаперапрацоўкі, калійных угнаенняў.
Ад 30 да 100 адсоткаў гэтай прадукцыі беларускія прадпрыемствы пастаўляюць у Расію. Што дэманструе залежнасць паступленняў валюты ў Беларусь ад попыту ў РФ. Таму кожны зрух у валютных курсах расійскага рубля як элемент негатыўных тэндэнцый у эканоміцы РФ выклікае рэакцыю ў адказ на беларускім валютным рынку.
Зніжэнне цэнаў на нафту на сусветных рынках не толькі дазваляе эканоміць дзяржаўным нафтаперапрацоўчым прадпрыемствам у Беларусі на закупках сыравіны, але і несці страты буйной прамысловасці праз немагчымасць прадаваць сваю прадукцыю ў Расіі.
Такім чынам, негатыўны фон на рынках сыравіны ў свеце мае адназначна адмоўны ўплыў на айчынную эканоміку. Так у 2009 годзе, калі Беларусь напаткалі наступствы сусветнага фінансавага крызісу, аб’ём беларускага экспарту знізіўся амаль на 50%, што прывяло да валютнага дэфіцыту ў краіне, падзення курсу беларускага рубля, попыту і зніжэння ўзроўню жыцця насельніцтва.
Учора кіраўнік аддзела інвестыцый аднаго з найбуйнейшых амерыканскіх фондаў адзначыў: «Думаеце, сёння дрэннае становішча на рынках? Паглядзіце што будзе праз месяц».
Кайл Бас меў на ўвазе магчымыя страты авія- і іншых транспартных кампаній у выніку зніжэння попыту на пасажырскія і таварныя перавозкі праз наступствы распаўсюджання каранавіруса і адмоўных тэндэнцый у кітайскай вытворчасці. Што можа выклікаць яшчэ большае падзенне пасля карэкцыі і магчымага аднаўлення пазіцый цэнаў на нафту і акцыі прамысловых і фінансавых гігантаў.
Падобныя думкі, але ўжо адносна стану беларускай эканомікі і курсу беларускага рубля, выказаў фінансавы аналітык Вадзім Іосуб, які лічыць: «эфект мы адчуем на гарызонце 2-4 месяцаў».
Асабліва трывожным на фоне міжнароднай фінансавай абстаноўкі, якая адмоўна ўплывае на беларускую эканоміку, выглядае зніжэнне золата-валютных рэзерваў Беларусі ў лютым на 4,7%. Па дадзеных Нацбанка, рэзервы да 1 студзеня 2021 запланавана патаннеюць яшчэ на 13%.
Гэта можа выклікаць дэвальвацыйны эфект, падобны да эфекту 2011 года (у 2010 годзе рэзервы патаннелі на 11%) у выпадку захавання негатыўнага міжнароднага эканамічнага фону.
Аляксей Гайдукевіч, budzma.by
Сачыце за нашымі публікацыямі ў Telegram, Facebook, Вконтакте ды Twitter! А ў нашым Instagram вас чакаюць яскравыя фота!