З 5 снежня гімназія № 1 гораду Свіслач больш не носіць імя Кастуся Каліноўскага, на чарзе – перайменаванне вуліцы ў Менску. Да гэтага спрычыніўся расейскі гісторык Аляксандр Дзюкаў, кіраўнік расейскага фонду «Историческая память», які з 2020 года ўзяўся выкрэсліваць імя Каліноўскага з гісторыі Беларусі. «Белсат» распавядае пра артыкул з асабістымі перадсмяротнымі лістамі Каліноўскага нарачонай Марысі Ямант, які апублікаваў Дзюкаў.
Кастусь Каліноўскі. Крыніца: Джузеппе Акилле Бонольди / commons.wikimedia.org
Прыведзеныя Дзюкавым выявы гэтага ды іншых лістоў (часопіс «Тетради по консерватизму», № 3, 2023) сведчаць, што яны напісаныя на падобных аркушах, падобным атрамантам і ў той жа манеры, што і беларускамоўны ліст з-пад шыбеніцы, які сёння захоўваецца ў Варшаве. Гаворка пра той, які завяршаецца словамі: «Бо я табе з-пад шыбеніцы кажу, Народзе, што тады толькі зажывеш шчасліва, калі над табою маскаля ўжо не будзе».
Толькі Каліноўскі напісаў спачатку ліст «дарагой Марылечцы», а пасля пасланне Да люду беларускага (як Лісты з-пад шыбеніцы назваў уласна Каліноўскі) ці ў іншай паслядоўнасці, дадаўшы яшчэ і верш, адрасаваны як Марысі, гэтак і народу? Той, які пачынаецца радком «Марыська чарнаброва, галубка мая» і заканчваецца «Бо адно з праўдай у грамадзе згодна дажджэш, Народзе, старасці свабодна».
Адзін з беларускіх гісторыкаў, да якога мы звярнуліся па дапамогу, тлумачыць, што гэта цяпер не так істотна: фактычна мы павінны падзякаваць спадару Аляксандру Дзюкаву за гэтыя знаходкі, нягледзячы на тое, што ён намагаўся праз іх сшальмаваць постаць Кастуся Каліноўскага. Дзюкаў гэтак доўга выбудоўваў сваю канцэпцыю на адным лісце, пазбягаючы згадкі пра верш Каліноўскага, не тлумачыў, навошта Кастусю, які меў пад рукою на волі шмат паперы (а як выглядалі дакументы тады, сам Дзюкаў выдатна ведае) раптам трэба было напісаць нешта на вельмі невялікіх аркушыках. Аднак цяпер мы займелі прыклад таго, як палітзняволены амаль 170 гадоў таму за кратамі суцяшаў сваю каханую. І гэта толькі яшчэ больш надае вагі Каліноўскаму.
Ліст з-пад шыбеніцы і ліст Каліноўскага да Марысі Ямант 19 сакавіка 2023 года (параўнанне). Выява для «Белсату»
«На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць да цябе»
Пра асабістае ліставанне Каліноўскага да нарачонай Марысі Ямант было вядома і раней дзякуючы ўспамінам сястры Марысі – Людвікі Радзевіч. Але беларускім гісторыкам гэтыя лісты не былі вядомыя. Як высвятляецца, пяць з іх (магчыма, іх больш) захаваліся, прычым чатыры – у Маскве і адзін – у Вільні. Усе яны трапілі ў рукі царскай паліцыі ў 1866 годзе, калі сям'я Ямантаў, якая была ў ссылцы ў Сібіры за ўдзел у паўстанні 1863–1864 гадоў, трапіла пад арышт пасля здзейсненага замаху на расейскага імператара Аляксандра ІІ.
Чатыры лісты захоўваліся ў Марысі Ямант, сасланай у Омск, а адзін, які цяпер у Вільні, – у ейнай цёткі Ядвігі Макрыцкай у маёнтку Самуэльева Ігуменскага павету Менскай губерні. Менавіта Макрыцкая, як лічыцца, вынесла Лісты з-пад шыбеніцы, надрукаваныя Агатонам Гілерам, адным з лідараў паўстання на тэрыторыі Польшчы, у 1867 годзе як «Да люду беларускага. Ліст з-пад шыбеніцы Канстанціна Каліноўскага».
Каб атрымаць магчымасць напісаць апошнія лісты, Каліноўскі скарыстаўся тым, што адмовіўшыся даваць вусныя паказанні (патлумачыў: «шпіёнства апаганьвае чалавека») папрасіў паперу і пісьмовыя прыналежнасці для напісання запісак, у якіх павінен быў «акрэсліць характар руху» на тэрыторыі Беларусі і Літвы. А сам 10, 14, 18 і 19 сакавіка піша лісты Марысі Ямант, якую называе «годнай дачкою Літвы». Гэтак, 10 сакавіка 1864 года, за 12 дзён да смерці, Каліноўскі пісаў:
«Дарагая Марылька.
