Журы абвесціла вынікі прэміі «Голас пакалення свабоды». Сёлета прэмію атрымалі 9 лаўрэатак і лаўрэатаў. Трое асобаў з іх зашыфраваныя і не абвяшчаюцца публічна з меркаванняў бяспекі.
Мэтай прэміі ў 2026 годзе стала ўшанаванне выбітных асобаў беларускай праваабарончай, літаратарскай і журналісцкай супольнасці ва ўзросце 65+, якія пасля 2020 года былі вымушаныя з’ехаць з Беларусі з-за пераследу і працягваюць сваю працу па-за межамі краіны.
Партнёрамі сёлетняй прэміі сталі Беларускі ПЭН, Праваабарончы цэнтр «Вясна», Беларуская асацыяцыя журналістаў, Прэс-клуб Беларусь, Фонд «Свабодная прэса для Усходняй Еўропы» і Фонд Алеся Бяляцкага.
Алесь Бяляцкі (Фонд Алеся Бяляцкага): «Рады за нашых суайчыннікаў, якія так шмат зрабілі для Беларусі, каб голас беларусаў быў чутны ў свеце. Рады, што іхняя няўтомная, ахвярная праца на карысць Бацькаўшчыны працягваецца. Удзячны, што ёсць магчымасць ушанаваць іх. Рады пажадаць здароўя і творчых поспехаў! Усе мы разам ідзём да Беларусі!»
Андрэй Бастунец (Беларуская асацыяцыя журналістаў): «Выказваю глыбокую павагу да лаўрэатаў і намінантаў прэміі за тое, што яны рабілі і робяць, як і наогул да ўсіх, чые галасы працягваюць гучаць у гэтыя несвабодныя часы».
Марыя Садоўская-Комлач (Фонд «Свабода прэсы для Усходняй Еўропы»): «Узнагароды ў 2026 годзе — гэта найменшае, што мы можам зрабіць для нагадвання пра адданую працу лаўрэатаў на карысць свабоды слова, дэмакратыі і правоў чалавека. Нам асабліва прыемна бачыць, што сярод тых, хто атрымае прэмію, прадстаўленыя журналісты. Беларуская незалежная журналістыка ператрывала дзесяцігоддзі ліхалецця і не здалася, нягледзячы на цэнзуру, арышты і рэпрэсіі».
Надзея Белахвосцік (Прэс-клуб Беларусь): «Голас кожнага лаўрэата нашай прэміі ўнікальны. За кожным — гады, аддадзеныя Бацькаўшчыне. І ўсё гэта ва ўмовах, калі амаль кожны твой крок, тваё слова, твая ідэя можа выклікаць пераслед, рэпрэсіі, знішчэнне ўсяго, што будавалася ўсё жыццё. Таму для мяне гэтыя людзі — прадстаўнікі Пакалення барацьбы за свабоду. Яны — нашыя маральныя арыенціры.
Я шчаслівая, што ўжо другі год мы можам падтрымаць тых, хто не скарыўся, не апусціў рук, а апынуўшыся ў вельмі няпростых жыццёвых умовах, працягвае справу — у журналістыцы, праваабароне, літаратуры — з верай у тое, што Беларусь і беларусы павінны быць СВАБОДНЫМІ».
Святлана Алексіевіч (Беларускі ПЭН): «У нашай гісторыі занадта часта здаралася так, што чалавек усё жыццё будаваў свой дом, сваю справу, сваю Беларусь — а потым мусіў пакінуць усё і пачынаць спачатку. Але ёсць тое, што немагчыма адабраць і вывезці з чалавека. Яго голас. Гэтыя людзі захавалі свае галасы і працягваюць гаварыць, хоць сёння Беларусь не можа іх пачуць у сябе дома. Я веру, што прыйдзе час, калі гэтыя галасы вернуцца дадому».
Уладзімір Лабковіч (Праваабарончы цэнтр «Вясна»): «Для мяне асабісты гонар вызначаць з такіх паважных асобаў лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі. Кожны жыццёвы шлях лаўрэата і лаўрэаткі сведчыць пра годнасць і адданасць грамадству, творчасці, агулам чалавечнасці. Прыклад кожнага і кожнай вельмі важныя для ўсіх пакаленняў. Гэтай прэміяй мы ўзнагароджваем вельмі гучныя галасы свабоды!»
Галасы лаўрэатаў і лаўрэатак прэміі з’явяцца на старонках зборніка «Голас пакалення свабоды» — жывога сведчання творчай і грамадзянскай прысутнасці тых, хто не згубіў свой голас нават у выгнанні.
7 лістапада 2026 года (субота) у Еўрапейскім цэнтры салідарнасці (Гданьск, Польшча, plac Solidarności, 1) адбудзецца публічная прэзентацыя зборніка «Голас пакалення свабоды».
У той жа дзень у межах праграмы адбудуцца:
Уваход на ўсе імпрэзы вольны.
Сачыць за навінамі можна на сайце Беларускага ПЭНа.