Зала Беларускага музея імя Івана Луцкевіча без перабольшвання ледзь змяшчала ўдзельнікаў літаратурнай сустрэчы. Сучасныя кніганошы прывезлі актуальныя беларускія кніжныя хіты і прадставілі кнігі, што толькі-толькі выйшлі з друку.
Андрэй Янушкевіч, Сяргей Шупа, Альгерд Бахарэвіч
На жаль, у апошні момант адмяніўся ўдзел у турнэ паэткі і перакладчыцы Юлі Цімафеевай з-за бюракратычнага моманту з дакументамі. Тым не менш, прэзентацыю яе «Менскага дзённіка» зладзіў у Вільні пісьменнік Альгерд Бахарэвіч, муж Юлі Цімафеевай. «Менскі дзённік» — гэта аповед пра падзеі ў Беларусі кастрычніка 2020 — сакавіка 2021, які пачаўся з англамоўнагага эсэ для брытанскай газеты «Financial Times».
Што ж прывезлі пісьменнікі і выдаўца
Сяргей Шупа
Журналіст і перакладчык Сяргей Шупа прэзентаваў новы поўны пераклад рамана «Зэлмэняне» Мойшэ Кульбака — расстралянага ў 1937-м літаратара са Смаргоні, які пісаў на ідышы. Таксама ў Вільні былі ягоныя пераклады кніг «Туўла» Юргіса Кунчынаса і «Белы саван» Антанаса Шкемы.
Сяргей Шупа і Альгерд Бахарэвіч
«Зэлмэняне» — гэта аповед пра габрэйскае жыццё ў Менску на мяжы 20-30-х гадоў.
«Праблема спадчыны Кульбака, што да канца нібыта невядома, якому народу яна належыць, да якой літаратуры. Літоўцы лічаць яго сваім за паэму пра Вільню. А беларусы могуць адносіць да беларускай літаратуры, бо ён аўтар культавага менскага раману «Зэлмэняне», — гаворыць Сяргей Шупа.
Гэта першае поўнае выданне твора на беларускай мове. У папярэднім перакладзе Віталя Вольскага, які выйшаў у 60-х гадах, рэдактары з палітычных прычын скарацілі каля 12 адсоткаў тэксту.
Дзённік пра страшны, але і велічны час
Альгерд Бахарэвіч
«Менскі дзённік» Юлі Цімафеевай выйшаў на некалькіх мовах, але на беларускай — толькі паўгода таму. Як кажа Альгерд Бахарэвіч, усё пачалося як артыкулы на замову замежных газет, калі беларускія падзеі патрапілі ў цэнтр увагі ўсяго свету.
«Юля апісала, што значыць жыць у Мінску ў гэты рэвалюцыйны, страшны, але і велічны час. Кніга стала дакументам эпохі. Калі ўжо за мяжой яна пісала пра падзеі 2020 года ў Беларусі, усе тыя падзеі вяртаюцца, сэрца баліць і ліюцца слёзы», — распавёў Альгерд Бахарэвіч. Кніга аздоблена здымкамі Мінска 2020 года, якія зрабіла сама ж аўтарка «Менскага дзённіка».
«Думаеце, я не магу пісаць інакш?»
Альгерд Бахарэвіч
У Вільні Альгерд Бахарэвіч прадстаўляў авантурны раман «Капітан Лятучая Рыба» — пра маладую беларуску Алесю ў Гамбургу і не толькі. Кнігу ілюстраваў знаны музыка Лявон Вольскі.
Альгерд Бахарэвіч нагадвае пра прыгодніцкую беларускую класіку — кнігі Янкі Маўра, якія зачароўвалі многіх у дзяцінстве — «У краіне райскай птушкі», «Амок», «Палескія рабінзоны». А таксама іранічна распавядае пра свае спробы ў авантурна-прыгодніцкім жанры. Пісьменнік часта чуе пра складанасць ягонай прозы — «як гэта цяжка чытаецца».
«Думаеце, я не магу пісаць інакш? І я паспрабаваў пісаць інакш. (...) Я вырашыў усё-такі, што ў маёй вежы са слановай косткі ёсць нейкія дзверцы, я выйду да людзей і напішу некалькі кніг для людзей. Ёсць пэўныя кнігі, пра якія вы нават не здагадваецеся, што гэта я іх напісаў. У гэтай кнізе ёсць тое, што я ніколі не любіў, у ёй ёсць экшн».
«Прыгодніцкі раман у стылі Янкі Маўра, вядома, сучасны, вядома, у чымсьці постмадэрнісцкі, але прыгожы. Праз многа-многа гадоў (пасля дзіцячых уражанняў ад Маўра — рэд. Budzma) у Гамбургу, у вельмі дрэнным настроі я ўзяўся пісаць гэту кнігу», — кажа ён.
«Які ж прыгодніцкі раман без ілюстрацый? Былі прапановы ад файных мастакоў, але тут Лявон Вольскі напісаў мне ў Тэлеграм прапанову стаць ілюстратарам маёй кнігі. Мець ілюстратарам Лявона — гэта гонар. Лявона Вольскага я страшэнна паважаю, гэта адна з вельмі важных для мяне асобаў. Яшчэ калі я вучыўся ў школе, пачуў альбом гурта «Мроя», які змяніў усё маё жыццё. Я зразумеў, што па-беларуску можна граць музыку, можна быць сучасным, так што Лявона я паважаю з 1988 года, а праз некалькі гадоў пазнаёміўся з ім асабіста, выступаў з ім на адной сцэне, чытаў вершы. Чым мне імпануе Лявон? Гэта чалавек, які ў сваім жыцці ніколі не спыняецца. Ён заўсёды эксперыментуе», — распавёў пісьменнік.
Продаж рамана пачынаецца як раз сёння, 10 траўня. З гэтай нагоды Лявон Вольскі з 16 -ці да 18-ці гадзін ладзіць аўтограф-сесію ў варшаўскай кнігарні «Кнігаўка» (ul. Kłopotowskiego, 4). Лявон будзе падпісваць «Капітана Лятучую Рыбу», а таксама прадставіць свой альбом «Грамадазнаўства» на вініле.
Кнігазварот
Андрэй Янушкевіч
На сустрэчы попыт на кнігі можна назваць ледзь не фенаменальным. «Ці хопіць нам кніг на астатнія гарады?» — паўжартам заўважае Андрэй Янушкевіч пасля імпрэзы.
Што да зваротнай сувязі з чытачамі ў Беларусі, то тут ёсць шэраг праблем. «Ёсць інтэрнэт, сацсеткі, электронная пошта і г.д. Насамрэч, магчымасцяў для камунікацыі непасрэднай хапае, усё гэта ёсць і нікуды не дзелася. Кантакт ёсць ці яго можна наладзіць. (...) Сайт і старонкі выдавецтва даступныя ў Беларусі. Той, хто цікавіцца літаратурай у Беларусі, ведае, думае пра нашыя навінкі. З другога боку, кошт дастаўкі ў Беларусь і кошт дастаўкі ў Мексіку — адзін і той жа, 70 злотых ці 17 долараў. І высокі кошт спыняе людзей, як мне падаецца.
Яшчэ адна праблема: кніга гэта такі прадукт, які патэнцыйны чытач хоча мець на адлегласці працягнутай рукі. Электронны фармат падаваўся шмату каму выратаваннем. Я гэтым фарматам займаюся з 2016 года. Было песімістычнае адчуванне ў мяне да гэтай ідэі. Вы ведаеце, пакупкі вельмі спарадычныя і доля Беларусі ў продажы электронных кніг займае толькі 40, ад сілы 50 адсоткаў. Але я ведаю адно, што калі мы будзем рабіць такія беларускія кнігі, міма якіх цяжка прайсці, чалавек, які хоча чытаць гэтыя кнігі, зробіць любы высілак, каб яе займець. І такіх людзей сёння ў Беларусі даволі шмат. Але масавай з’явай не назаву», — адказаў кіраўнік выдавецтва «Янушкевіч» на адно з пытанняў залі.
Турнэ пісьменнікаў і выдаўцы праходзіць па пяці еўрапейскіх гарадах: Вільня, Рыга, Талін, Уроцлаў і Прага.
Сустрэчы з чытачамі ладзяцца ў рамках праграмы ArtPower Belarus Беларускай рады культуры і Дацкага інстытута культуры пры фінансавым садзейнічанні Еўрасаюза.
Тэкст: Рыгор Сапежынскі. Фота: Стах Войтаў, budzma.org