Лаўрэты прэміі імя Алеся Адамовіча былі абвешчаны ў Кракаве на фестывалі інтэлектуальнай кнігі «Pradmova».
Старшыня Беларускага ПЭН-цэнтру Таццяна Нядбай абвесціла чатырох лаўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год. Сярод іх — газета «Новы час» і яе рэдактарка Аксана Колб.
— Я хацела б абвясціць чатырох лаўрэатаў прэміі імя Алеся Адамовіча за 2021 год: газета «Новы Час» і яе рэдактарка Аксана Колб і ўвесь калектыў газеты; кніга, прысвечаная расстраляным пісьменнікам 30-х гадоў ХХ стагоддзя, якая выйшла ў Менску ў выдавецтве Янушкевіча, — «(Не)рассталяныя»; паэтычны дзённік Дзмітрыя Строцава «Беларусь перакуленая»; Вольга Шпарага з кнігай «У революции женское лицо. Случай Беларуси».
Прэмія імя Алеся Адамовіча была заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам у 1995 годзе і ўручаецца за найлепшыя публіцыстычныя публікацыі году.