Ёсць показка, нібыта таленавітыя людзі таленавітыя ва ўсім. Калі размова ідзе пра Караткевіча, то апроч яго пісьменніцкага таленту нельга не звярнуць увагу на фенаменальны талент сяброўства, які меў Уладзімір Сямёнавіч.
Сведчанняў таго хапае: гэта і ўспаміны, і шматлікія лісты, праз якія раскрываецца асоба пісьменніка і яго адносіны з таварышамі.
Мікола Грынчык злева
Прадставіць аднаго з найлепшых сяброў Караткевіча прапануем самому Караткевічу, скарыстаўшы рэкамендацыю, якую ён даваў таму ў Саюз пісьменнікаў СССР:
Рэкамендацыя
Грынчыку Мікалаю Міхайлавічу для паступлення ў Саюз пісьменнікаў СССР
Я, Караткевіч Уладзімір Сямёнавіч, член Саюза пісьменнікаў з 1957 года, рэкамендую Грынчыка Мікалая Міхайлавіча для паступлення яго ў Саюз пісьменнікаў. Ведаючы М. М. Грынчыка больш дзесяці год, я лічу, што гэта адзін з самых таленавітых вучоных-літаратуразнаўцаў у нашай рэспубліцы, даследчык цікавы, глыбокі, вельмі ўдумлівы і разнастайны. Аўтар двух дужа цікавых манаграфій («Фальклорныя традыцыі ў беларускай дакастрычніцкай літаратуры» і «М. Багдановіч і народная паэзія»), шматлікіх крытыка-біяграфічных нарысаў («Аркадзь Куляшоў»), артыкулаў, што ахопліваюць значны круг тэм, вялікую колькасць аўтараў, уздымаюць шэраг вельмі важлівых праблем — М. Грынчык паўсюль арыгінальны, усюды шукае і знаходзіць свой, нечаканы падыход да тэмы.
У гэты момант загадчык кафедры беларускай літаратуры Гомельскага універсітэта М. М. Грынчык аддае шмат увагі выхаванню маладых вучоных, маладых літаратараў, прыкладае ўсе намаганні для таго, каб літаратурнае жыццё горада было яшчэ больш жывым і віруючым. Ён — адзін з аўтараў «Гісторыі беларускай літаратуры», аўтар многіх артыкулаў у «Літаратурнай энцыклапедыі» і «Беларускай савецкай энцыклапедыі», бесстаронні і тонкі крытык.
Я лічу, што М. М. Грынчык па сваёй працы, здольнасцях, па тым, што ён яшчэ можа зрабіць для нашай літаратуры — варты прыняцця яго ў Саюз пісьменнікаў.
Ул. Караткевіч
Грынчык быў на 7 гадоў старэйшы за Караткевіча. Прайшоў вайну, быў узнагароджаны ордэнам Вялікай Айчыннай вайны 1 ступені і медалямі. Пад Варшавай, падчас дэсантнай аперацыі, цяжка паранены і ледзь не пахаваны жыўцом. Вайну ненавідзеў, але часта вяртаўся ў тыя жудасныя часіны ва ўспамінах, згадваў франтавое братэрства і галоўным сваім святам лічыў Дзень перамогі.
Мікола!
Віншую цябе са святам Перамогі і жадаю каб вайна, якой не ўдалося дабіць нас, ніколі не гуляла болей па нашай зямлі. І ўвогуле лепей бы зусім яна нідзе не гуляла, а той, хто за яе цягне, хай бы адзін і ваяваў з такімі самымі. З хваробай змагаюся, але да канца яшчэ досыць далёка. Абдымаю і цалую цябе, Любу, дзяцей.
Твой Уладзімір і ВАЛЯ
“…Як сапраўднае свята заўсёды ўспрымаўся дзень нараджэння самога Караткевіча — 26 лістапада. Імяніннік апранаў белую кашулю. Рыхтаваліся рэдкія стравы (з дзічыны, з грыбоў) і настойкі («беларускалітоўскі крупнік»). Гасцям раздаваліся «буські», чыталіся новыя вершы. На тых днях нараджэння апрача Надзеі Васільеўны нязменна прысутнічалі Барадуліны, Грынчыкі (Люба Грынчык прыходзіла з гітарай), Адамчыкі, Прашковіч. Часам прыязджалі сваякі з Оршы — пляменніца Ляля з мужам Юркам («сапраўдным казаком»). Набіраўся цэлы стус парадыйна-гумарыстычных віншаванняў. Зачытвалася «газетка», згорнутая ў выглядзе папіруса” (Адам Мальдзіс. “Жыццё і ўзнясенне Уладзіміра Караткевіча”).
