29 лістапада 1830 года распачалося паўстанне на землях былой Рэчы Паспалітай. Мэтай паўстання было вызваленне зямель ад Расійскай імперыі. Але як разумелі гэта кіраўнікі паўстання, што яны прапаноўвалі народу і чаму беларускія землі да паўстання далучыліся толькі праз месяц? Тлумачым у зразумелай і простай форме.
Што паслужыла прычынай паўстання?
У ліпені 1830 года адбылася рэвалюцыя ў Францыі, што паслужыла штуршком да пачатку паўстання на землях былой Рэчы Паспалітай.
Ліпеньская рэвалюцыя ў Францыі, 1830 год
29 лістапада 1830 года ў Варшаве пачалося паўстанне супраць расійскага самадзяржаўя. Прычынамі сталі незадаволенасць шляхты падзеламі Рэчы Паспалітай і парушэнне расійскімі ўладамі польскай канстытуцыі 1815 года. Прагрэсіўная частка грамадства выказвала жаданне буржуазна-дэмакратычных рэформаў.
Чыму паўстанне распачалося толькі на землях былой Рэчы Паспалітай?
У патрыётаў Рэчы Паспалітай былі саюзнікі. Яны цесна падтрымлівалі сувязь з прагрэсіўнай часткай дваранства, што ўваходзіла ў патаемныя суполкі. Планавалася, што паўстанне запалае па ўсёй Расійскай імперыі, але з-за таго, што царскія ўлады знішчылі «дзекабрысцкі» рух яшчэ ў 1825 годзе, гэтага не адбылося.
На якія плыні падзялілася кіраўніцтва паўстання?
У паўстанні адразу абазначыліся два напрамкі: кансерватыўнае кірунак на чале з князем Адамам Чартарыйскім. Для прадстаўнікоў гэтай плыні аднаўленне Рэчы Паспалітай у межах 1772 года было галоўнай мэтай.
Дэмакратычнае крыло ўзначаліў вядомы гісторык Іаахімам Лялевель. Галоўная мэта «дэмакратаў» заключалася ў распаўсюдзе паўстання і на землі былога Вялікага Княства Літоўскага. Не дарэмна імі выкарыстоўваўся лозунг «За нашу і вашу свабоду!». У будучым гэты лозунг будзе выкарыстаны не раз барацьбітамі за вызваленне зямель былой Рэчы Паспалітай з «турмы народаў».
Штандар з лозунгам 1831 года
Калі да паўстання далучыліся землі былога ВКЛ?
Беларускія землі пачалі далучацца да паўстання толькі на пачатку студзеня 1831 года. Вясной паўстанне ахапіла частку сучаснай Літвы і заходнія землі сучаснай Беларусі. На чале паўстання стаяў Віленскі цэнтральны паўстанцкі камітэт, але яго роля была не надта значнай. Выступленні часта былі стыхійнага характару, шляхта таго ці іншага павета магла абраць свой урад і камандзіраў, прывесці да прысягі мясцовае насельніцтва ці правесці рэкруцкія наборы. Сяляне і мяшчане не заўсёды ахвотна ішлі ў паўстанцкія атрады. Здараліся выпадкі прымусу.
Самая славутая жанчына-паўстанец
Гэта шляхцянка Эмілія Плятэр. Пераапрануўшыся юнаком, яна сабрала і ўзначаліла невялікі атрад. Прыняла ўдзел у некалькіх баях, даслужылася да звання капітана.
Капітан Эмілія Плятэр
Калі паўстанне на землях былога ВКЛ згасала, яна прыняла рашэнне прабівацца ў Варшаву, каб там змагацца далей, але па дарозе моцна захварэла і памерла. Адам Міцкевіч ушанаваў яе памяць творам «Смерць палкоўніка».
Ці шмат было паўстанцаў?
Агульная колькасць удзельнікаў паўстання ў Беларусі склала каля 15 тысяч чалавек. Актыўны ўдзел у паўстанні прымалі шляхта, каталіцкае і ўніяцкае духавенства, студэнты.
Што пераламіла хаду паўстання?
Царскі ўрад разумеў, што паміж шляхтай і сялянствам няма паразумення і ў масавы сялянскі бунт паўстанне не пераўтворыцца. Сялянам афіцыйна абвяшчалася памілаванне, калі яны самі пакінуць атрады і вернуцца дадому. У асобных выпадках прадстаўнікі царскага ўраду абяцалі вызваленне ад памешчыкаў, што самі ўдзельнічалі ў паўстанні і рэкрутавалі сваіх сялянаў. Між тым, кіраўніцтва паўстання амаль нічога не прапаноўвала сялянам узамен.
Улан супраць казака. Карціна Войцеха Косака
Пераломным момантам у хадзе паўстання на землях былога ВКЛ стала бітва за Вільню 19 чэрвеня 1831 года. Аб’яднаныя атрады паўстанцаў, умацаваныя атрадамі з Польшчы, так і не здолелі здабыць перамогу.
Чаму продкі беларусаў неахвотна падтрымлівалі паўстанне?
Пытанне аб дзяржаўнасці беларускіх зямель кіраўнікамі паўстання не ставілася, а сялянскае пытанне амаль цалкам ігнаравалася. Сяляне марылі аб атрыманні свабоды і ўласнай зямлі. Замест гэтага і толькі ў выключных паветах шляхта абяцала зніжэнне норм паншчыны да двух дзён у тыдзень.
Наступ кавалерыі паўстанцаў
Цягам жніўня 1831 года паўстанне было цалкам задушана на беларускіх землях.
Чым нашкодзіла паўстанне?
За ўдзел у паўстанні магнаты і шляхта масава пазбаўляліся маёнткаў. Улады зачынілі Віленскі ўніверсітэт у 1832 годзе, бо лічылі яго рассаднікам вольнадумства.
У 1839 годзе Полацкім царкоўным саборам была скасаваная Берасцейская царкоўная ўнія 1596 года. Уніятаў сілком пераводзілі ў праваслаўе, а праз год скасавалі дзеянне Статута 1588 года на землях былога ВКЛ. Да таго ж, пасля паразы паўстання распачалася русіфікацыя беларускіх зямель.
Алесь Масевіч, budzma.org