Лістапад.doc: найлепшае з дакументальнай праграмы кінафестывалю-2015

06.11.2015 Кіно

Гучныя імёны, фестывальны эксклюзіў і фільмы з мільённым бокс-офісам: “Лістапад” зняў вяршкі з сусветнай дакументалістыкі апошніх двух гадоў. Застаецца не разгубіцца ў ёмістай праграме і атрымоўваць асалоду для вачэй і розуму. Наш гайд – вам у дапамогу!

 

“Падзея” (2015; рэж. Сяргей Лазніца)

Асноўны конкурс дакументальнага кіно

Кінатэатр “Мір”, 7 лістапада, 15.20

Сяргей Лазніца вяртаецца да ўлюбёнага фармату – хранікальнай дакументалістыкі. Толькі з “Падзеяй” аўтар не паглыбляецца ў далёкае савецкае мінулае, а нагадвае пра тое, што яшчэ трымаецца ў памяці пакалення: на вялікім экране будзе разгортвацца гісторыя жнівеньскага путчу 1991 г., параза якога стала прэлюдыяй краху савецкага рэжыму. Тры дні кінакамеры здымалі пратэстную масу ў Ленінградзе, і толькі праз 25 гадоў кінастужка нарэшце дачакалася мастацкага прачытання. Аўтар застаецца верным свайму стылю: з максімальнай апасродкаванасцю на экране выяўляецца групавы партрэт пратэстоўцаў, які сам сабой праводзіць паралелі з “Майданам”, папярэднім фільмам выхадца з Беларусі.

Фільмы Сяргея Лазніцы ўжо двойчы прыносілі яму Гран-пры “Лістапада” (абодва разы гэта былі ўзнагароды ігравога конкурсу); і нават калі гэтым разам фільм не стане пераможцам, ужо яго дэманстрацыя на вялікім экране ў Мінску стане відавочнай падзеяй.

 

“Браты” (2015; рэж. Войцех Старань)

Асноўны конкурс дакументальнага кіно

Кінатэатр “Мір”, 11 лістапада, 21.30

Фільмы Войцеха Стараня спалучаюць вобразную, аператарскую чуласць з чуласцю чалавечай. Праз паступовы і працяглы кантакт са сваімі героямі аўтар далікатна адкрывае гледачам іх свет. Гэтым разам увагу дакументаліста прыцягнулі два 80-гадовыя браты, якія разам пражылі напоўненае выпрабаваннямі жыццё і цяпер супольна, аднак з рознымі думкамі рухаюцца насустрач смерці. Адзін з іх – летуценны мастак, які дагэтуль малюе і да апошняга змагаецца са старасцю, іншы – прагматычны вучоны, які даўно змірыўся з наканаваным.

Здымкі цягнуліся больш за сем гадоў, што дазволіла Войцеху Стараню стварыць эпічную карціну пра старасць і братэрскую любоў. Доказам апошняга стала высокае прызнанне фільма ў Ляйпцыгу, на другім па значнасці фестывалі дакументальнага кіно ў Еўропе: там ён здабыў галоўную ўзнагароду.

 

“Тота і яго сёстры” (2014; рэж. Аляксандр Нанеу)

Асноўны конкурс дакументальнага кіно

Кінатэатр “Мір”, 8 лістапада, 14.00

З конкурснай праграмы “Лістапада” гэты фільм – самы тытулаваны. Сведчанне таго – перамогі ў Ляйпцыгу, Варшаве, чэшскай Іглаве і Сараеве. Імаверна, і ў Мінску ён будзе адным з фаварытаў.

Нямецкі рэжысёр румынскага паходжання Аляксандр Нанеу становіцца сябрам цыганскай сям’і з хлопчыка і дзвюх дзяўчат-падлеткаў, маці якіх трапляе пад арышт, і расказвае гісторыю іх сталення. Пры гэтым расказвае дыстанцыйна і падкрэслена апасродкавана, не ставячы мэты разжаліць гледача, як часта бывае ў фільмах пра дзяцей з маргінальнага асяродку.

Самае цікавае ў фільме настае тады, калі маці выходзіць з-за кратаў…

 

 

“Соль Зямлі” (2014; рэж. Вім Вендэрс, Жуліяну Рыбейру Сальгаду)

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно “АРТ”

Кінатэатр “Мір”, 6 лістапада, 19.00

Цягам апошніх сарака гадоў бразільскі фотамастак Себасцьян Сальгаду працуе там, дзе войны, голад і невыносныя ўмовы працы. Боль і слёзы чалавецтва знаходзяць адбітак на манументальных чорна-белых фотапалотнах, якія разам з успамінамі героя і філасофіяй яго жыцця робяцца падмуркам для двухгадзіннага фільма пад рэжысурай сына Жуліяну Рыбейру Сальгаду і жывога класіка кінематографа Віма Вендэрса.

У гэтым годзе фільм прэтэндаваў на атрыманне “Оскара” ў дакументальнай праграме, аднак амерыканскія кінаакадэмікі спынілі свой выбар на наступнай стужцы з праграмы “Лістапада”.