Зусім нядаўна на партале tuzinfm.by быў змешчаны артыкул, прысвечаны жонцы Грынчыка, «Цаны няма гэтым песням».
У прымацаваных запісах — песні ў выкананні Любові Грынчык, якія слухала ды, пэўна, спявала разам іх кампанія.
справа ўнізе — Любоў Грынчык
На вяселлі Караткевіча Грынчык звязваў маладых поясам “на ўсё жыццё”.
У 60-я гады на лета Караткевіч завітваў да дзядзькі ў Рагачоў, дзе добра пісалася. Падарожнічаў па Беларусі (з Брылём і Барадуліным — па іх радзімах, з групай творчай моладзі — на агітцеплаходзе па Прыпяці, да Грынчыкаў — у Бытэнь). Часам у паездках “за тлумам і п’янай галавою” здараліся далікатныя сітуацыі. Да каго тады звяртацца, як не да сябра.
Дарагі Мікола, здароў!
Ёсць у мяне да цябе маленькая справа. Здолееш — выканай, не здолееш — не турбуйся, калі ласка. Справа ў тым, што я тут засеў. Прыехаў у Рагачоў — пык-мык — няма грошай. Толькі тут успомніў, забыў у Мінску ў шуфлядзе. На сераду, 26-га, запісана: “тое купіць, сёе купіць, грошы ўзяць”. А за тым тлумам, ды за п’янай галавою — сам ведаеш, як у кніжку заглядаў.
Словам, ёсць — дашлі рублёў 25, а тое пазыч і падшлі (пры сустрэчы аддам, бо не хачу ў сваіх пазычаць, нязручна — прыехаў, называецца). Няма — дастану недзе.
Буду чысла 20га ў сталіцы.
Як вы тады з Міколам, ці вярнуліся? Адась піша (а можа брэша), што адразу пасля ад’езду з’явіўся Рыгор з двума паўлітэркамі самагону. Шкада, калі не прыйшлі.
Працую я тут халерна. “Хрыстос” прызямляецца на ўсіх парах.
Дасылаю табе пару аматарскіх фота.
Ну вось і ўсё. Не распісваюся дужа, бо работы зашмат.
“Хрыста” трэба даслаць 10-га, ды і яшчэ сёе-тое напісаць.
Скора сустрэнемся. Прывітанне Любе і дзецям.
Твой сябра Ўладзімір.
P.S. Нікога з нашых, што былі ў апошні дзень, асабліва не пасвячай
У адным з інтэрв’ю паэт Алег Бембель (інак Іаан) распавядае: «У часы ганенняў, калі за веру саджалі ў “псіхушку”, Караткевіч у 1960–70-х гадах кожнае лета ездзіў у Бытэнь, што ля самых Жыровіц, да свайго сябра прафесара Грынчыка. Яны разам у мясцовай царкве спявалі на клірасе ў часе богаслужэнняў. Такія паводзіны знакамітага мастака слова, кожны крок якога адсочваўся адпаведнымі службамі, былі супастаўныя з учынкамі першых хрысціян».
Даражэнькі Мікола!
Толькі што вярнуўся з Віцебска: выбралі ў камітэт па святкаванню тысячагоддзя. Работа кіпіць там, як нідзе. З палякамі, відаць, не паеду, бо АПН не хоча або, прынамсі, марудзіць заключаць са мною ўмову.
Але і ў Лоеў, нажаль, прыехаць не здолею. А ў Бытэнь, калі нечага не падвернецца, з радасцю вялікай з табой падскочу.
Яшчэ што. Калі ласка, адзнач камандзіроўку (без датаў) і дашлі мне назад. Абставіны склаліся так, што замест Гомеля вымушаны быў ехаць у Віцебск.
І не згубі.
І яшчэ, калі ласка, не забудзь пра будучага геолага Валянціну Васільеўну Кірэйшыну з Азярышча пад Рагачовам. Так вось нам і даводзіцца круціцца. Сёння, напрыклад, мы з Адасём ідзём да Каванавай з падобнай справай. А што зробіш?
Ну вось, аб астатнім пры сустрэчы. Прапанову тваю аб тым як (падкрэслена) яе зрабіць прымаю поўнасцю.
