У нядзелю, 14 верасня, пакуль большасць мінчукоў будзе глядзець салюты з нагоды дня горада, самыя адважныя барды сталіцы будуць змагацца за месца ў фінале конкурснай праграмы фестывалю «Бардаўская восень — 2014». Гэтым вечарам у бары «ДК» па адрасе Талбухіна, 4, на імправізаванай сцэне-рынгу сваю творчасць пакажуць маладыя і не вельмі, але бясспрэчна здольныя да напісання беларускіх песень выканаўцы. Каб падрыхтаваць «маладых байцоў» да першага бою з кваліфікаваным журы «Бардаўскай восені», пераможцы мінулых фэстаў дзеляцца сваім досведам з навічкамі.

«Надрыў, душа, музыка — наша ўсё! — сцвярджае самая зорная пераможца «Бардаўскай восені» Паліна Рэспубліка. — Таксама пажадана надзець памаранчавы швэдар, на твар лёгкі смутак, і прыняць крыху каньячку перад выступам».
А вось у пераможцы «Бардаўскай восені — 2010» Яўгена Барышнікава схема перамогі больш складаная:
«Спачатку трэба сабраць чароўную трын-траву і паспрабаваць убіцца ў конкурсную праграму ў год юбілейнага фестывалю, калі конкурснай праграмы няма. На наступны год трэба доўга тую траву мяць і спазніцца з падачай заяўкі на адбор. І толькі на трэці год, паводле праверанай народнай прыкметы, трэба выкінуць урэшце усякае брыдоцце і спакойна ехаць на фестываль. Асабліва важна выкінуць жаданне каго-кольвек перамагчы і каму-кольвек штосьці даказаць. Ну і пару прасценькіх песенек можна накрэмзаць, не зашкодзіць».
Міхал Бараноўскі, лідар гурта «Нельга забыць», што перамог на мінулым конкурсе «Бардаўскай восені», дае сур’ёзныя парады:
«Задача мінімум — прыдумаць дзве песні на беларускай мове, інакш перамагчы будзе даволі складана. Каб песні гучалі натуральна, варта часцей звяртацца да мовы, а не прыдумляць іх спецыяльна пад фестываль, бо такая беларускасць выглядае даволі штучна. Паколькі “Бардаўская восень” — фестываль спеўнай паэзіі і аўтарскай песні, то наяўнасць паэзіі ў песні будзе вельмі дарэчы. Тое самае і пра наяўнасць аўтара ў тым, што ён выконвае. Вельмі цікава, калі за выканаўцам бачны канцэпт, а не проста жаданне музіцыраваць на адвольныя тэмы».
У дадатак Міхал згадвае і больш сімвалічныя прыкметы перамогі:
«Уладзімір Пыльчанка, акардэаніст гурта «Нельга забыць», падтрымлівае швэдравы дрэс-код Паліны Рэспублікі і перад нашым пераможным выступам надзеў стары (дарэчы, мой) швэдар, каб выглядаць як сапраўдны бард-шасцідзясятнік», — кажа Міхал Бараноўскі.
Хлопцы з гурта «Re1ikt», якія атрымалі Гран-пры фестывалю ў 2009 годзе, раяць перад выступам на фэсце падсілкавацца кебабам і пазычыць гітару ў доктара Сайкова:
«І вельмі важна, каб гэтая гітара перастала працаваць пасярод песні і гучна-гучна шчоўкнулі калонкі, — кажа бубнач Аляксандр Дземідзенка. — Акрамя таго, мы ішлі на конкурс з думкамі накшталт «Усё роўна нас не адбяруць, бо мы нефармат», але высветлілася, што самае галоўнае — добра граць і спяваць, мець уласную выразную харызму, вобраз ды артыстычнасць. Хаця сапраўдная олдскульная бардаўская барада не зашкодзіць у якасці атрыбута патэнцыйнага пераможцы фестывалю», — смеючыся, дадае Аляксандр.
Нагадаем, што скарыстацца парадамі пераможцаў мінулых конкурсных праграм «Бардаўскай восені» вы зможаце толькі даслаўшы заяўку на ўдзел у адборачным канцэрце сёлетняга фэсту да 12 верасня на скрыню vosien2014@gmail.com. Сам адборачны канцэрт «Бардаўскай восені 2014» адбудзецца ў мінскім бары «ДК» 14 верасня а 18-й.

(Мы зрабілі жартоўную інфаграфіку з выкарыстаннем творчых і знешніх паказчыкаў пераможцаў.
Верагодна, перамагчы на “Бардаўскай Восені 2014” вам дапамогуць зялёныя лінзы! :)
Алесь Кот-Зайцаў для budzma.org