«Купалаўцы» рыхтуюць прэм’еру спектакля паводле рамана Віктара Марціновіча «Сфагнум»

19.12.2022 Тэатр

Вольныя «Купалаўцы» завяршаюць год прэм’ерай паводле рамана «Сфагнум» Віктара Марціновіча. Паўнафарматны спектакль будзе пятай за 2022 год  жывой прэм’ерай «Купалаўцаў» на тэатральнай сцэне і анлайн.


photo_2022-12-18_16-56-14.jpg

Пастанову можна будзе пабачыць ужывую 22 снежня ў Варшаве на сцэне «Перадавік» Драматычнага Тэатра (Teatr Dramatyczny) па адрасе ul. Olesińska, 21.

Анлайн спектакль будзе дасяжны на YouTube-канале «Купалаўцы» ў дзень прэм’еры а 21.00 па Мінску. Доступ вольны, але данаты вітаюцца.

«Сфагнум» — гэта сума назіранняў за тым, як дзіўна ўсё ўладкавана ў сучаснай Беларусі, сфармуляваная ў не зусім цэнзурнай форме. Гэта не спектакль пра вёску. Гэта не спектакль пра балота. Гэта спектакль пра абсурд, у які пагрузілася Беларусь.

Што значыць сфагнум? Сфагнум — гэта балотная расліна, тарфяны мох. Як кажа адзін з герояў п’есы: «Тут з яго ўсё, паглядзіце пад ногі: купіны — жывы сфагнум, торф — перагнілы сфагнум. Партызаны сухі сфагнум бралі замест бінтоў і ваты. А людзі мясцовыя, калі хаты будуюць, сфагнум між бярвення кладуць, каб цёпла было. А яшчэ ён гарыць добра. Сфагнум — лекі, сфагнум — паветра, сфагнум — агонь, сфагнум — вада, сфагнум — зямля пад нагамі. Уся краіна — сфагнум».

А што адбываецца на гэтым балоце? Трое маладых людзей, можна сказаць, «злачынцаў-пачаткоўцаў», правальваюць першую сур’ёзную справу, даручаную ім бандай. Яны губляюць грошы і вырашаюць схавацца ў аддаленай беларускай вёсачцы. Аднак вёска не такая простая, і тут жывуць зусім не такія простыя людзі...

Аўтар перакладу рамана на беларускую — Віталь Рыжкоў.

Рэжысёр, аўтар інсцэніроўкі — Аляксандр Гарцуеў

Ролі выконваюць: Сяргей Чуб, Мікалай Стонька, Аляксандр Зелянко, Аляксандр Казела, Алег Гарбуз, Міхась Зуй, Зоя Белахвосцік, Аляксандр Гарцуеў, Валянціна Гарцуева, Кацярына Яворская, Ігар Сігоў.

У спектаклі прагучыць музыка Міхала Клеафаса Агінскага, Антоніа Вівальдзі, Жана-Марка Біркгольца, Aляксандра Зелянко, Дзмітрыя Фрыгі.

Спектакль адбудзецца пры падтрымцы Тэатральнага інстытута імя Збігнева Рашэўскага, Драматычнага тэатра Варшавы, фонда «Tutaka», Музея Вольнай Беларусі і фінансаванні Стабілізацыйнага фонду — ініцыятывы па падтрымцы культурніцкіх і адукацыйных арганізацый ва Украіне, Усходняй і Паўднёва-Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі, якія пацярпелі ад наступстваў вайны ва Украіне.

Падрабязней аб спектаклі можна даведацца на старонцы «Купалаўцаў», падтрымаць вольную тэатральную групу ў выгнанні можна тут.