«Першыя недэмакратычныя»: у Музеі Вольнай Беларусі адкрыецца міні-экспазіцыя пра выбары 2001 года

5 верасня 2026 года ў 12:00 у Музеі Вольнай Беларусі ў Варшаве адбудзецца адкрыццё часовай экспазіцыі «Першыя недэмакратычныя», прысвечанай прэзідэнцкім выбарам у Беларусі 2001 года. У межах адкрыцця адбудзецца сустрэча з непасрэднымі ўдзельнікамі падзей і экскурсія па экспазіцыі, якую правядуць самі ўдзельнікі.

Afiša

Экспазіцыя прымеркаваная да 25-й гадавіны прэзідэнцкіх выбараў 2001 года — выбараў, якія сталі важным этапам у развіцці беларускага дэмакратычнага руху ва ўмовах узмацнення дзяржаўнага кантролю над СМІ і выбарчым працэсам.

У цэнтры экспазіцыі — матэрыялы вулічнай агітацыі і асабістыя артэфакты ўдзельнікаў выбарчай кампаніі 2001 года, якія цяпер захоўваюцца ў калекцыі Музея Вольнай Беларусі.

Адным з найбольш прыкметных элементаў кампаніі таго часу стала дзейнасць моладзевай ініцыятывы «Зубр», якая разгарнула шырокую вулічную агітацыю, нягледзячы на адсутнасць доступу да незалежных СМІ. Плакаты, налепкі, улёткі і іншыя матэрыялы сталі важным інструментам камунікацыі з грамадствам і спосабам абыходу дзяржаўнага кантролю над інфармацыйнай прасторай.

5 верасня ў адкрыцці экспазіцыі возьмуць удзел Павел Казанецкі і Уладзімір Кобец — непасрэдныя ўдзельнікі дэмакратычнага руху і падзей 2001 года. Менавіта яны перадалі частку прадстаўленых матэрыялаў у Музей Вольнай Беларусі.

Падчас сустрэчы яны распавядуць пра выбарчую кампанію, вулічную агітацыю і працу дэмакратычных ініцыятыў ва ўмовах дзяржаўнага кантролю. Пасля сустрэчы адбудзецца экскурсія па экспазіцыі з удзелам яе непасрэдных сведкаў.

Выставу можна пабачыць толькі адзін тыдзень 

Міні-экспазіцыя «Першыя недэмакратычныя» будзе адкрытая для наведвання толькі з 5 да 11 верасня 2026 года. Пасля гэтага прадстаўленыя матэрыялы будуць вернутыя ў музейную калекцыю.

Музей Вольнай Беларусі запрашае беларускія незалежныя медыя наведаць адкрыццё, асвятліць падзею і распаўсюдзіць анонс экспазіцыі сярод сваёй аўдыторыі.

Удзел непасрэдных сведкаў падзей, якія не толькі перадалі артэфакты ў музей, але і асабіста раскажуць пра іх гісторыю, робіць адкрыццё асабліва важнай магчымасцю для журналістаў і даследчыкаў.

Дзе і калі?

Дата: 5 верасня 2026 года

Час: 12:00

Месца: Музей Вольнай Беларусі, ul. Foksal 11, Варшава

Экспазіцыя: 5–11 верасня 2026 года

Уваход: вольны