Купоны, талеры і “зайчыкі”

29.05.2015 Гісторыя

Першае маё знаёмства з беларускімі рублямі адбылося дзесьці ў другой палове 1992 года і ўяўляла сабой так званы разрыў шаблону. Я трымаў у руках невялікую купюрку з вавёркай на аверсе і надпісам “Пяцьдзесят капеек”. Намінал купюркі быў пяць рублёў. “Пяць рублёў, Карл!”.

А ў абарачэнне загадкавыя грошы, за якімі на дзесяцігоддзе замацавалася мянушка “зайчыкі”, паступілі роўна 23 гады таму, 29 траўня 1992 года.

Калі развальваўся СССР, камусьці было дрэнна на душы, камусьці добра, але матэрыяльна было дрэнна амаль усім. Грошы мала таго што імкліва абясцэньваліся, яны яшчэ і належалі краіне, якой ужо не было на карце. Нейкі час гэта працягвацца магло, але трэба было прымаць меры.

Пачалі, як звычайна, з паліятываў. Каб абараніць унутраны рынак і не дапусціць, каб насельніцтва пачало галадаць, з пачатку 1992 года пачалі хадзіць іменныя купоны. Кожны купон выкарыстоўваўся адзін раз, хадзілі яны сумесна з савецкімі рублямі. А выкарыстоўваліся выключна грамадзянамі Рэспублікі Беларусь, каб тыя маглі прыдбаць тавары першай неабходнасці раней, чым гэта зробяць практычныя іншаземцы з краін, дзе гэты тавар больш дарагі. Калі гаспадар купонаў жадаў нешта прыдбаць, ён павінны быў адрэзаць ад ліста адзін ці больш купонаў і аддаць прадаўцу, прычым загадзя рэзаць забаранялася, бо імянныя, і трэба было адразаць ад ліста, на якім указанае імя. На некаторы час беларускія крамы атрымалі найноўшы дэвайс – вертыкальную спіцу, на якую прышпільваліся выкарыстаныя купоны. Песімісты загаварылі аб картачнай сістэме і хуткім апакаліпсісе, аптымісты чакалі хуткага знікнення купонаў і з’яўлення на іх месцы… ну хоць чаго-небудзь. Другім пашанцавала больш, чым першым.

Тое, што беларускія грошы пасля аб’яўлення незалежнасці застануцца рублямі, было абсалютна невідавочна. Так, у СССР і Расійскай імперыі хадзілі рублі і капейкі. Але ў Рэчы Паспалітай і ВКЛ рублі і капейкі не хадзілі. А паколькі будаваць новую сімволіку даводзілася на пустым месцы, то не было ніякай рацыі аддаваць перавагу менавіта расійскім і савецкім назвам грошай. Тая ж Літва перайшла з рублёў на літы і, як бачым, не загінула праз гэта.

Варыянтаў новай нацыянальнай валюты было, уласна, два: беларускія талеры ці беларускія рублі (дробязь называлася адпаведна грошамі і капейкамі). Хто перамог, сёння ясна ўсім, але дэталі ведаюць не ўсе. Па-першае, пытанне “талеры ці грошы” ўзнікла не пасля развалу СССР, нават не пасля жнівеньскага путчу – мастак Уладзімір Крукоўскі распрацаваў канцэпцыю талера яшчэ ў 1990 годзе, а само існаванне ўласнай нацвалюты абмяркоўвалася яшчэ на сесіях славутага Вярхоўнага Савета 12 склікання. Дызайн новых банкнот распрацоўваў беларускі мастак Леанід Бартлоў. Ходзяць чуткі, што новыя талеры нават былі таемна замоўленыя ў Германіі (сама Беларусь на той час купюры адпаведнай якасці выпусціць не магла). Але сур’ёзнага пацвярджэння версія не мае. Больш за тое, кіраўнік Нацбанка ў 1991-1995 гг. Станіслаў Багданкевіч абвяргае магчымасць друкавання талераў, сцвярджаючы, што пры галасаванні на тым самым Прэзідыуме Вярхоўнага Савета 12 склікання за талер быў адзін Ніл Гілевіч, а астатнія – за “беларускі рубель”. На купюрах – рублёвых, не талеравых – планавалася размясціць партрэты Скарыны, Багдановіча, Коласа, Купалы, Паўлінкі – сумненні, па словах Багданкевіча, узнікалі толькі наконт Кастуся Каліноўскага, бо ён “быў замешаны ў рабаўніцтве банкаў”, а такое для грашовай сістэмы крыўдна.

Але ўрэшце купюры з нацыянальнымі дзеячамі ў народ не пайшлі. Кіраўніцтва краіны вырашыла тады максімальна абстрагавацца ад “палітычных” матываў і прыняць грошы з максімальна нейтральнай тэматыкай. А больш нейтральнай тэмы, чым прырода, і не прыдумаць – бо яна заўсёды ні за кога. Так і з’явіліся першыя беларускія грошы з жывёламі, з тым самым зайцам, які трапіў на купюру ў адзін рубель проста з дзіцячай энцыклапедыі “Звери и птицы нашей страны” 1957 года. Увесь тыраж быў выраблены на фабрыцы Гознака РФ. Адзін беларускі рубель адразу прыраўнялі да 10 савецкіх. Так і з’явіліся 50 капеек з вавёркай, якія каштавалі 5 рублёў…

Дзяніс Буркоўскі