Рэвалюцыянер, рэдактар, міністр унутраных спраў, аўтар устаўных грамат БНР, заснавальнік партыі беларускіх эсэраў, эмігрант і ледзь не расстраляны палякамі палітвязень, доктар філасофіі і літаратурны крытык – усё гэта Тамаш Грыб, enfant terrible беларускай Прагі. Ягоны аднатомны збор твораў стаў першым выпускам новай кніжнай серыі “Спадчына: агледзіны” МГА «ЗБС «Бацькаўшчына».
Публікацыя зробленая ў межах ініцыятывы “Грамадскі ўдзел”, якая аб’ядноўвае розныя арганізацыі дзеля пашырэння грамадскай актыўнасці і развіцця грамадзянскай супольнасці.
Міжваеннае беларускае жыццё, як вядома, не мела выразнага цэнтру ці, больш дакладна, утварала некалькі “федэратыўных рэспублік”, сярод якіх найбольшую ўвагу даследчыкаў займелі Вільня і Мінск. Прага Чэшская (разам з Коўнам, Дзвінскам, Варшавай) неяк абміналася, пакідалася на пасля і, можа, толькі дзякуючы “Ветразям Адысея” Уладзіміра Калесніка і “Споведзі” Ларысы Геніюш была прадстаўленая асобным кангламератам беларускасці. Са з’яўленнем кнігі выбранага Тамаша Грыба чэшская сталіца і тамтэйшыя нашы эмігранты 1920-х набліжаюцца да нас і робяцца крыху больш зразумелымі, хоць і па-ранейшаму фантастычна складанымі.
Насамрэч вельмі дзіўна, што дагэтуль адзін з самых цікавых даваенных публіцыстаў і філосафаў, ідэолагаў нацыянальнага руху, стваральнік Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў, выдатны аратар і стыліст Тамаш Грыб не меў “сваёй” кнігі. Суадносна з ягоным уплывам і вагомасцю ў палітычным жыцці 1920-х — 1930-х, выданне тэкстаў Грыба мусіла адбыцца яшчэ ў мінулым стагоддзі. Можна выказаць здагадку, што тут уплывала выразная радыкальна-левая пазіцыя дзеяча, адсутнасць мецэнатаў-нашчадкаў і сама ўспомненая вышэй прыцененасць беларускай Прагі.
Тэксты, якія ўрэшце сабраліся ў аднатомны збор твораў, пазіцыянуюць аднаго з аўтараў устаўных грамат БНР найперш цікавым тэарэтыкам, пачынальнікам беларускай сацыялагічнай навукі. Мабыць, некалі дачакаемся і асобных раздзелаў у айчынных падручніках па сацыялогіі, і спецыяльных дысертацыйных работ. Бо сам факт таго, што ў Празе беларусам была абароненая доктарская дысертацыя па псіхалагічнай антрапалогіі, ужо не можа пакідацца без увагі. Глухія згадкі пра магчымую распрацоўку сацыялагічных анкет для беларусаў Латвіі можна знайсці ва ўспамінах Сяргея Сахарава. Відавочна, варта шукаць і больш канкрэтныя дадзеныя, дакументальныя пацверджанні распрацовак Грыба, засесці ў замежныя архівы, перш за ўсё чэшскія.
“Я працую над пытаньнем нацыянальнае тыпалёгіі, ці, йнакш кажучы – псыхалёгіі народаў. Канкрэтна – якая ёсьць псыхалёгія Беларускага народу? Чым характарызуецца ці адрозьніваецца беларус ад паляка, латыша, вялікаруса, ліцьвіна ды інш., у чым выяўляюцца характэрныя асаблівасьці самаістай яго індывідуальнасьці?” – піша Грыб Сяргею Сахараву ў лісце ад 7 кастрычніка 1928 года, мімаходзь аддаючы ліцвінства літоўцам. Так развязваецца вузел: рэвалюцыянер ліквідуе імперыю і ўзводзіць нацыю ў каштоўнасць, ад нацыяналізму пераходзіць да вывучэння паняцця этнасу, ад этнасу – да этнапсіхалогіі, ад апошняй – да культурнай антрапалогіі, якая ў еўрапейскіх універсітэтах 1920-х вывучаецца вельмі актыўна.
Грыб выказвае сябе перакананым пазітывістам і прыхільнікам навуковага прагрэсу: “Чалавек сваім розумам даб’ецца з часам абсалютнай веды, йначай і быць не можа… Я шукаю цяпер праўды аб’ектыўнай, універсальнай справядлівасці… Гэтая праўда, на мой пагляд, можа быць знойдзена толькі шляхам аб’ектыўнага доследу, аб’ектыўнага аналізу многаграннай душы чалавека…” Нездарма гэтак бурліва ён рэагуе на паэму Уладзіміра Жылкі “Уяўленне”, дзе, згодна з рамантычнай традыцыяй, ухваляецца інтуітыўнае веданне, выяўленне “невымоўнага”. “Ваша негатыўнае адношанне да розуму і хвала пачуццю мяне не тое, што зліць, а проста нават да шаленства даводзіць”, – піша ён Жылку. Толькі розум, толькі дакладны аналіз і дослед, толькі эмпірычныя дадзеныя.
І гэта, па сутнасці, асноўная тэма ягоных перадсмяротных штудыяў – у нейкім сэнсе навуковы фінал ягонай грамадска-палітычнай дзейнасці.
