У спецпраекце «Беларускае кіно на зломе эпох» кінакрытык Тарас Тарналіцкі піша пра фільм «Купала» рэжысёра Уладзіміра Янкоўскага.
Фільм з псеўданімам класіка беларускай літаратуры ў загалоўку распачынаецца з шакуючай сцэны яго смерці на гранітнай падлозе гасцініцы «Масква». Акрамя відавочнага пытання — «Чаму так адбылося?», гэтая сцэна становіцца ключавой, з самага пачатку задаючы драматычны тон далейшай гісторыі. Сапраўды, у «Купале» гледача чакае не столькі біяграфія паэта Івана Луцэвіча, колькі трагедыя пра марныя спадзевы беларускай інтэлігенцыі пачатку ХХ стагоддзя аб утварэнні ўласнай незалежнай дзяржавы.
Акно магчымасцяў
Шчыры антысавецкі мэседж адразу збівае з панталыку — а ці праўда гэтае кіно здымалі на дзяржстудыі «Беларусьфільм» і з дазволу ўлад з прарасійскімі поглядамі? Цяпер у гэта цяжка паверыць, але менавіта так і было. Беларускі аўтарытарызм ніколі не меў вялікай любві да нацыянальнай культуры, таму ігравы фільм пра Янку Купалу на працягу дзесяцігоддзяў заставаўся недасяжным праектам, які цярпліва чакаў акна магчымасцяў.
І той настаў у канцы 2010-х гадоў, калі стала зразумела, што імперскія апетыты Крамля прасціраюцца не толькі на Украіну, але і на Беларусь. Тады ў ідэалагічных мэтах пачалі расчахляць праекты з яскравым нацыянальным зместам («Авантуры Пранціша Вырвіча», «Гэта я, Мінск»), якія пасля жніўня 2020 года ўсе як адзін не выйшлі на вялікія экраны і леглі на паліцу Мінкульта.
«Купала» апынуўся ў авангардзе гэтых працэсаў — і яму больш за ўсіх пашанцавала. Дзяржаўная цэнзура спрабавала адправіць яго ў забыццё, але атрымалася наадварот — надала стужцы ўплывовасці і культавы статус, які толькі падмацаваў зліў у сеціва недапрацаванай версіі восенню 2020 года, у самых разгар палітычных пратэстаў. У той момант фільм глядзелі дома на камп’ютары і ў дварах з суседзямі. Так «Купала» з ідэалагічнай зброі ўлады стаў міжвольна сімвалам рэвалюцыі, сфармуляваўшы за разгубленых апазіцыйных палітыкаў галоўную праблему краіны і грамадства — залежнасць, якая засталася ў спадчыну ад Расійскай імперыі, што царскай, што савецкай.
Мастацкі бок фільма — пастка амбіцыйных рэжысёраў
Як нечаканы сацыяльна-культурны феномен фільм сапраўды склаўся, чаго не скажаш пра яго мастацкі бок, які атрымаўся вельмі далёкім ад ідэала. Уладзімір Янкоўскі трапіў у класічную пастку амбіцыйных рэжысёраў, якія спрабуюць даць рады грувасткаму жанру кінабіяграфіі. Ідэя змясціць усё жыццё Янкі Купалы ў межах дзвюх з паловай гадзін хранаметража толькі на словах выглядае класнай ідэяй. На практыцы яна выліваецца ў бясконцы калейдаскоп фактаў і падзей, у якім губляецца ідэя фільма і не застаецца месца для раскрыцця характару герояў.
Мы назіраем, як будучы народны паэт, чыё дзяцінства праходзіць у пастаральных дэкарацыях ідэальнай беларускай вёскі, увесь час кудысьці едзе. Спачатку ў Мінск — атрымліваць пачатковую адукацыю. Потым — у Вільнюс працаваць бібліятэкарам у газеце «Наша Ніва» і пісаць вершы. Затым — у Санкт-Пецярбург і Маскву за акадэмічнымі ведамі. Усё гэта касцюмнае роўд-муві суправаджаецца нервовай дэкламацыяй вершаў сярод інтэлігентаў-аднадумцаў, трывожнымі размовамі аб лёсе краіны і фліртам з будучай жонкай Уладзіславай Станкевіч.
Калі вам гэта нагадвае пераказ артыкула «Вікіпедыі», то менавіта такі аповед «Купала» і прапануе. Яму б болей пасаваў фармат тэлевізійнага міні-серыяла, бо ў межах поўнага метра стужцы відавочна цесна і не хапае прасторы. Амаль усе персанажы гэтай шматфігурнай гісторыі застаюцца ў дыяпазоне павярхоўнага вобраза, без належнага раскрыцця матывацыі і характару.
Больш-менш аб’ёмнай атрымалася асоба самога Янкі Купалы, ролю якога ў юнацтве і ў спелыя гады бліскуча ўвасобіў латвійскі тэатральны і кінаактор Мікалай Шастак. Экранны пясняр у яго выкананні атрымаў не толькі фатаграфічнае падабенства з рэальным прататыпам, але прайшоў вялікую драматургічную эвалюцыю ад рамантычна настроенага літаратара да патрапілага ў абцугі савецкай цэнзуры псіхалагічна зламанага інтэлігента.
Для Янкоўскага Купала — цалкам трагічная фігура, якая адлюстроўвае ў сабе ўвесь драматызм часу і складанасць лёсу маладой беларускай дзяржаўнасці, якая паўстала на абломках адной імперыі і без шанцаў на свабоду перацякла ў іншую. Таму аўтары наўмысна не разводзяць канспіралогію вакол смерці паэта, які мог выпадкова трапіць у лесвічны пралёт ці быць забітым па заданні чэкістаў НКУС. Не, Купала тут сам абірае смерць, разумеючы безвыходнасць сітуацыі, у якую яго самога і паплечнікаў завёў флірт з бальшавікамі.
Гэты моцны мастацкі вобраз цалкам адлюстроўвае сучасны геапалітычны расклад Беларусі, якая праз актыўнае ўхваленне ўлад паступова паглынаецца Расіяй, усё болей трапляючы пад уплыў каштоўнасцяў і наратываў «рускага свету».
Стрыманая русафобія «Купалы» не тлумачыць, як даць рады новаму выкліку і ці атрымаецца ўсім нам нарэшце выскачыць з кіпцюроў абуджанай імперыі. Але яна рыхтуе глебу разумення, дзе хаваецца корань нацыянальных праблемаў. І вось што з ім рабіць — высекчы ці пакінуць як ёсць — гэта пытанне з зорачкай, адказ на якое кожны павінен адшукаць самастойна.
Тарас Тарналіцкі, Budzma.org