Мае ўсе цябе вітаюць.
Пяшчотна цалую цябе, Любу і Жэніка, а нахабна-вясёла-легкаважнага Зюзю цалую ў пыска.
Твой Уладзімір
Сярод здымкаў, што захаваліся ў Міколы Грынчыка, было фота і самога Зюзі з пісьменнікам.
Дарагі мой панойча!
Цалую цябе, Любу, усіх дзяцей і ўсё жывое ў доме. Буду ў Мінску чысла 24-га, на каталіцкія каляды. Прыязджай неяк, даражэнькі. Хай Пан Бог убірае камяні з тваёй дарогі. Зюзіка я вырашыў перайменаваць у “Кухціка”. Абдымаю — Уладзімір
Караткевіч мог перахрысціць не толькі сабачку — тое ж ён смела рабіў і з таварышамі.
Адам Мальдзіс згадвае: “Караткевіч любіў “перарабляць” прозвішчы: я ў яго часта бываў Мальдзісевічам або Адасевічам, літаратуразнавец Мікола Прашковіч — “слаўным сынам літоўскага народа Мікалоюсам Прашкявічусам”, а Мікола Грынчык — “містэрам Грынчыгзам”. Звычайная скумбрыя ў яго ўрачыста менавалася скумбрыевічам, а густы грыбны суп — супешнікам. І словы пры гэтай гульні набывалі незвычайны, ледзь не магічны сэнс”.
Міколус!
Звякні мне, калі ласка, заўтра раніцай (калі можаш — раней). Трэба ж дамовіцца наконт паездкі. Заўтра, ці паслязаўтра, ці калі.
Матка едзе заўтра ў 5.30 вечара, сардэчная.
Ну, чао! Да сустрэчы
Твой Уладзімір.
8 лютага 1966 года, праз колькі дзён пасля ліста Грынчыку, прыведзенаму крыху вышэй, Уладзімір Сямёнавіч піша Мальдзісу з Рагачова: “А што будзе, калі я ўвогуле памру. Як вы без мяне пражывяцё, адшэльнікі і аскеты? Вось тады, хлопчыкі, паплачаце, ды позна будзе…. А я буду ляжаць у труне такі халодны і прыгожы, што нават начальства, нават ворагі расчуляцца і заплачуць. Грынчык будзе раўці як бялуга і абсмоктваць слёзы з сівых вусоў”.
Грынчык сапраўды не стрымліваў на пахаванні слёз, няхай вусамі так да смерці і не абзавёўся.
Самога Мікалая Мікалаевіча не стала ў 1999 годзе 12 кастрычніка.
Людзі сыходзяць, але застаюцца ў памяці, у тым ліку дзякуючы сябрам.
Міколу Грынчыку
Па-над шчыраю Шчарай, над шчодраю Шчарай,
Па-над плынню чырвонай і рыжай травой
Плачуць чорныя цені на фоне пажару,
Моляць кані аб кроплі вады дажджавой.
Майскі дзень, засынаючы, сніць аб світанні,
І ў цішы, чорным ценем на стужцы зары,
Моляць белыя, белыя, белыя кані,
Плачам думаюць з небам сябе памірыць.
І плыўкі нашы ў зарыва адплываюць,
І ў імгле, той, што скончыцца ўсё-такі днём,
Верыць можна ў зару і святло, што чакаюць
Нават там, за апошнім дубовым крыжом.
Можна верыць. А жыць? Як там жыці, о дружа,
Калі ведаць і там, што бяжыць збажына,
Што барвее на поплаве дзікая ружа,
Шчара плешча — без нас, кані плачуць — без нас?
Не! О не! Збыць анёльства і стаць чалавекам,
Доўга, цяжка пакутваць пакутай жывых, —
Толькі б майскай часінай давеку, давеку
Над вячэрняю Шчарай цвілі паплавы.
Сыты быў бы, здаецца, паветрам духмяным,
А п’яны — ад празрыстай расінкі адной,
І любіў бы, і вымаліў людзям і каням
Дараванне, світанне, любоў і спакой.24.V.67, Мінск.
P.S. Сёлета споўнілася 95 гадоў з дня нараджэння выдатнага літаратуразнаўцы і добрага таварыша Мікалая Грынчыка.
Міхал Бараноўскі
Фатаздымкі і лісты з уласнага архіва аўтара