Чаму мы глядзім гістарычнае кіно? Чаму краіны ваююць за тое, хто і як накрэсліў межы 100-200 год таму? Чаму мы ўвесь час корпаемся ў тым, хто каго забіў, закатаваў ці саслаў? Хоць забітых не вярнуць, а каты — даўно памерлі сваёй смерцю. Завучаны адказ: «Каб яно не паўтарылася зноў». А яно паўтараецца і паўтараецца...
У школе нас вучылі, што гісторыя — навука пра мінулае. Пра тое, што было. Было й сышло. Усе гэтыя людзі на чорна-белых фотаздымках ці раскошных партрэтах — мёртвыя. Усе, каго яны забілі, хто забіў іх — таксама. Гарады, палацы, замкі — усё пераўтварылася ў пыл і попел. Засталіся ўспаміны або — успаміны пра ўспаміны. Цені ад бляклай лямпы.
Дык чаму ж гэта ўсё бударажыць, выклікае эмоцыі? Чаму гісторыю нельга пакласці на паліцу ці — аддаць у рукі спецыялістаў? Хай корпаюцца. Як палеантолагі, генетыкі, метэаролагі. Спрэчкі пра метэаралогію чамусьці не выклікаюць войнаў. А пра гісторыю — выклікаюць.
Разважае Алесь Кіркевіч.
Алесь Кіркевіч, фота з асабістага архіву
Толькі лянівы не заўважыў, колькі дарагіх гістарычных фільмаў выйшла ў РФ за апошнія 20 год напярэдадні «поўнамаштабнай». Безліч: «9 рота», «Сталінград», «Ліквідацыя», «Т-34», «Брэсцкая крэпасць», «Сволачы», «Дзевятаеў», «28 панфілаўцаў»... Поўны спіс не складуць нават кінакрытыкі.
Кажуць, Расія праз гісторыю транслюе ідэалогію. Дурыць народ на прыкладах дзядоў, якія ў целагрэйках кідаліся на танкі з апошняй гранатай. Ну і вы, маўляў, таксама: «Давайце, давайце!..» Але гэта надта проста.
Але... ці мы самі — іншыя? Наўпрост для здымак маштабнага кіно пра Януша Радзівіла і Бацьку Балаховіча ў беларусаў няма рэсурсаў. Рэсурсаў хапае ў лепшым выпадку на кніжкі, бюджэтныя ютуб-праекты ці — бясконцыя «срачы» ў сацыяльных сетках. Чамусьці яны зноў-такі пра гісторыю, а не пра біялогію ды плоскіх чарвякоў.
Ідзем далей. Польшча — краіна, апантаная гісторыяй. Калі ў нас голад на гістарычную тэму, то тут — перанасычанасць. Літва — гісторыя на кожным кроку.
Святкаванне 770-годдзя каранацыі Міндоўга ў Вільні
Украіна нават ва ўмовах вайны ўкладае грошы ў гістарычныя праекты, ад кіно да выставаў і музейных экспазіцый. Бо гістарычны дыскурс — частка нацыянальнай бяспекі. Ну і што, усё гэта — «казка, каб дурыць дзяцей»?
А што, калі няма ніякай гісторыі пра мінулае, а кожная гісторыя — пра тут і сёння? Кожны персанаж, геройства, злачынства — усё гэта толькі люстэркі? Усё пра жывых. Пра тое, што нам цікава.
Чаму расіяне любяць «Великую Отечественную», літоўцы — Вітаўта з Гедымінам, палякі — Пілсудскага і яго легіянераў? Бо кожны ў мінулым шукае палепшаную версію сябе. «Субстанцыю», калі апеляваць да нашумелага кіно з Дэмі Мур. Зусім не важна, ці раскручаны вобраз адпавядае рэчаіснасці з мінулага. Бо вобраз жыве сваім жыццём. А мінулае — толькі попел, дым.
Атрымліваецца, што гісторыя — гэта калектыўная псіхатэрапія. Часам — антыдэпрэсант, месцамі — наркотык. Бо там мы шукаем адказы на пытанне «кім я стану, калі вырасту?», а таксама «хто вінаваты?» ды «чаму ўсё не так?».
Тут жа адказ на пытанне, чаму ў Ігара Марзалюка, Цімоха Акудовіча, Уладзіміра Арлова, Вадзіма Гігіна — цалкам розныя погляды на тое, што было. Хоць мы ж усе гаворым пра тое самае, не? А гэта як у The last Duel Рыдлі Скота: у кожнага з фігурантаў злачынства свая версія падзеяў, свая праўда. Гісторыя — працяг чалавека, які яе распавядае.
Таму калі кожны з нас пераказвае гісторыю Беларусі — якая аб’ектыўна адна, і няма двух-трох Беларусяў — атрымліваецца штораз новы расповед. Нават не перакручваючы нейкія сюжэты, мы можам пра іх... забыцца. Напрыклад, пра 1937-1938 гады. Ну, а што тут такога? Не памятаю. Значыць, не было.
Ці вось, напрыклад, за што мы любім БНР? Бо хочацца свята, перамогі, сваёй дзяржавы.
Урачысты мітынг да 100-годдзя БНР
За што любім паўстанцаў Каліноўскага? Бо хочацца паўстаць супраць несправядлівасці. Чаму смуткуем над Курапатамі і Ноччу расстраляных паэтаў? Бо там шукаем спосаб выплакацца, пашкадаваць сябе. Непрыемна?.. Бо так і ёсць.
Усё гэта аб тым, чаго хочацца, чаго не хапае тут і цяпер. А не аб тым, што рэальна было. Калі пачытаць успаміны сучаснікаў БНР, то пра Беларускую дзяржаву ў 1918-м не чулі нават пад Мінскам, а каб вёска даведалася пра яе — гэта б выклікала хутчэй іронію. Але навошта пра гэта думаць, калі штогод 25 сакавіка хочацца свята?
Роўна як шчаслівы чалавек не схільны жыць мінулым, так і шчаслівыя народы найменш зацікаўленыя ў гістарычных баталіях. Бо няма патрэбы ў гэтым допінгу з мінулага, усё і так — ОК. Не трэба штодня даставаць з саркафагаў «палепшаную версію сябе» ў іржавых даспехах. Бо адбітак у люстэрку — цалкам задавальняе. У такіх краінах гісторыя займае сваё пачэснае месца: паміж навукай і хобі.
Не ведаю, калі ў нас так будзе і ці будзе наогул. Зразумела, што ў нашым выпадку гісторыя — не настаўніца. Дык хай будзе, прынамсі, талковым псіхатэрапеўтам, з дыпломам.
Тым жа, хто займаецца гістарычнай палітыкай, хочацца пажадаць памятаць: сучаснасць зусім не працяг гісторыі, бо гісторыя — працяг сучаснасці.
Алесь Кіркевіч, Budzma.org