Ганна Комар распавядае пра гісторыю стварэння спектакля «Цела сваё», а насамрэч — пра складаны шлях, які яна прайшла дзякуючы працы над спектаклем, шлях з траўмуючага мінулага да сябе сённяшняй, да ўз’яднання ўласных цела і розуму. Ганна напісала гэтую п’есу, «каб адчуваць сябе жывой і цэльнай». А яшчэ для таго, «каб распавесці, што пражываюць многія іншыя людзі з падобным досведам — найперш, з Беларусі. Але насамрэч — нас шмат такіх з усяго свету».
Ганна Комар. Сцэна са спектакля Body in Progress. Фота: Ole Hoff
Дарагая мамка,
Я ў цябе цяпер акторка! Праўда граю сябе саму, а дакладней, нават не граю, проста апавядаю сваю гісторыю з дапамогай тэатра, для гледачоў. Гэта заўжды ў мяне атрымлівалася найлепш — распавядаць уласную гісторыю так, што іншыя пазнаюць сябе ў ёй...
Мы рыхтавалі спектакль каля паўгода, а праляцеў ён нібыта за пяць хвілін. Мой добры сябар Д. напісаў у зваротнай сувязі: «Аднойчы хтосьці сказаў мне, што час — ілюзія. І гэтая мантра прасякнула ўвесь твой спектакль.» Д. ведае мяне восем гадоў, і ілюзорнасць часу для яго адчувалася не толькі ў тым, што спектакль працягласцю гадзіну праляцеў нібы за пяць хвілін: у тэатральнай прасторы сустрэліся я мінулая і я цяперашняя, і гэта было асабліва заўважна для тых, хто ведае мяне даўно.
Д. узгадаў, як восем гадоў таму я стаяла на пляжы вёскі Бэлімані ў Ірландыі, дзе мы валанцёрылі, падтрымлівалі дарослых людзей з інваліднасцю — стомленыя, замучаныя абслугоўваннем фізічных і псіхалагічных патрэбаў іншых пяць з паловай дзён на тыдзень з перапынкам хіба на сон (хоць і ноччу працягвалі несці за іх адказнасць). Я стаяла на пляжы і глядзела на вясёлку, спрабуючы знайсці, дзе яна пачынаецца і дзе завяршаецца. Дайсці да канца вясёлкі — ёсць такі выраз, ён азначае дасягнуць недасягальнага... Творчая рэалізацыя тады здавалася нам канцом вясёлкі. Я стаяла і глядзела на вясёлку, «усміхаючыся, не ведаючы яшчэ, як шмат усяго чакае наперадзе — страшнага і добрага», — напісаў Д. і дадаў, што «сённяшні вечар быў той вясёлкай, на якой ты сядзела і пазірала з вышыні — падарожніца ў часе.»
Ганна Комар
Пра што спектакль? Як у вас атрымалася яго арганізаваць? Ці шмат прыйшло людзей? Я прадбачу гэтыя пытанні ад цябе. Па-ангельску ён называецца Body in Progress — можна перакласці як «Цела ў развіцці», але па-беларуску я называю яго «Целам сваім». Я напісала тэкст у канцы 2021-га па-ангельску, для магістарскай праграмы. Такая была ўмова, каб скончыць курс, хоць я ніколі не збіралася пісаць п’ес.
Было няпроста засвойваць новы жанр, я доўга не магла вызначыцыа з ідэяй і формай. Я тады толькі прыехала ў Лондан, і ў бяспецы мая псіхіка пачала адпускаць кантроль. Я шмат плакала, панічную атаку магло выклікаць усё, што заўгодна: ад грузавіка, які нагадваў аўтазак, да пустой дарогі паміж дамоў, пасярод якой я ішла — і апыналася на Праспекце Пераможцаў... Антыдэпрэсанты і бяссонне. Адзінота без блізкіх сябровак.
