З яе дапамогай можна будзе адшукаць гару Касцюшкі ў Аўстраліі, Падуанскі ўніверсітэт, дзе трымаў экзамен Скарына і нават музеі, якія захоўваюць шэдэўры Марка Шагала.
Памятаеце пра карту беларускага бізнесу за мяжой bymapka.me? Культурная мапа — ад яе стваральнікаў. Гэтым разам яны вырашылі зрабіць карту, дзе будуць сабраныя культурныя каштоўнасці за межамі Беларусі. Так што цяпер беларусы змогуць адшукаць месцы, звязаныя з нашай гісторыяй і культурай. Вы не паверыце, але такія ёсць нават ў Аўстраліі і Чылі.
Культурная мапа беларусаў замежжа. Скрыншот: kultmapka.me
Як прызнаюцца стваральнікі культмапкі, самым складаным было сабраць і апрацаваць інфармацыю, прыгожа яе аформіць і растлумачыць, чым гэты ці іншы культурны аб’ект можа быць цікавым беларусам.
Што ўжо размешчана на мапе?
Каардынаты артэфактаў абазначаны ўжо ў 30 краінах і на карце ўжо больш за 200 пунктаў: знакавыя месцы, помнікі, музеі, магілы і нават горы, названыя ў гонар нашых землякоў.
Напрыклад, гара ў Аўстраліі, якая атрымала імя нацыянальнага героя Беларусі, Польшчы і ЗША, змагара за незалежнасць Тадэвуша Касцюшкі. Ёсць на мапцы і Кардыльера-Дамейка — горны хрыбет у Паўднёвай Амерыцы, названы ў гонар ураджэнца Беларусі, нацыянальнага героя Чылі, заснавальніка ўніверсітэта ў Сант’яга і вялікага сябра Адама Міцкевіча Ігната Дамейкі.
Кардыльера-Дамейка. Фота wikipedia.org
Таксама на карце мы знайшлі больш за дзясятак музеяў у розных краінах, якія захоўваюць палотны ўраджэнца Віцебска, сусветна вядомага мастака Марка Шагала, а на могілках французскага горада Сен-Поль-дэ-Ванс з дапамогай культмапкі можна адшукаць магілу мастака.
Знакамітае палатно Марка Шагала. Фота wikipedia.org
Ёсць на новай мапе і месцы, дзе жыў, працаваў і выкладаў беларускі першадрукар, ураджэнец Полацка Францыск Скарына. І гэта не толькі Вільня і Прага, у якіх асветнік выдаваў свае кнігі. Але яшчэ і Падуя, дзе Скарына здаў іспыт і атрымаў ступень доктара медыцыны.
На карту нанесеныя месцы, звязаныя з нашымі сучаснікамі. Напрыклад, дома ў Празе, дзе незадоўга да вяртання на радзіму ў выгнанні жыў пісьменнік Васіль Быкаў.
Абазначана і магіла ўраджэнца вёскі Вішнева ў Валожынскім раёне, дзявятага прэзідэнта Ізраіля Шымона Перэса.
І гэта — толькі пачатак
«Мы ўпэўненыя, што сабралі зусім малую частку культурных артэфактаў і будзем вельмі ўдзячныя, калі Вы дапаможаце нам яе напоўніць», — заклікаюць стваральнікі «Белмапкі» дасылаць ім каардынаты месцаў, звязаных з Беларуссю і яе ўраджэнцамі. Гэта могуць быць помнікі, музейныя артэфакты і проста памятныя адрасы.
А ў перспектыве каманда плануе распрацаваць дадатковую опцыю, якая дапаможа карыстальнікам пракласці самы кароткі маршрут да найбліжэйшага беларускага месца.
Чытайце яшчэ: Менская ўрбаністычная платформа запускае аўдыяэкскурсіі па беларускіх гарадах