Куды ісці эмігранту па вяртанні ў Беларусь?

10.03.2025
У кожнай эмігранцкай тусоўцы размова рана ці позна пойдзе пра: «А што ты першым зробіш, калі... ?» Ясна — калі вернешся. Наведаць знаёмых, дом, могілкі, скупацца ў Нёмане ці Дняпры. Нехта пойдзе ў гарвыканкам прыбіваць да дзвярэй шыльду са сваім прозвішчам. І зусім маленькі ручаёк пацячэ ў святая святых — у архівы.

Alieś Kirkievič
Алесь Кіркевіч. Фота з асабістага архіву аўтара

Здаецца, што там у тых архівах, калі жыццё — вось яно? Гісторыя робіцца на нашых вачах. Мінулае абнуляецца і страчвае каштоўнасць ці хоць які сэнс, апроч сентыментальнага. Нават паняткі «да рэвалюцыі» і «да вайны» кардынальна змянілі свой сэнс. Гэта ўжо зусім не пра водападзелы 1917-га ці 1941-га, а пра нас. 

Але — глядзіце. Кожны, хто працаваў з гістарычным матэрыялам, хаця б як спажывец, ведае формулу: «На жаль, архівы зачыненыя». Мы да яе звыкліся як да канону. Сонца свеціць. Дождж ідзе. Архівы зачыненыя. Кропка. Нам застаецца толькі верыць аўтару ці — спадзявацца на свае інтуіцыю і логіку. Трымаючы недзе ў галаве, што там, у архівах, магчыма, яшчэ нешта ёсць. Бо, калі няма, то нашто іх зачыняць?

У літоўцаў ды ўкраінцаў, толькі ўявіце, гэтай праблемы няма. Думаеце, адкуль гэтыя сотні выданняў пра антысавецкі супраціў, дысідэнтаў, рэпрэсіі, калектывізацыю, агентаў, таемнае жыццё савецкіх элітаў? З тых самых архіваў, якія ўжо даўно адчыненыя. 

Не напісана — значыць, не было 

Толькі адзін прыклад. Ва Украіне бестселерам стала кніга «Справа Стуса». Дакументальны дэтэктыў пра тое, як судзілі і забівалі ў засценках паэта Васыля Стуса. Там, дарэчы, быў замяшаны і Медзвядчук (той самы «кум пуціна»), якога Стусу паставілі адвакатам. Які там быў адвакат і каго адвакатаваў — падумайце самі. 

Vasiĺ Stus Васіль Стус, 1972 г. Крыніца: radiosvoboda.org

Уявіце сабе таўсценны томік у цвёрдай вокладцы «Справа Геніюш»? Не толькі пра тое, як паэтку дапытваў псіхічна няўстойлівы Цанава. Таксама пра тое, як за домам Геніюшаў у Зэльве сачылі ўсе паваенныя гады — да смерці. Фота, справаздачы, сценаграмы... Урэшце, хто пераконваў Ларысу Антонаўну ўзяць савецкі пашпарт? Колькі з гэтых добрых людзей — народных і заслужаных дзеячаў БССР?

А справы Вострыкава, Філістовіча, Лапіцкага, Фурсаў?.. Пра паваенны супраціў мы ведаем адно ўрыўкі ўспамінаў выжылых. Або — тое, што нам дазволілі ведаць. Зразумела, у якім прачытанні. Ва ўсіх астатніх выпадках: «На жаль, архівы зачыненыя». Таму ва ўсіх суседніх народаў той антысавецкі супраціў быў, а ў беларусаў — нібы і не было нічога. Не напісана — значыць, не было. 

Ці вось падзеі 1980-х — 1990-х. Здаецца ж, зусім нядаўна і незваротна даўно. Як ствараліся першыя незалежнцкія асяродкі? Ці былі там нейкія дамовы (моднае сёння слоўца — deal)? Калі так, то якія і на якіх умовах?.. Нават пра 1991 і 1994 мы ведаем з кніг Навумчыка і прызнанняў Пазняка. А што, калі ўсё было не зусім так? Ці — зусім не так?..

Самы важны час, якога мы не памятаем

Sliapy čalaviekКрыніца: Depositphotos

Пішучы беларускую гісторыю ХХ стагоддзя, нашы даследчыкі трапляюць нібы ў цёмны пакой, запоўнены кнігамі. А як прачытаць? Рэдкім дзяржаўным даследчыкам спецыяльна навучаныя людзі ўключаюць святло. Але паколькі даследчыкі дзяржаўныя і працуюць па загадзе, то, лічы — сляпыя. Так і жывем: што там, што тут — цемрадзь. 

Што атрымліваецца: самы важны час у нашай гісторыі дагэтуль застаецца схаваным ці напаўсхаваным. Бо ХХ стагоддзе — гэта ж не толькі БНР і БССР, але пераезд цэлага народа з вёскі ў горад — час сталення. Калі маладая душа пакідае бацькоўскі дом, канчаткова абрывае пупавіну ды — распраўляе крылы.

А мы надалей ведаем толькі тое, што нам дазволілі ведаць. І кожны раз, спрабуючы ў псіхатэрапеўта разабрацца ў сваіх «больках», упіраемся ў сцяну: «Не памятаю». «На жаль, архівы зачыненыя». Нават адсканаваць сябе ды ўсё, што з намі адбылося, мы напоўніцу не можам. 

«Скрадзеная краіна» — справа на тысячу тамоў 

«Skradzienaja kraina»
Крыніца: shedevrum.ai

Пытанні пра 2000, 2006, 2010, 2020... — зусім іншая катэгорыя. Тут не да гісторыкаў, а да следчых. На першы погляд. Бо, як паказвае практыка, гісторык — той жа следчы, адно што без магчымасці вочных ставак і персанальных допытаў усіх фігурантаў. А наша гісторыя — адзін вялікі дэтэктыў. 

Магчыма, некалі ў Менску будзе публічна разглядацца адна вялікая справа на тысячу тамоў. Справа пра «скрадзеную краіну». І хаця б для гэтага, каб дачакацца моманту, варта жыць.


Алесь Кіркевіч, Budzma.org