«Маршы былі, як святы, і магу сабе ўявіць, калі аднойчы здарыцца сапраўдны карнавал з нагоды здабытай доўгачаканай свабоды і пачатку перамен, то нам будзе зайздросціць сама Бразілія». Пісьменніца і публіцыстка Ганна Златкоўская дзеліцца думкамі пра тое, чаму яна любіць узгадваць падзеі 2020 года, нягледзячы на тое, што было шмат болю і стратаў.

Ганна Златкоўская. Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Мы пачалі забываць, чаму дата 9 жніўня так важная для нас. Бясконцыя спрэчкі і сваркі сярод беларусаў, якія шэсць гадоў таму выходзілі на вуліцы, нібыта сцерлі тое каштоўнае, што нарадзілася аднойчы ў Беларусі. Бясспрэчна, мінулым жыць не трэба. Засядаць у падзеях, якія сталі толькі рэхам нашых успамінаў — азначае адсутнасць руху наперад. Гэты рух як пра асабістае жыццё і магчымасці, так і пра працяг пачатага тады, у 2020-м. Калі ўлічаны ўсе памылкі і ёсць разуменне, што рабіць далей. А яго, давайце прызнаем, няма. Ёсць толькі чаканне цуду, што перамены здарацца самі сабой або па Божым загадзе, калі смерць нарэшце забярэ дыктатара, і гэта дасць штуршок для новых і, магчыма, ужо сумленных выбараў.
Напэўна, таму і прысутнічае стомленасць, і гадавіна выбараў — у нечым хваравітае пачуццё, якое не трансфармуецца ў нешта рэальнае, здольнае змяніць існую рэчаіснасць.
Але мне падабаецца акунацца ў падзеі таго года. Так, было шмат болю і гора, нам не вярнуць ні Рамана Бандарэнку, ні Алеся Пушкіна і іншых цудоўных і смелых беларусаў. Але было і шмат добрага, па-сапраўднаму шчырага, таго, што аб’яднала беларусаў, назаўжды паказаўшы, якія мы насамрэч.
Аказваецца, беларусы — эмпатычныя і заўсёды гатовыя прыйсці на дапамогу. Гэта дапамога прыходзіла часта ад зусім незнаёмых людзей, і гэта заўсёды ўражвала! Я дагэтуль адчуваю гэтую падтрымку, і карані яе менавіта з 2020 года.
Памятаеце, варта было камусьці кінуць кліч — і тут жа ўвесь горад адразу рэагаваў і нёсся рабіць добрыя справы. Дапамагалі і тым, хто быў вымушаны бегчы за мяжу, бо разумелі: або так, або — турма. Тады проста не ведалі яшчэ, колькі будзе такіх людзей, і што вымушаная эміграцыя — яшчэ адна рана на мапе нашай душы.
Але гэта нікуды не падзелася, мне здаецца, веданне, што беларусы не кінуць у бядзе, ужо засталося назаўжды.

Ганна Златкоўская ў Мінску, 2020 г. Фота з асабістага архіву
Гэтая магутная салідарнасць дала штуршок і для самаарганізацыі, дзякуючы якой з’явілася шмат важных ініцыятыў. Бо без неабходных, няхай малых, інстытутаў цяжка супрацьстаяць рэпрэсіўнай дзяржаўнай машыне.
І кожны фонд, кожная ініцыятыва — гэта магчымасць збіраць вакол сябе сваіх людзей, даючы адпор рэжыму. Гэта яго раздражняе, бо калі б мы былі па адным, лягчэй усіх пасварыць назаўсёды.
А яшчэ дзякуючы пратэстам мы ўбачылі, наколькі беларусы крэатыўныя. Кожнае шэсце абавязкова адзначалася якім-небудзь крэатыўным перформансам. Плакаты і надпісы — дык увогуле цэлае мастацтва!
Шчыра, да 2020 года пра тое, што беларусы такія лёгкія на пад’ём і такія творчыя, я асабіста паняцця не мела.
Маршы былі, як святы, і магу сабе ўявіць, калі аднойчы здарыцца сапраўдны карнавал з нагоды здабытай доўгачаканай свабоды і пачатку перамен, то нам будзе зайздросціць сама Бразілія.
Мне падабаецца ўспамінаць 2020 год, і 9 жніўня як пачатак тых самых маршаў. Таму што менавіта тады мы ўбачылі, як нас шмат. Тады гула ўся краіна. У нашых сэрцах гарэла надзея, што вось-вось — і нарэшце разваліцца гэта гнілая сістэма, і Беларусь перастане асацыявацца са старым дыктатарам і «пакладзістым народцам». І нам удалося адкрыць свету іншую краіну, паказаўшы, што беларусы хоць і мірныя, але не пакорлівыя людзі, гатовыя бясконца цярпець здзекі. Будучыня, тая светлая і прыўкрасная, пра якую таксама вельмі любіць гаварыць непрэзідэнт, ствараецца дзякуючы зменам праз тых, хто не чапляецца за савецкія наратывы, а жыве іншымі каштоўнасцямі. І яны перш за ўсё пра каштоўнасць чалавечага жыцця.

Фота з Фэйсбука Ганны Златкоўскай
Так, прайшло шэсць гадоў, і гнілая сістэма па-ранейшаму трымаецца за вусы ўсім вядомай асобы. Але я ўсё яшчэ чую галасы і крычалкі, у якіх рэфрэнам: «Перамен!» і «Верым, можам, пераможам». І няхай не перамаглі, але магчы — гэта рабіць і не здавацца. Нават цяпер, нават у думках.
Ганна Златкоўская, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org