Новы від лішайнікаў з Антарктыды назвалі ў гонар беларускага навукоўца

Новы для навукі від лішайнікаў з Антарктыды названы ў гонар вядомага беларускага палярнага даследчыка Юрыя Гігіняка. Austroplaca giginyakii Halıcı, Yiğit & Güllü sp. nov. — такую назву новаму віду лішайнікаў даў вядомы турэцкі навуковец, прафесар Мехмет Гекхан Халічы (Mehmet Gökhan Halici), кіраўнік міжнароднага праекта FYG-2023-13398 «Штрых-кадаванне ДНК лішайнікаў Усходняй Антарктыды». Пра гэта паведамляе тэлеграм-канал De facto. Беларуская навука са спасылкай на НПЦ па біярэсурсах.

Juryi-Hihiniaka-01.jpgЮрый Гігіняк на фота ў цэнтры

Новы від названы ў гонар Юрыя Рыгоравіча Гігіняка, вядучага навуковага супрацоўніка НПЦ па біярэсурсах, кандыдата біялагічных навук. Навуковец асабіста прысутнічаў падчас дакладу пра новы від лішайнікаў, які адбыўся ў чэрвені.

Юрый Гігіняк нарадзіўся ў 1945 годзе і стаў першым беларускім навукоўцам, якія пабываў ў Антарктыдзе (у 1970-м). Таксама ён стаў адзіным навукоўцам, які абараніў у БССР дысертацыю па насельніках водных глыбінь гэтага кантынента. Усяго ён здзейсніў пяць экспедыцый у Антарктыду.