«Патрабуем растлумачыць, куды падзелася памятная дошка Тадэвушу Касцюшкі на Новым замку ў Гродне, а таксама ў найкарацейшыя тэрміны вярнуць яе на месца.» З Новага замка ў Гродне знялі памятную дошку, прысвечаную нацыянальнаму герою Беларусі, — абураныя жыхары горада размясцілі на сайце Petitions.by зварот у Гродзенскі гарвыканкам.
Месца, дзе была шыльда, прысвечаная Касцюшку. Крыніца: Facebook Ales Kirkevicz
Драўляная шыльда на сцяне Новага замка была ўсталяваная ў 1994 годзе, да 200-годдзя паўстання. Знялі яе ў красавіку 2024 — праз трыццаць гадоў.
У верасні 1794 года ў замку працавала Паўстанцкая парадкавая камісія, у якой браў удзел і Тадэвуш Касцюшка. Гарадзенцы адзначылі, што гэты візіт — важны момант у гісторыі Новага замка, пра які згадвае кожны экскурсавод. Дзякуючы памятнай дошцы, пра гэты факт можна было даведацца самастойна.
Памяць пра Тадэвуша Касцюшку здаўна шануецца і захоўваецца жыхарамі Гродна, адзначылі аўтары петыцыі. Вуліца Касцюшкі існуе ў горадзе каля 100 гадоў, а ў Кафедральным саборы Францыска Ксаверыя размешчаныя дзве памятныя дошкі. Адна шыльда з надпісам на польскай мове была пастаўлена ў 1917 г. да 100-годдзя з дня смерці нацыянальнага героя. Другая — у 2017 годзе, ужо да 200-годдзя з дня яго смерці. Яна зробленая з адмысловага шкла і мае надпісы на беларускай, польскай і англійскай мовах: «1817–2017. Тадэвушу Касцюшку — удзячныя нашчадкі.»
«Мы лічым, што дэмантаж дошкі негатыўна ўплывае на турыстычны патэнцыял Гродна, абядняе нашую гісторыю, ідзе ў разрэз з прынятымі канцэпцыямі развіцця турызму і гасціннасці Беларусі,» — напісалі аўтары зварота.
Подпісы збіраюць да 8 мая 2024 года.