Фінал, бо тое, да чаго прыходзіць Грыб у сваіх разважаннях пра беларускі нацыяналізм, гучыць як прысуд: мы, палітыкі, не ведаем свайго народа. У публіцыстыцы і аб’ёмным эпісталярыі Тамаша Грыба, уведзеным у кнігу “Выбранае”, можна прасачыць, як змяняецца ягоная пазіцыя. Шчырая перакананасць у перамозе беларускіх эсэраў змяняецца верай у беларускую беднату, якая здзейсніць сацыяльную рэвалюцыю і прыйдзе да Беларусі, незалежнай ад Масквы і Варшавы. Надзея на палітычную свядомасць і актыўнасць сялян трымаецца доўга. Пасля надзеі прыходзіць разуменне таго, што пакаленне першых радных БНР і першых палітыкаў з’яўляецца хутчэй перагноем для наступных генерацый, якія пачнуць вывучэнне беларусаў і адкажуць на пытанне, чаго, уласна, беларускі народ хоча для сябе. Урэшце, прыходзіць усведамленне, што і Прага не выратуе сітуацыю, бо й тыя маладзёны, якія прыходзяць у беларускую справу, далёкія ад Грыбавага ідэалу: “Новае пакаленне… такое ж хворае і так сама мае дзве душы, як і старое. Заўтрашні дзень беларускага адраджэння мала чым будзе рожніцца ў сваім ідэйным змесце ад учарайшага і сёнешняга. Няма людзей! Няма і сырога нават матэрыялу, з якога б магла выкрысталізавацца і адшліфавацца духоўна сільная адзінка”.
Тут жа, у лістах, Грыб дае вельмі вострыя характарыстыкі ковенскай Радзе БНР, Міколу Вяршыніну, Янку Станкевічу, пражскім беларусам. З ягоных сведчанняў ва ўсёй сваёй складанасці ўзнаўляецца нервовая і эмацыйная атмасфера беларускай эміграцыі, жорсткія ўнутраныя спрэчкі паміж пражскімі беларусамі, няўменне асобных дзеячаў мысліць стратэгічна і карыстацца спрыяльным момантам. Што да ацэнак вонкавай сітуацыі, то яна найлепш прадстаўленая ў лісце Грыба да мінскіх сябраў Беларускай партыі сацыялістаў-рэвалюцыянераў (БПС-Р).
Гэты аб’ёмны (на трыццаць старонак кнігі) ліст выдатна паказвае і амплітуду Грыбавага тэмпераменту, і ягонае рытарычнае майстэрства, і абсалютна цвярозае разуменне сутнасці камуністаў і БССР. Той факт, што гэты ўнікальны дакумент захаваўся ў Нацыянальным архіве Беларусі ў выглядзе перакладу на рускую мову, сведчыць: камуністы таксама цікавіліся сутнасцю Грыба і дбайна вывучалі ягоныя погляды – як небяспечнага ворага.
У лісце Грыб наўпрост піша пра тое, што левы характар бальшавізму – гэта толькі шырма, фальшывае прыкрыццё для рэстаўрацыі вялікадзяржаўнай маскоўскай імперыі, то бок камуністы з’яўляюцца правай нацыяналістычнай рускай партыяй, якая вынішчыць усё нацыянальнае ў Беларусі. Піша, што насамрэч бальшавікі не маюць у народзе большасці – “іначай былі б дапушчаныя свабодныя выбары”. Што няма ніякага СССР, “а ёсць “единая и неделимая” Расія”. Мэта партыі эсэраў таксама падаецца абсалютна недвухсэнсоўна: “Раўнапраўе ўсіх людзей і народаў ёсць асноўны фундамент нашага разумення федэралізму. Супраць гэтага стаіць уся Маскоўская вялікадзяржаўная традыцыя, і нашай задачай з’яўляецца ліквідацыя гэтай традыцыі, разбурэнне Маскоўскай вялікадзяржаўнасці”. Словы Грыба гучаць надзённа і востра сёння, у наш час.
Цвяроза ацэньваючы кампартыю, Грыб тым не менш і ў 1924 годзе, перад мінскім з’ездам БПС-Р, калі пад ціскам бальшавікоў партыя Грыба была распушчаная, мысліць катэгорыямі 1920 года. Тады беларускія эсэры сапраўды мелі немалую вагу і некалькі дзясяткаў тысяч чалавек у сваіх шэрагах. Грыб гаворыць, што ніводзін нармальны сябра партыі на гэтую авантуру, самаліквідацыю БПС-Р, не пойдзе. Магчыма, гэта самападман, магчыма – няведанне ўзмоцненага рэжыму “рэвалюцыйнай законнасці”, у якім жывуць сябры БПС-Р сярэдзіны 1920-х. Усе палітычныя дыскусіі кампартыя пачынае весці, прыклаўшы да скроні апанента рэвальвер, і паплечнікі Грыба вельмі добра адчуваюць холад гэтага жалеза.
Насамрэч, “Выбранае” Тамаша Грыба – вельмі трагічная кніга. У ёй бачны велізарны патэнцыял чалавека, які, па сутнасці, напоўніцу не раскрыўся. Тэмперамент правадыра партыі ў 20 тысяч чалавек быў вымушаны ўкладацца ў тэксты для малатыражных часопісаў, а не ў прамовы для “сэрцаў мільёнаў”.
Магчыма, Беларусь і страціла палітыка, але атрымала філосафа, ідэолага нацыянальнай ідэі і бязлітаснага крытыка маскоўскай імперскай палітыкі. І сто гадоў таму напісаныя тэксты прымушаюць ставіць птушкі на палях і закладваць старонкі. А гэта, мабыць, найлепшае, што можа здарыцца з тэкстам.
Ціхан Чарнякевіч
Глядзіце таксама: