Давыд Гарадзенскі паціскае руку старшыні гарвыканкама... Навошта ўлада «ажыўляе» гістарычных дзеячаў?

Для рэкламы дзяржаўных свят чыноўнікі ўсё больш выкарыстоўваюць штучны інтэлект. На першы погляд вясёлыя мультфільмы і відэасюжэты сапраўды робяцца дзеля рэкламы культурных падзей, напрыклад, Дня беларускага пісьменства ў Лідзе ці Дня горада Гродна. Аднак сюжэты такіх «мульцікаў» даволі сімптаматычныя, піша reform.news.

Davyd HaradzienskiСкрын відэа

Вядомыя асобы мінуўшчыны апынаюцца ў сучасных беларускіх гарадах і моцна здзіўляюцца таму, што бачаць. Зусім як у фільме «Назад у будучыню» яны не пазнаюць мясцовасці. Але перамены відавочна ўхваляюць...

Больш за тое, у мультфільме, прысвечаным Дню горада Гродна, яны вітаюць мясцовае кіраўніцтва, напрыклад, Давыд Гарадзенскі і Антоній Тызенгауз па чарзе паціскаюць руку старшыні гродзенскага гарвыканкама Андрэя Хмеля. А старшыня гродзенскага аблвыканкама Юрый Караеў атрымлівае ўхвальныя поціскі ад былога губернатара Пятра Сталыпіна і былога старшыні гродзенскага аблвыканкама Аляксандра Дубко.


І тады становіцца зразумелай мэта гэтых крэатыўных высілкаў — легімітызацыя ўлады праз адсылку да глыбокай гістарычнай традыцыі.

Любая ўлада выдатна разумее сілу ўздзеяння мастацкіх вобразаў. Напрыклад, у адной праўладнай мастачкі ёсць партрэт Лукашэнкі, які сядзіць пад дрэвам і глядзіць на свет надзвычай добрымі і спакойнымі вачыма. Ад карціны можна атрымаць лёгкі шок, таму што ўвасобленае радыкальна не супадае з рэальным уражаннем ад партрэтаванага. Але гэта ўжо няважна — вобраз створаны! У гэтым сіла мастацтва, і менавіта таму яно лёгка робіцца інструментам прапаганды. А цяпер такім інструментам становіцца і штучны інтэлект, які любыя вобразы прадукуе вельмі хутка.

Прапаганда імкнецца ўздзейнічаць на эмацыйна-валявую сферу масавай свядомасці, ствараючы патрэбны асацыятыўны шэраг. Па тым, якія эмоцыі ў людзей абуджае прапаганда, яе метады падзяляюць на негатыўныя і пазітыўныя.

Тэхналогія стварэння «вобраза ворага» дазваляе з’яднаць натоўп, навязаць яму перакананні і стэрэатыпы. Відавочна, што гэтага недастаткова: для паўнаты ўздзеяння патрэбны і пазітыўныя месіджы — «мірнае неба над галавой» і глыбокая гістарычная заканамернасць існавання цяперашняй улады. Штучны інтэлект ідзе тут на дапамогу, таму што з беларускімі творцамі супрацы не атрымліваецца. Згаданы раней жывапісны твор — даволі бездапаможны ў мастацкім сэнсе, як і ўсе палотны той аўтаркі. З сапраўднымі талентамі ва ўлады праблема...

На пачатку года адыёзны журналіст і член Прэзідыума Саюза пісьменнікаў Беларусі Андрэй Мукавозчык выказаў прэтэнзіі да творчай інтэлігенцыяй на старонках газеты «ЛіМ»: «Чаму вы саромеецеся, сябры, публічна выказаць свой патрыятызм і дзяржаўнасць? Няхай у мастацкай форме, але — выказаць?». Не толькі пісьменнікі, але і мастакі, архітэктары з дызайнерамі, тэатральныя і музычныя дзеячы, як і літаратурна-мастацкія крытыкі ніяк свой патрыятызм не праяўляюць, наракаў Мукавозчык.

Цяпер, здаецца, рашэнне знойдзена, інфармацыйны фронт атрымаў новую зброю. Для масавай свядомасці і свядомасці чыноўнікаў прадукцыя штучнага інтэлекту выглядае, можа, і круцей, чым мастацкія творы сучасных аўтараў. Тым больш, што яны супрацу з уладай імкнуцца па магчымасці сабатаваць.