На парозе смерці лёс мне падказвае пісаць да цябе. Пякельная рэчаіснасць, тым больш пасля тых надзеяў, якія луналі ў нашых юнацкіх сэрцах, поўных узаемнай любові. Падпарадкоўваючыся, аднак, сіле абставінаў, прымі са светлым тварам хоць і з параненым сэрцам лёс, які выпаў на тваю долю. Час гоіць раны, а ўспамін мінулых момантаў, калі нараджаецца смутак у тваёй душы, няхай аднак не атручвае твайго жыцця. Жыццё тваё не табе належыць, яно дадзенае табе, каб ты ў кожную хвіліну несла дабро і праўду. Узнагарода за працу не на гэтым свеце людзей напаткае. Калі годна выканаеш мэту жыцця – сустрэнемся на небе.
Твой і за магілаю (хоць, можа быць, я і не буду яе мець), Канстанцін»
Апошняе прагучала як прароцтва, бо Каліноўскі (1838–1864), як і 20 іншых ягоных паплечнікаў, пакараных у Вільні, быў кінуты ў яму на Замкавай гары. Паўстанцаў урачыста пахавалі толькі праз 155 гадоў на могілках Росы.
Каліноўскі ні разу не паляк
Апошнія тры гады Аляксандр Дзюкаў намагаўся давесці, што Кастусь Каліноўскі быў палякам, польскім шавіністам. Маўляў, савецкія гісторыкі «Каліноўскаму змянілі нацыянальнасць, здзекаваліся з ягоных партрэтаў. Добра, што полу яму яшчэ не змянілі. Гэта тады было яшчэ не ў трэндзе». Асабістыя перадсмяротныя лісты Каліноўскага нарачонай павінны былі гэта пацвердзіць. Але не! У пяці лістах, якія прыводзіць Дзюкаў, ні разу не згадваецца ні «Польшча», ні «паляк», ні «польскі».
Здавалася б, як цяпер з гэтага саслізне Дзюкаў, які намагаўся выставіць Каліноўскага польскім шавіністам? Але ён парыруе проста: пра тое, што «Польшчы» ў гэтых асабістых запісах няма, не згадвае, затое зазначае, што няма і «Беларусі», а маецца «Літва», як тое ў апошнім польскамоўным лісце, відаць, напісаным тады, калі і беларускамоўны Да люду беларускага:
«Марылька, мая дарагая, яшчэ сонейка свеціць нада мною, яшчэ я магу глядзець, думаць і жадаць. Праз маю фортку бачу Віленька, тое Віленька, што такое каштоўнае для душы кожнага ліцвіна, сядзібу грозных Альгердаў, думкамі дзеяў у Богу і праўдзе запачаткаваных. Гледзячы на Вільню, сэрца перапаўняецца, б'ецца з гонарам. А там далей наколькі вока, наколькі думка сягае, наш бедны народзік, які ў твару, страшэннай няволі, Бога і праўды забыцца не ўмее. Ды хіба не гонар прынесці жыццё для яго ў ахвяру, для нашай зямлі роднай, усцеленай магіламі гераічных продкаў нашых. Гэта слава для нас, гэта гонар наш».
Пры гэтым расейскі гісторык вымушаны прызнаць, што Каліноўскі не называе сябе ліцвінам, аднак гэта не перашкаджае Дзюкаву пра яго пісаць цяпер менавіта так, пры гэтым ён даводзіць думку, што «ліцвін – гэта той жа паляк з пачуццём перавагі». Разумеючы прыроду фонду «Историческая память», трэба падкрэсліць, што тэму «ліцвінізму» спадар Дзюкаў уздымае не проста так. І тут нагадваем пра штучна створаную праблему для беларусаў у Літве.
Паміж бацькамі стаяць Марыя (злева) і Алена. Фотаздымак зроблены ў часе сібірскай ссылкі. Крыніца: commons.wikimedia.org
Навошта Дзюкаў узяўся за Каліноўскага?
Аляксандр Дзюкаў падрабязна патлумачыў у сакавіку 2022 года, не хаваючы, што да сапраўднай гісторыі яму справы зусім няма. Каліноўскі для яго не хто іншы, як «структурны адпаведнік Бандэры», які быў супраць Расеі, дакладней, супраць царскай Расеі (Расейскай імперыі), на якую сённяшняя РФ арыентуецца: «У сучасным інфармацыйным грамадстве замоўчванне ўжо не працуе, зрабіць з Каліноўскага чалавека, які нейтральна ставіўся да Расеі, ужо немагчыма». Каб патлумачыць уладам Лукашэнкі, чаму трэба выкрасліць Каліноўскага, Дзюкаў выкарыстоўвае наступны прыём: «Калі ў падручніках пішуць пра Каліноўскага ў пазітыўным сэнсе – гэта ўжо працуе на апазіцыю. Апавядаючы пра Каліноўскага ў пазітыўным сэнсе ў школьных падручніках, улады падштурхоўваюць школьнікаў у яе БЧБ (бел-чырвона-белы сцяг) абдымкі».
