Лідзія Міхеева: раман Ігара Бабкова “Хвілінка” як эпоха

Пісаць пра “Хвілінку” Ігара Бабкова – дзіўны вопыт. Гэта дакладна той выпадак, калі трымаць дыстанцыю, “рэканструяваць кантэксты”, тэарэтызаваць, параўноўваць няма аніякага жадання. Арганізм адмаўляецца. Пасля прачытання “Хвілінкі” хочацца прачытаць гэту кнігу яшчэ раз, пасяліцца ў ёй, асіміляваць яе мову, подых. Стаць героям “Хвілінкі”, а не вонкавым назіральнікам. Патэлефанаваць усім блізкім і параіць прачытаць яе.

Анатацыя да рамана, вядома, не хлусіць, але і не выдае ўсёй праўды. Дзеянне “Хвілінкі” адбываецца (ці не адбываецца) у кавярні. Час дзеяння – 80-я. Месца дзеяння – Мінск. І таму еўрапейская кавярня для Сартра з Бавуар, дзе кураць і дыскутуюць аб лёсах сусветнай рэвалюцыі, ці сучасны хіпстарскі закутак, дзе бавяць час за флудам пра смак каштоўных для здароўя смузі і зорак артхаўснага сінематографу, пададуцца жахлівай пародыяй. На тую кавярню. Дзе Кава – не звыклы сродак узбадзёрыць свой палемічны запал ці рыса лайфстайлу. Дзе Кава – цуд, створаны таямніча-ўрачыстым барменам у тройцы, а таксама старым апаратам, які невядома як і чаму дагэтуль спраўна працуе. Цуд, дакрануцца да якога можна прытуліўшыся да стойкі (“доўга сядзець – стамляе”) і назіраючы праз акно, як плыні рэальнасці праносяць міма мінакоў і іх пярэстыя жыцці.

Тры галоўныя героі – паэт, змагар і спявачка, якія выпадкова знаёмяцца на калідоры мінскага інтэрната 24 жніўня 1984, каб усё жыццё адчуваць прысутнасць адно аднаго недзе зусім побач. Ці проста быць заўсёды разам (гледзячы з якога боку, метафізічнага ці рэалістычнага, сачыць за іх лёсамі).

Паэт і змагар – увасабленні розных спосабаў дзеі і мыслення, дачыненняў са светам. І ідэальныя суразмоўцы. Кожны з іх можа расказаць іншаму нешта, пра што той не ведаў, не адчуваў. Аднак вельмі хацеў бы ведаць, адчуваць. Гэтае ўзаемадапаўненне паўстае як нейкі метафізічны танец – лёгкасці і пругкасці, вады і паветра, гарачыні і прахалоды. Місія ж спявачкі – кахаць і быць вернай музыцы, якую яна чуе знутры сябе і якая прасякае навакольную рэальнасць з усім бразгатам яе буйных і дробных гістарычных падзей, якія, насамрэч – эпізод Калі Югі, што праглынае лёсы і цэлыя эпохі і ад якой можна выратавацца толькі праз магію прысутнасці тут і цяпер, у “Хвілінцы”, “дзе можна застацца” і замовіць яшчэ адну падвойную каву альбо каньяк.

Тры гісторыі, што ствараюць “Хвілінку”, – вядома ж, магічныя. Але важна і тое, якое “напаўненне”, якія пясчынкі, каменьчыкі і кавалачкі шкла трапляюць у гэты калейдаскоп – 80-я, 90-я гады, час, калі “яркасць і кантрастнасць” рэальнасць біла ў вочы так, што падчас проста асляпляла. Настолькі, што праз прызму “рэалізму” бачныя былі гэтым кантрастным тунэльным зрокам прымітыўныя, але і жудасныя рэчы: агуркі на лецішчы, аблвыканкамы, піянерская выпраўка, брыдкая псеўдакава з малаком, пыл на томіках “Малой зямлі” Брэжнева ў ленінскім пакойчыку – дэфіцыт веды і сэнсу пры агульнай стомленасці ад спектаклю, які занадта зацягнуўся.

А яшчэ той балючы момант усведамлення, што тваё змаганне супраць усяго гэтага – гэта змаганне за ўсё тое, што ўжо маюць краіны-суседзі: мас-медыйны карнавал, які ператварыў грамадзян (у антычным сэнсе гэтага слова) у зомбі-караняплоды, што спажываюць тэлэшоу пад эгідай глабальнага капіталізму.

Так, у Бабкова ёсць і пра нацыю, і пра капіталізм. І пра “З.” і пра “Лу”. І пра ідэнтычнасць таксама. І пра мову як выбар асабістага шляху, не “з нашымі” супраць “вашых”, а мову як выбар “дома Быцця”, які вызначае месца радкоў тваіх першых юнацкіх вершаў у часе, прасторы, корпусе ўсіх напісаных за гісторыю чалавецтва тэкстаў на ўсіх мовах свету. Выбар, які ізалюе цябе ад адных традыцый і чытачоў і злучае з іншымі традыцыямі і чытачамі. А таксама, што істотна, пра выбар мовы не праз нейкую абстрактную “любоў да Радзімы”, а праз усведамленне таго, што толькі на гэтай мове ты зможаш выказаць адценні сэнсу, якія не даюць табе спакою і суіснаванне з якімі дае табе надзею, што калі-небудзь ты сустрэнешся з самім сабой.

