Фільм «Купала». У кіпцюрах вечнай імперыі

У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра фільм «Купала» рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага.

Фільм з псеўданімам класіка беларускай літаратуры ў загалоўку распачынаецца з шакуючай сцэны яго смерці на гранітнай падлозе гасцініцы «Масква». Акрамя відавочнага пытання — «Чаму так адбылося?», гэтая сцэна становіцца ключавой, з самага пачатку задаючы драматычны тон далейшай гісторыі. Сапраўды, у «Купале» гледача чакае не столькі біяграфія паэта Івана Луцэвіча, колькі трагедыя пра марныя спадзевы беларускай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя аб утварэнні ўласнай незалежнай дзяржавы.

Kupala1


Акно магчымасцяў

Шчыры антысавецкі мэседж адразу збівае з панталыку — а ці праўда гэтае кіно здымалі на дзяржстудыі «Беларусьфільм» і з дазволу ўлад з прарасійскімі поглядамі? Цяпер у гэта цяжка паверыць, але менавіта так і было. Беларускі аўтарытарызм ніколі не меў вялікай любві да нацыянальнай культуры, таму ігравы фільм пра Янку Купалу на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся недасяжным праектам, які цярпліва чакаў акна магчымасцяў.

І той настаў у канцы 2010-х гадоў, калі стала зразумела, што імперскія апетыты Крамля прасціраюцца не толькі на Украіну, але і на Беларусь. Тады ў ідэалагічных мэтах пачалі расчахляць праекты з яскравым нацыянальным зместам («Авантуры Пранціша Вырвіча», «Гэта я, Мінск»), якія пасля жніўня 2020 года ўсе як адзін не выйшлі на вялікія экраны і леглі на паліцу Мінкульта.

kupala2

«Купала» апынуўся ў авангардзе гэтых працэсаў — і яму больш за ўсіх пашанцавала. Дзяржаўная цэнзура спрабавала адправіць яго ў забыццё, але атрымалася наадварот — надала стужцы ўплывовасці і культавы статус, які толькі падмацаваў зліў у сеціва недапрацаванай версіі восенню 2020 года, у самых разгар палітычных пратэстаў. У той момант фільм глядзелі дома на камп’ютары і ў дварах з суседзямі. Так «Купала» з ідэалагічнай зброі ўлады стаў міжвольна сімвалам рэвалюцыі, сфармуляваўшы за разгубленых апазіцыйных палітыкаў галоўную праблему краіны і грамадства — залежнасць, якая засталася ў спадчыну ад Расійскай імперыі, што царскай, што савецкай.

Мастацкі бок фільма — пастка амбіцыйных рэжысёраў

Як нечаканы сацыяльна-культурны феномен фільм сапраўды склаўся, чаго не скажаш пра яго мастацкі бок, які атрымаўся вельмі далёкім ад ідэала. Уладзімір Янкоўскі трапіў у класічную пастку амбіцыйных рэжысёраў, якія спрабуюць даць рады грувасткаму жанру кінабіяграфіі. Ідэя змясціць усё жыццё Янкі Купалы ў межах дзвюх з паловай гадзін хранаметража толькі на словах выглядае класнай ідэяй. На практыцы яна выліваецца ў бясконцы калейдаскоп фактаў і падзей, у якім губляецца ідэя фільма і не застаецца месца для раскрыцця характару герояў.

kupala3

Мы назіраем, як будучы народны паэт, чыё дзяцінства праходзіць у пастаральных дэкарацыях ідэальнай беларускай вёскі, увесь час кудысьці едзе. Спачатку ў Мінск — атрымліваць пачатковую адукацыю. Потым — у Вільнюс працаваць бібліятэкарам у газеце «Наша Ніва» і пісаць вершы. Затым — у Санкт-Пецярбург і Маскву за акадэмічнымі ведамі. Усё гэта касцюмнае роўд-муві суправаджаецца нервовай дэкламацыяй вершаў сярод інтэлігентаў-аднадумцаў, трывожнымі размовамі аб лёсе краіны і фліртам з будучай жонкай Уладзіславай Станкевіч.

Калі вам гэта нагадвае пераказ артыкула «Вікіпедыі», то менавіта такі аповед «Купала» і прапануе. Яму б болей пасаваў фармат тэлевізійнага міні-серыяла, бо ў межах поўнага метра стужцы відавочна цесна і не хапае прасторы. Амаль усе персанажы гэтай шматфігурнай гісторыі застаюцца ў дыяпазоне павярхоўнага вобраза, без належнага раскрыцця матывацыі і характару.

kupala4

Больш-менш аб’ёмнай атрымалася асоба самога Янкі Купалы, ролю якога ў юнацтве і ў спелыя гады бліскуча ўвасобіў латвійскі тэатральны і кінаактор Мікалай Шастак. Экранны пясняр у яго выкананні атрымаў не толькі фатаграфічнае падабенства з рэальным прататыпам, але прайшоў вялікую драматургічную эвалюцыю ад рамантычна настроенага літаратара да патрапілага ў абцугі савецкай цэнзуры псіхалагічна зламанага інтэлігента.

Для Янкоўскага Купала — цалкам трагічная фігура, якая адлюстроўвае ў сабе ўвесь драматызм часу і складанасць лёсу маладой беларускай дзяржаўнасці, якая паўстала на абломках адной імперыі і без шанцаў на свабоду перацякла ў іншую. Таму аўтары наўмысна не разводзяць канспіралогію вакол смерці паэта, які мог выпадкова трапіць у лесвічны пралёт ці быць забітым па заданні чэкістаў НКУС. Не, Купала тут сам абірае смерць, разумеючы безвыходнасць сітуацыі, у якую яго самога і паплечнікаў завёў флірт з бальшавікамі.

kupala5

Гэты моцны мастацкі вобраз цалкам адлюстроўвае сучасны геапалітычны расклад Беларусі, якая праз актыўнае ўхваленне ўлад паступова паглынаецца Расіяй, усё болей трапляючы пад уплыў каштоўнасцяў і наратываў «рускага свету».

Стрыманая русафобія «Купалы» не тлумачыць, як даць рады новаму выкліку і ці атрымаецца ўсім нам нарэшце выскачыць з кіпцюроў абуджанай імперыі. Але яна рыхтуе глебу разумення, дзе хаваецца корань нацыянальных праблемаў. І вось што з ім рабіць — высекчы ці пакінуць як ёсць — гэта пытанне з зорачкай, адказ на якое кожны павінен адшукаць самастойна.

Тарас Тарналіцкі, Budzma.org