 

“Праўда Сноўдэна” (2014; рэж. Лора Пойтрас)

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно “Міфы і рэальнасць”

Кінатэатр “Цэнтральны”, 14 лістапада, 12.30

У чэрвені 2013 г. увага сусветных СМІ была засяроджаная на персоне выкрывальніка татальнага сачэння амерыканскіх спецслужбаў Эдварда Сноўдэна. На працягу тыдня ў ганконгскім гатэлі ён перадаваў сенсацыйныя звесткі карэспандэнтам The Guardian і The Washington Post, і ўвесь гэты час побач была кінакамера Лоры Пойтрас. Зрэшты, рэжысёра фільма герой выбраў сам: яна стала першай, з кім Эдвард Сноўдэн падзяліўся сакрэтнымі дадзенымі. Палітычны трымценнік апроч шматлікіх фестывальных ацэнак можа пахваліцца досыць шырокім, як для дакументальнага кіно, пракатам, асабліва ў Злучаных Штатах і Расіі.

 

“Наступяць лепшыя часы” (2014; рэж. Ханна Полак)

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно “Лепшае”

Кінатэатр “Мір”, 10 лістапада, 18.00

Апошнім часам у дакументалістаў робіцца нормай назіраць за сваімі героямі на працягу максімальна магчымага перыяду. Фільм пра сталенне дзяўчынкі з найвялікшага ў Еўропе падмаскоўнага сметніка польская рэжысёрка Ханна Полак здымала 14 гадоў. Маці гераіні яшчэ ў маладым узросце праз алкаголь трапіла на сацыяльнае дно, і здавалася, што лёс яе 10-гадовай дачкі прадвызначаны. Аднак маленькая Юля, дасціпная і адрозная ад сябровак па сметніку, выпесціла ў сваім сэрцы мару. А мары маюць уласцівасць здзяйсняцца!

 

Фільмы Wajda Studio

“Выспа” (2015; рэж. Наталля Красільнікава); “Слімакі” (2015; рэж. Гжэгаж Шчэпаняк)

Конкурс нацыянальных кінашкол

Кінатэатр “Мір”, 8 лістапада, 14.40

“Іяана” (2013; рэж. Анета Копач); “Канец свету” (2015; рэж. Моніка Паўлючук)

Пазаконкурсная праграма дакументальнага кіно “Лепшае”

Кінатэатр “Мір”, 13 лістапада, 20.30

Польская дакументалістыка на “Лістападзе” прадстаўленая як ніколі шырока – асабліва гэта датычыць Школы і Студыі Вайды. У пазаконкурснай праграме “Лепшае” адбудзецца паказ візуальнай паэтычнай драмы пра змаганне маладой маці са смяротнай хваробай “Іяана”, якая ў гэтым годзе была сярод прэтэндэнтаў на “Оскар”, і інтымнага аўтарскага фільма Монікі Паўлючук “Канец свету”.

У конкурсе нацыянальных кінашкол будуць прадстаўленыя дзве візуальна адрозныя карціны ад Wajda Studio. Жвавую камедыю пра хлопцаў-ідэалістаў, якія намагаюцца наладзіуь бізнес на гадаванні слімакоў, прэзентуе паляк Гжэгаж Шчэпаняк, а ўкраінка Наталля Красільнікава прадставіць нетаропкую, напоўненую візуальнай вобразнасцю і метафарычнасцю карціну пра самотнага скульптара-суайчынніка Мікалая Галавана.

 

Нацыянальны конкурс дакументальнага кіно

Кінатэатр “Мір”, 10 лістапада, 12.00 – 17.00

Яшчэ пяць гадоў таму цяжка было ўявіць, што ў беларускім конкурсе фільмы студыі “Летапіс” “Беларусьфільма” фактычна не будуць прадстаўленыя. Сёння гэта новая рэальнасць беларускага кіно. Пад пільным наглядам Міністэрства культуры калісьці знакамітую студыю дакументальнага кіно загналі ў “тэлевізійны фармат” – і яна ўжо не канкурэнт маладым наравістым аўтарам незалежнага кіно. У выніку ў конкурсе прадстаўленая хоць адметная па форме, але толькі адна карціна “Летапісу” – 13-хвілінны фільм “Дудар” пра амаль зніклы промысел па вырабе традыцыйнага для беларусаў музычнага інструмента.

Сярод астатніх фільмаў праграмы вылучым пераможцу “Бульбамуві-2015”, мінімалістычны дакументальны эцюд пра месца духоўнага ў вялікім горадзе ад Дар’і Юркевіч “Пасха Хрыстова”, сацыяльную драму Андрэя Куцілы “Госці”, экалагічную дакументалістыку ад Ігара Чышчэні “Подых балот” і гарадскую дакудраму Сяргея Каласоўскага “Шэпты і крыкі Тані Б.”.

 

 

Фота listapad.com

Расклад кінапаказаў спраўджвайце на сайце – listapad.com

 

Алесь Лапо