Дзень Незалежнасьці ці дзень нежалезнасьці?

25.08.2026
Лявон Вольскі піша пра Дні незалежнасці Украіны і Беларусі. Адкуль узялася дата 3 ліпеня, і навошта яна была патрэбная РБшнай «вярхушцы»? Чаму нам усім варта павіншаваць Украіну са святам Незалежнасьці?

Украіна адзначыла Дзень незалежнасьці. Сапраўдны Дзень Незалежнасьці, ня фэйкавы, вымысьлены ва ўладных кабінэтах і ўзгоднены з так званай «першай асобай», як у РБ. 

24 жніўня 1991 году Вярхоўная рада Украіны ўхваліла Акт абвяшчэньня незалежнасьці, падтрыманы народам на рэфэрэндуме ў сьнежні таго ж году. І гэты дзень — 24 жніўня — прызнаны Днём незалежнасьці.

Śviatkavańnie Dnia niezaliežnaści Ŭkrainy Сьвяткаваньне Дня незалежнасьці Ўкраіны 24 жніўня 2026 года. Скрыншот з відэа Офіса Прэзідэнта Ўкраіны

У Беларусі таксама раней сьвяткавалі па-чалавечы — 27 ліпеня, у дзень прыняцьця Дэклярацыі аб дзяржаўным сувэрэнітэце ў 1990 годзе. 

Але ў 1996-м адбыўся знакаміты рэфэрэндум, на якім прапаноўвалася сьвяткаваць незалежнасьць у іншую дату — 3 ліпеня, у дзень вызваленьня сталіцы БССР ад фашыстаў. Народ гэтую ініцыятыву нібыта падтрымаў (як і ўсе ініцыятывы гэтае ўлады і саму гэтую ўладу на ўсіх выбарах, якія гэтая ж улада і праводзіла, і галасы лічыла таксама яна). 

Навошта РБшнай «вярхушцы» спатрэбіліся гэтыя зьмены? 

Бо яна, гэтая вярхушка, наскрозь савецкая. Таму — як гэта? — сьвяткаваць выхад Беларусі са складу Савецкага Саюзу? Гэта трагедыя, а ня радасьць! Але, пачакайце, незалежнасьць неабходна ж неяк адзначаць, любая краіна мае такое сьвята! Тады варта падабраць нейкую савецкую дату і лепей за ўсё — зьвязаную з вайной (як раней — старыя паганскія каляндарныя сьвяты (Каляды, напрыклад) пераўвасаблялі ў новыя — хрысьціянскія). І яшчэ было б някепска, каб дата прыпадала на лета — каб было добрае надвор’е падчас правядзеньня ўсялякіх сьвяточных мерапрыемстваў.

3 ліпеня ідэальна адпавядала ўсім гэтым умовам. Адно што — да чаго тут незалежнасьць? Да чаго сувэрэнітэт? Ну, вызвалілі ад фашыстаў, дык адразу й захапілі ў свой, савецкі, палон. У СССР ніякай незалежнасьцю рэспублікаў і блізка ня пахла. Ня толькі сваіх рэспублікаў, але й краінаў-сатэлітаў.

Вунь, Чэхаславаччына паспрабавала пайсьці супраць цьвёрдае маскоўскае лініі, і які вынік? Танкі на вуліцах гарадоў і загінулыя людзі.

Savieckija tanki ŭ Prazie, 1968 h.
Савецкія танкі ў Празе, 1968 г. Фота з Вікіпедыі

Але начальства так вырашыла, значыцца, так і будзе. 3 ліпеня дык 3 ліпеня. Дзіўнае гэтае начальства са сваёй нязьменнай настальгіяй па савецкім мінулым! Гэтым «кіраўнікам дзяржавы» ў Савецкім Саюзе ніякая галавакружная кар’ера наагул не сьвяціла. Сядзелі б у сваіх калгасах-саўгасах і займаліся далейшым развалам занядбанае савецкае гаспадаркі. А імпэрыяй працягвалі б кіраваць прадстаўнікі партыйнае намэнклятуры, жорсткае герархічнае структуры, куды трапляў далёка ня кожны сьмяротны.

«Дзень нежалезнасьці»

Выйшла як выйшла. Краіна атрымала незалежнасьць, і новая ўлада першым чынам скасавала ўшанаваньне даты прыняцьця гэтае незалежнасьці. А народ гэтага нават не заўважыў. Колькі розных датаў вакол — заблытацца можна! Ну, перанесьлі Дзень незалежнасьці на іншы дзень — і хай сабе. Галоўнае — каб была нагода для сьвяткаваньня й багата сьвяточных мерапрыемстваў — піва, шашлыкі, канцэрт, салют...

Нарадзіўся нават зьневажальны жарцік, маўляў, 3 ліпеня мы сьвяткуем «Дзень нежалезнасьці». Падобна да таго, што так яно і ёсьць.

Тым часам улада не спынялася, яна, здаецца, вырашыла застацца «навечна ў памяці народнай» — пераносіла даты, пераймяноўвала галоўныя вуліцы гарадоў, будавала пачварныя суды, палацы і музэі, стварыла фэйкавую «Лінію Сталіна», дзе шчасьлівыя наведнікі фоткаюцца зь бюстам вялікага правадыра... Цяпер во — новая ініцыятыва — пазбаўляць ахоўнага статусу і нішчыць помнікі шляхетнае мінуўшчыны — рэшткі старасьвецкіх палацаў, фальваркаў, сядзібаў. Каб нічога ад гэтага не засталося, і новыя пакаленьні сапраўды лічылі, што гісторыя Беларусі пачынаецца з партызанаў... 

Будзем спадзявацца, што ўсё зруйнаваць усё ж-такі не пасьпеюць. Не пасьпеюць, бо расейская імпэрыя імкліва пачне развальвацца, і ўсё зменіцца цягам некалькіх дзён, як калісьці напачатку 1990-х.

Maliunak Liavona VoĺskahaМалюнак Лявона Вольскага

Павіншуйма Украіну!

Дык павіншуйма братнюю Украіну зь Днём незалежнасьці! Ня зь нейкім абстракным днём, які, як пажадаеш, можна перакідаць у календары. І ня зь нейкай абстрактнай нежалезнасьцю, якая зьнянацку звалілася зь нябёсаў. За сваю Незалежнасьць украінцы выходзілі на першы Майдан у 2004-м, на другі — у 2014-м. Плацілі крывёю і потам. Сваімі жыцьцямі. Плацяць і цяпер — на вайне.

Павіншуйма Украіну і пажадайма перамогі ў няроўнай барацьбе з расейскім монстрам, бо ад гэтае перамогі залежыць і нашая будучыня, у якой усё мусіць стаць на свае належныя мейсцы — зруйнуецца тое, што мусіць быць зьнішчанае, адновіцца тое, што неабходна аднавіць, імёны-прозьвішчы катаў, гвалтаўнікоў ды прыстасаванцаў зьнікнуць з шыльдаў на вуліцах нашых гарадоў, несправядліва асуджаныя выйдуць на волю, а тыя, хто іх катаваў, зоймуць належныя мейсцы на нарах, з навучальных і іншых установаў зьнікне ідэалёгія, 3 ліпеня адзначацьмуць вызваленьне Менску ад фашыстаў, а 27 ліпеня — Дзень незалежнасьці — усё як мае быць.

Слава Украіне!

Лявон Вольскі, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org