Курс на Захад! Круты паварот беларускай гісторыі

10.08.2023 Гісторыя

Калі расіец пачынае мерацца з беларусам цывілізацыяй, то меркай у дыскусіі выступаюць еўрапейскія тэхналогіі (створаныя ў Заходняй Еўропе, або перанятыя адтуль): кнігадрук, архітэктура, традыцыя прыгожага пісьменства і г. д. Дыскусія непазбежна пераходзіць па плоскасць гісторыі. І тут нават не надта абазнаны ў гісторыі беларус знаходзіць важкія аргументы на сваю карысць. Якія менавіта? Распавядаем у артыкуле.


Як пачаўся беларускі рух да Еўропы

Апрача вядомага сакральна-рытарычнага: «А ў каго найперш кнігадрук з’явіўся?!», сур’ёзным аргументам на перавагу беларуса выступае архітэктура. Маўляў, пакажыце мне расійскую готыку, рэнесанс, барока?! Не можаце, бо вы яе не маеце і ніколі не мелі! (барока ў Пецярбургу ставілі еўрапейцы). А ў Беларусі ўсё гэта ёсць! У нас не толькі касцёлы, але цэрквы, мячэты і сінагогі ёсць гатычныя, рэнесансныя ды барочныя.

Царква 16 ст. у Сынкавічах.
 Царква 16 ст. у Сынкавічах. Фота Сяргея Лушчыка

У Расіі «прарубаў вакно ў Еўропу» Пётр І у XVІІІ ст., а Беларусь увайшла ў заходнееўрапейскую цывілізацыю на чатыры стагоддзі раней. Праўда, беларусам пра гэта не казалі ў царскай Расіі і ў Савецкім Саюзе. Гатычныя-рэнесансныя-барочныя храмы ды палацы або замоўчвалі, або бурылі (апошняе часцей).

Беларускі рух да Еўропы пачаўся ў другой палове ХІІІ ст. пасля мангольскага нашэсця, якое разбурыла ўсходнеславянскую цывілізацыю, што фактычна была філіяй візантыйскай. Вядомая гістарычная заканамернасць — пераймаюць у мацнейшых, хочуць быць да іх падобнымі. А якраз у той час Візантыя істотна аслабела, імкліва губляла тэрыторыі, палітычную моц і, адпаведна, прывабнасць і ўплыў на суседзяў.

Дарогі ўсходнеславянскіх народаў разышліся, яны пайшлі шукаць новыя цэнтры сілы. Расійцы — у Залатой Ардзе, беларусы — на Захадзе. Расійцы бралі ад татараў не толькі жонак, але атрыбуты матэрыяльнай культуры, найперш узбраенне (у нас да XVІ ст. дамінаваў меч, а ў іх — ужо ад XIV-га — шабля), узоры дзяржаўнай арганізацыі, вопраткі, прыдворнага этыкету, духоўнай культуры.

Маскавіты ў 16 ст.
Маскавіты ў 16 ст.

Характэрна, што нават назва сродка абмену ў расійскай мове паходзіць ад татарскай манеты дзенгі. А ў нас у той самы час ужо з’явіліся грошы — ад пражскага гроша — (Grossi pragenses) буйной срэбнай манеты, якая на стагоддзі стала асновай грашовага звароту ў Вялікім Княстве Літоўскім. У XIV ст., дакладней у 1362 г., перамога ліцвінаў над татарамі ў Сіняводскай бітве павярнула да Еўропы Усходнюю ды Цэнтральную Украіну (прынамсі, так лічаць украінскія гісторыкі).

Матэрыяльныя атрыбуты заходнееўрапейскага паходжання

На беларускіх землях перамены сталі заўважнымі ад другой паловы ХІІІ ст.

Па справаздачах археолагаў тады пачаліся істотныя змены ў матэрыяльнай культуры — з’явіліся новыя матэрыяльныя атрыбуты заходнееўрапейскага паходжання. З іх сёння найбольш заўважныя архітэктурныя помнікі, нямногія ацалелыя на паверхні зямлі і шматлікія перабудаваныя або адкапаныя археолагамі. Па-першае, іх аблічча беспамылкова паказвае на заходнееўрапейскі стыль — готыку; па-другое, будаўнічы матэрыял: замест вузкай каля 4 см таўшчынёй цэглы-плінфы візантыйскага ўзору — вялікапамерная гатычная цэгла таўшчынёй да 10 см — не пераблытаеш.