Пра турму я думала ўвесь час: калі прачыналася раніцамі ва ўласным ложку, калі мылася ў душы, калі сядзела доўга за камп'ютарам у сонечны дзень. Я занатоўвала ўсё-ўсё, кожную драбніцу — запісвала рукой (удзень) ці голасам на дыктафон (уначы). Шмат з тых нататкаў сталі матэрыялам п’есы.
Я прачынаюся і цалую падушку. Удзячная, што сплю ў сваім ложку.
Раніцамі было найцяжэй. Хацелася проста ляжаць усе дзевяць сутак свайго зняволення. Але нельга было падвесці дзяўчат, паказаўшы свае сапраўдныя перажыванні.
Я стаю пад душам, вочы заплюшчаныя, і раблю намаганне, каб расплюшчыць іх. Падымаю галаву і назіраю, як цёплая вада распырскваецца з дзірачак дожджыка. Я магу прымаць душ у любы час, хоць некалькі разоў на дзень.
На пяты дзень яны нарэшце завялі нас у душ. 15 хвілін. Упершыню за пяць дзён я памыла валасы. У дзвярах душавой было маленькае акенца, я даведалася пра гэта пасля вызвалення. Яны маглі глядзець, як мы чацвёра мыемся, спяшаючыся. Як дзелімся адным дэзадарантам на чатырох і спехам адзяваемся. Яны маглі глядзець, якія задаволеныя ў нас былі твары. Я спадзяюся, яны гэтага не рабілі.
Зашмат працавала за камп'ютарам у гэты сонечны дзень. Трэба прагуляцца. Калі не хачу рабіць гэта для сябе, трэба зрабіць для тых, хто не можа выйсці прагуляцца.
Сцэна са спектакля Body in Progress. Фота: Ole Hoff
Гэтая пастаноўка сумяшчае вербальны і фізічны тэатр, бо яна — пра цела, і немагчыма патлумачыць усё, што адбываецца ў целе, дзе пануе траўма, толькі праз словы. На тое, у якім стылі напісаць саму п’есу, мяне натхніў Лёша Стрэльнікаў — мой сябар, тэатральны рэжысёр і крытык, да якога я калісьці хадзіла на заняткі — мы хацелі паставіць паэтычны монаспектакль. Я даслала свае першыя накіды Лёшу. Ён ніяк іх не пракаментаваў, але параіў паглядзець чытку п’есы «Плотник» расейскай драматургіні Лідзіі Галаванавай. П’еса будуецца вакол таго, як галоўная гераіня ўласнаручна рамантуе курэнь, што калісьці пабудаваў яе дзед. Па форме гэта маналог, які апісвае дзеянні гераіні, што паўтараюцца раз за разам, але кожны раз раскрываюць новы пласт сэнсу.
Мяне натхніла гэтая п’еса, і для сваёй я таксама выбрала форму маналога з апісаннем дзеянняў. Толькі я ўвяла два галасы, якія існуюць нібыта паасобку, але гавораць пра тое самае, толькі з розных часа-прастораў: з траўмуючага мінулага і з цяперашняга, у якім я адбудоўваю сувязь паміж дысацыяванымі целам і псіхікай.
Бэзыль ван дэр Колк — псіхіатр, вядомы сваімі даследаваннямі посттраўматычнага стрэсавага разладу, у кнізе «Цела вядзе падлік» пісаў:
«У адказ на саму траўму, а таксама спрабуючы адолець жах, які яшчэ доўга застаецца пасля яе, пацыенты з ПТСР навучыліся выключаць участкі мозгу, якія перадаюць стыхійныя пачуцці і эмоцыі, што суправаджаюць і вызначаюць траўматычныя перажыванні. Аднак у паўсядзённым жыцці тыя самыя ўчасткі мозгу адказваюць за цэлы шэраг эмоцый і адчуванняў, якія фармуюць фундамент нашай самасвядомасці, нашага самаадчування. У гэтым выпадку адбываецца адаптацыя з трагічнымі наступствамі: намагаючыся захінуцца ад жахлівых адчуванняў, чалавек заглушае здольнасць адчуваць сябе жывым».