Але гэтыя вялікія і вельмі эмацыйна зараджаныя тэмы беларускай літаратуры ў рамане не набываюць той цяжкой, хваравітай і нясмачнай патэтычнай інтанацыі, якую падчас сустракаеш у літаратурных рэфлексіях пра Беларусь. Гэта ўвогуле адна з самых яскравых і важных уласцівасцяў Бабкова – гаварыць пра надзвычай сур’ёзныя рэчы без драматызму, быццам ён назірае за імі не ў трохмернай прасторы і ў пэўным часе, а зараз жа, падчас размовы, бачыць нашмат больш вымярэнняў, ведае веер магчымасцяў, зазірнуў ужо ў будучыню і можа прамаўляць суцішана і разважліва, але не губляючы абсалютнай сур’ёзнасці.

Асноўных герояў тры. Аднак не забудземся ж і пра бармена Леа, які гатуе каву для герояў, і “супчык са шпінату” для слухачоў сваіх метафізічных гісторый, а таксама Аўтара, які ўваходзіць у твор у якасці заўсёднага наведніка “Хвілінкі”. Такое ўключэнне асобы Аўтара ў тэкст у якасці персанажа, пра якога ніколі нельга дакладна сказаць, ці цалкам ён супадае з аўтарам біяграфічным, – адна з рыс магічнага рэалізму, улюбёнай літаратурнай плыні Бабкова. Ці, дакладней, сам Бабкоў – увасоблены магічны рэалізм. Але назваць яго беларускім Борхесам, Маркесам ці яшчэ з кімсьці атаясаміць абсалютна не паварочваецца язык. У яго сваё, абсалютна індывідуальнае “падсвядомае”, якое структуруе паверхі і патаемныя пакойчыкі будыніны яго твораў, арганізуе сетку разыходжання сцежак, насычае сны і мары персанажаў, удыхае ў кожнага з іх душу.

Акрамя таго, Бабкоў як пісьменнік і філосаф – чытач з тонкім густам і любоўю да акварэльных малюнкаў вярблюджым пэндзлікам, над якімі можна разгарнуць герменеўтыку цывілізацыі, якая іх нарадзіла. Як такія “іерогліфы”, выявы, у якіх згушчаюцца агромністыя архіпелагі культурных сэнсаў, узнікаюць у рамане адсылкі да філосафаў ад Арыстоцеля да Вітгенштэйна і Хайдэгера, да даоскай і будысцкай традыцый, да старажытнай кітайскай літаратуры, Сэлінджэра, Баляслава Лесьмяна, Таркоўскага і г.д. Безліч гэтых “метак” насычае тэкст не акадэмічнай філасафічнасцю, а, наадварот, набліжае да цябе, жыхара часам няўтульнай, і, галоўнае, занадта рэальнай і занадта несапраўднай Беларусі, напрыклад, Сунь У-куна, князя малпаў, героя класічнага кітайскага рамана XVI стагоддзя, ці нават Гаўтамы, прынца, гісторыі з жыцця якога зноў і зноў паўтараюцца ў нашых зусім не каралеўскіх жыццях.

Усё гэта робіць Бабкова ўсяўладным гаспадаром унутры ўласнага тэксту – час, прастора, героі і іх лёсы, агульны рытм аповеду, дзея і метафізічныя “выпадзенні” з дзеі, а таксама будова кожнай асобнай мастацкай адзінкі тэксту – усё гэта жыве ў рамане так арганічна, з такой дасканаласцю прылягае адно да аднаго, што пакідае адчуванне незвычайнай лёгкасці. “Хвілінка” Бабкова – як начны шпацыр па таямніча-незнаёмым горадзе, твар каханага чалавека, светлы шчаслівы сон – быццам узнікла сама сабой, падаецца абсалютна спантаннымі выбухамі прыгажосці. За якім, як ужо свядома разумееш, стаіць Аўтар-шахматыст, якому неверагодна цікава і самому паназіраць, чым усё скончыцца, і правесці гульню максімальна прыгожа.

Тое што “Хвілінка” – гэта адзін з вельмі важных тэкстаў, які падводзіць вынікі эпохі 80–90-х гадоў, – відавочна. Відавочна і тое, што майстэрства Бабкова як празаіка абсалютна пэўна зрабіла раман тэкстам для пераасэнсавання, спасылак, чытання блізкім людзям услых, далейшага цытавання – у іншых літаратурны творах або прыватных размовах за кавай ці сотачкай сагравальных напояў ля вогнішча каля блізкай ракі.

 

Лідзія Міхеева