З самых першых гатычных будынкаў у Беларусі найлепш захаваўся знакаміты Камянецкі стоўп, пастаўлены ў 90-я гады ХІІІ ст.

Камянецкі стоўп
Камянецкі стоўп

Другі ацалелы на паверхні зямлі — моцна пашкоджаная вежа Шчытоўка на Наваградскім замку. А яшчэ па пісьмовых крыніцах вядомыя падобныя вежы ў Берасці, Тураве, Гародні, падмуркі якіх пакуль не знайшлі.

Чыста еўрапейскім вынаходніцтвам канца ХІІІ ст. стала пячная кафля, якая на нашых землях з’явілася ўжо ў пачатку XIV ст. — знойдзеная на раскопках у Полацку і ў Лідскім замку — у рэгіёнах, найбольш звязаных з Захадам.

Пячная кафля 14-15 ст. з лІдскага замка
Пячная кафля 14-15 ст. з Лідскага замка

А яшчэ пайшлі знаходкі ўзбраення выразна еўрапейскіх узораў, найперш, нямецкіх, ад суседства з Тэўтонскім ордэнам. Далей дахоўка, шкляныя і керамічныя начынні, у тым ліку «каменны тавар» (Steinzeug), посуд з берагоў Рэйна, зроблены з гліны, якая пры абпале набывае цвёрдасць каменя.

Навастворанае ў сярэдзіне ХІІІ ст. Вялікае Княства Літоўскае адразу ўвайшло ў еўрапейскую палітыку праз няпростыя адносіны з Тэўтонскім ордэнам, Польшчай і Галіцка-Валынскім княствам.

Рыцарства ВКЛ 15 ст.
Рыцарства ВКЛ 15 ст. 

Афіцыйны ўваход у заходнееўрапейскую цывілізацыю і яго вынікі

Урэшце колькасць перайшла ў якасць — у 1387 г. адбыўся афіцыйны ўваход Беларусі-Літвы ў заходнееўрапейскую цывілізацыю праз прыняцце дзяржаўнай рэлігіяй каталіцтва (вялікі князь Ягайла нарэшце выканаў дэкларацыі свайго дзеда і бацькі).

І хоць усе гэтыя перамены занялі больш за стагоддзе, у гістарычным маштабе яны былі імгненнем — крутым паваротам гісторыі. Прычына ясная — бралі ўзор з мацнейшага.

І пайшло-паехала. Нашыя хлопцы ў літаральным сэнсе паехалі, і не ў малой колькасці, у еўрапейскія ўніверсітэты, прычым амаль усе вярталіся. (У Масковіі Барыс Гадуноў паслаў быў пару дзясяткаў баярскіх дзяцей вучыцца ў Еўропу — не вярнуўся ніводзін). Готыка, рэнесанс, барока...

Беларусы ў Еўропе16-17 ст.
Беларусы ў Еўропе 16-17 ст.

Карысны гістарычны досвед

Але нікуды не зніклі і шматвекавыя мясцовыя культурныя традыцыі, якія шчыльна перапляліся з еўрапейскімі. У выніку атрымаўся цікавы гістарычны досвед культурнага сінтэзу — уклад Беларусі ў скарбонку сусветнай культуры. У краіне сфармавалася ўнікальная мадэль грамадска-культурнага жыцця, якую даследчыкі назвалі «рэнесансна-гуманістычнай з высокай ступенню талерантнасці і духоўнай свабоды».

Гэта менавіта той гістарычны досвед, які актуальны для сённяшняй беларускай сітуацыі цывілізацыйнага выбару. Ён вучыць, між іншым, што перайманне нават ад мацнейшага не павінна быць некрытычным малпаваннем. Нездарма народная памяць праз стагоддзі данесла да нас адшліфаваную і сканцэнтраваную ў лапідарнай прымаўцы мудрасць: «Людзей слухай, а свой розум май!».

Канстанцін Семяновіч, budzma.org

Чытайце яшчэ: Археолагі знайшлі ўнікальныя артэфакты полацкіх князёў