Таму для Дзюкава не столькі важнае высвятленне гістарычнай праўды, колькі элементарна сшальмаваць Каліноўскага. Ён, напрыклад, дайшоў да таго, што прыпісаў Каліноўскаму замест знаных на сёння словаў «У нас няма дваран – усе роўныя» словы «Усе роўныя, усе сыны адной Польшчы, Бацькаўшчыны нашай».
Але, як сведчаць іншыя прыклады дзейнасці фонду «Историческая память», Дзюкаў актыўна працуе менавіта на барацьбу з нацыянальнаю гісторыяй у постсавецкіх краінах.
Што за фонд «Историческая память»
Паводле Справаздачы пра дзейнасць фонду за 2008–2018 гады, яго стварылі ў 2008 годзе з мэтаю «супрацьдзеяць фальсіфікацыі гісторыі на шкоду інтарэсам Расеі» на постсавецкай прасторы. Напрыклад, фонд адказваў за дыскрэдытацыю ва Украіне ОУН-УПА і галадамору ва Украіне, лясных братоў і міжваеннага перыяду гісторыі краінаў Балтыі. У 2017 годзе ў Беларусі мог зʼявіцца з падачы Лукашэнкі помнік у Курапатах: «Ініцыятыва прэзідэнта Лукашэнкі магла пацягнуць за сабою негатыўныя для Расеі наступствы: заведама завышаныя звесткі пра колькасць расстраляных у Курапатах (да 250 тысячаў чалавек!) прасоўваліся празаходнімі нацыяналістамі». Таму фонду было даручана выйсці на сувязь з Адміністрацыяй прэзідэнта РБ і падрыхтаваць для іх «даследаванне колькасці расстраляных у Курапатах». У выніку замест 250 тысячаў расейцы налічылі толькі 7–8 тысячаў чалавек. Далей гэтую лічбу прасунуць у гістарычныя выданні ў Беларусі: «Гэтыя выданні дазволяць замацаваць у беларускім навуковым і медыйным звароце адэкватныя ўяўленні пра маштаб савецкіх рэпрэсіяў, якія адказваюць расейскім інтарэсам».
Таксама фонд супольна з Акадэміяй навук Беларусі стварыў часопіс «Белорусский исторический обзор», які, відавочна, перагукаўся з вядомым «Беларускім гістарычным аглядам» Генадзя Сагановіча. Менавіта фонд «Историческая память» стаіць за распачатаю генеральным пракурорам Андрэем Шведам справаю аб генацыдзе беларускага народу, які чамусьці быццам не заўважалі да 2020 года.
Пра сувязь фонду і яго кіраўніка Аляксандра Дзюкава з лукашэнкаўскаю пракуратурай і ўплыў на абвяшчэнне экстрэмісцкімі твораў Дунін-Марцінкевіча гаворыць тое, што 11 чэрвеня расейскі гісторык нібыта нечакана зацікавіўся постаццю Дунін-Марцінкевіча, а ўжо 17 жніўня з'явілася навіна пра забарону двух вершаў, якія яму прыпісваюцца, а 8 лістапада – і двухтомніка ягоны твораў, выдадзенага дзяржаўным выдавецтвам «Мастацкая літаратура».
Дзюкаў прапагандуе постаць Міхаіла Мураўёва. Скрыншот: Дюков. Историк-рационализатор / Telegram
Таксама фонд «Историческая память» Дзюкава актыўна супрацоўнічае з таварыствам «Знание» дырэктара Нацыянальнай бібліятэкі Вадзіма Гігіна, які ініцыяваў выключэнне са школьнай праграмы мастацкага твору «Каласы пад сярпом тваім» Уладзіміра Караткевіча.
За што далей возьмецца Дзюкаў цяпер? Магчыма, за вылучэнне Міхаіла Мураўёва ў якасці нібыта героя Беларусі. Аднак фактам цяпер варта прызнаць, што расейскі гісторык пацвердзіў праўдзівасць Лістоў з-пад шыбеніцы, хоць і намагаўся дасягнуць іншага.
Асноўныя і падкантрольныя арганізацыі фонду на 2018 год. Крыніца: dossier.center
«Белсат» выказвае падзяку за дапамогу ў рыхтаванні матэрыялу неабыякавым гісторыкам.
Барыс Булат belsat.eu