Я вельмі хацела адчуваць сябе жывой — таму напісала гэтую п’есу, а пасля сыграла саму сябе ў спектаклі.
Сцэна са спектакля Body in Progress. Фота: Ole Hoff
Калі п’еса была завершаная, тэкст мне не спадабаўся. Але Лёша сказаў, што гэта добры тэкст, і я верыла яму. Калі мы страцілі Лёшу ў снежні 2022-га, было вельмі балюча, і я знайшла для сябе спосаб суцішыць боль ад страты: стаць для сябе тым, кім быў для мяне Лёша. Ён верыў у мяне і маю творчасць, значыць, я мусіла паверыць таксама. Пасля я знайшла людзей, з якімі мы маглі б паставіць спектакль. А пасля фестываль Voila! прыняў нашую заяўку, і тэатр Deli у Лондане запрасіў нас выступіць двойчы — 8 і 9 лістапада 2024 года. Нам вельмі пашанцавала, таму што такім нішавым спектаклям, як наш, складана трапіць да гледача, а Voila! стварае магчымасці менавіта для міжнародных, шматмоўных, шматкультурных важных гісторый быць пачутымі.
Пасля былі месяцы працы з тэкстам і целам, распрацоўка харэаграфіі, развіццё даверу ў камандзе, напісанне маркетынгавых тэкстаў, распаўсюд інфармацыі, пошук гукавых і светлавых рашэнняў... Я стала прадзюсаркай, маркеталагіняй і акторкай у сваім спектаклі. Яшчэ было шмат адмененых рэпетыцый, несупадзенне графікаў і мой кавід за месяц да паказу, калі амаль нічога яшчэ не было гатова...
Але самым небяспечным была мая нявера ў сябе... Сыграць спектакль — не тое, што прачытаць верш.
Аднойчы вечарам, самаізалюючыся праз кавід, я вісела на валаску ад таго, каб усё адмяніць. М., гаспадыня дома, у якім я жыву, параіла: ніколі не прымай важныя рашэнні, калі хварэеш. Я вырашыла пачакаць. І папрасіла Лёшу даць мне знак. На наступны дзень хтосьці даслаў мне ў Інстаграме пост, які, па сутнасці, казаў: не здавайся.
Я вырашыла працягваць — самыя цудоўныя рэчы ў маім жыцці адбыліся таму, што я не здалася.
Аляксей Стрэльнікаў. Фота: Ганна Комар
І вось мы стаім на паклоне восьмага лістапада. Я здзіўлена і расчулена пазіраю на людзей, якія пляскаюць нам і пляскаюць...
Унутры сябе я дасягнула канца вясёлкі — зрабіла тое, што яшчэ гадзіну раней здавалася немагчымым. Калі мы робім немагчымае, мы перарастаем сябе, дужэем, смялеем. Але не толькі гэта было важна. На здымках і ў відэа я ўбачыла сябе збоку: адначасова такую тоненькую і крохкую і такую моцную. Усвядоміла маштаб свайго досведу і адчула спагаду да сябе самой — яна даецца мне цяжка.
Крохкія і моцныя — гэта пра многіх з нас.
Я пісала п’есу і ставіла спектакль, каб уз’яднаць разасобленыя цела і розум. Каб перастаць выцясняць перажыты досвед. Каб адчуваць сябе жывой і цэльнай.
Я зрабіла гэта яшчэ і для таго, каб распавесці, што пражываюць многія іншыя людзі з падобным досведам — найперш з Беларусі. Але насамрэч — нас шмат такіх з усяго свету.
Ці не для гэтага мы ствараем мастацтва?
Каб дакрануцца там,
Дзе ніхто не кранаў раней,
Так, як не змог ніхто да цябе.
Так, як не змог ніхто да цябе. (Алекс Макейн)
Сцэна са спектакля Body in Progress. Фота: Ole Hoff
Абдымаю,
Твая дачушка