Літаратурная сцэна Hučna Fest у гэтым годзе будзе прысвечана беларускай жаночай і квір-літаратуры

29 чэрвеня ў Варшаве на беразе Віслы пройдзе вялікі Hučna Fest з сучаснай літаратурай і мастацтвам, актуальнай беларускай музыкай і актывізмам.


Afiša

Беларускі ПЭН ладзіць сёлета на фэсце літаратурную сцэну «Бліжэй да цябе», прысвечаную беларускай жаночай і квір-літаратуры. Вядоўцай стане вядомая актрыса, сузаснавальніца праекта «Кніжны воз» Крысціна Дробыш.

Слоган літсцэны — «Пачуй сваю літаратуру!»

Пачуй літаратуру, якую ствараюць проста цяпер і пра цябе твае сучасніцы і сучаснікі. Пачуй салідарнасць і галасы тых, хто ўпісвае Беларусь у сусветны кантэкст. Пачуй у жывым выкананні тыя творы і тых аўтарак ды аўтараў, якіх ты чытаеш, любіш, за якімі сочыш. Пачуй літаратуру, што гаворыць з табой на тыя тэмы, якія цябе хвалююць, змагаецца з тымі ж самымі выклікамі, што і ты, знаходзіць словы, каб падзяліцца тым, што для цябе важнае.

Праграма літсцэны складаецца з чатырох блокаў:

Прэзентацыя

Паэтка Анхела Эспіноса Руіс у музычным суправаджэнні Змітра Бартосіка і Юстыны Карпіловіч з новым зборнікам вершаў «Астралябія Божых таямніц».

Дыскусія

Беларуская жаночая літаратура і яе сучасны стан — разам з Настай Кудасавай, Светай Бень, Ганнай Кандрацюк. Мадэраваць дыскусію будзе тоні лашдэн.

Размова

Ганна Янкута прадставіць сваю кнігу «Час пустазелля». Акторка Крысціна Дробыш правядзе з Ганнай размову на тэмы, што падымаюцца ў кнізе, і зачытае адтуль некалькі ўрыўкаў.

Чыткі

Перфарматыўныя чытанні тоні лашдэн, Уладзя Гарбацкага, Артура Камароўскага з музычнай лірыкай ад Светы Бень. Удзельніцы і ўдзельнікі паразважаюць на тэму квір-літаратуры як формы актывізму.

Жаночая і квір-літаратура гучыць БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ

У тым ліку бліжэй, чым ты думаеш. Чаму?

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо размаўляе з табой на блізкія і важныя тэмы галасамі аўтарак і аўтараў, якія ўжо выйшлі за межы «нормы» і змаглі расказаць пра «недазволеныя» рэчы;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо гнуткая і рэактыўная, рэагуе, рэфлектуе і пражывае ўсе радасці і нягоды разам з табой;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо шукае словы, вынаходзіць мову, каб назваць і апісаць усё тое, што адбываецца з намі проста цяпер;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо дэмакратычная і гарызантальная ў сваіх адносінах з чытачамі, ты можаш бяспечна прагаварыць складаныя і балючыя тэмы разам з аўтаркамі і аўтарамі;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо выходзіць у публічную прастору, ты можаш лёгка сустрэцца з ёй, паміж вамі — малая адлегласць, усяго адзін крок;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо не канкурэнтная, а салідарная, падтрымлівае ўсіх удзельніц і ўдзельнікаў гэтага працэсу, кожны голас робіцца пачутым і прынятым;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо смелая і разнастайная, лёгка эксперыментуе з новымі формамі, ідзе на нестандартныя калабарацыі, працягвае табе руку там, дзе ты ёсць;

БЛІЖЭЙ ДА ЦЯБЕ — бо...

Што яшчэ будзе на Hučna Fest?

На фэсце будуць працаваць кніжныя стэнды беларускіх выдавецтваў і стэнды НДА — пляцоўкі сацыяльных актыўнасцяў з вядомымі актывісткамі і актывістамі, пінг-понг для падтрымкі палітзняволеных і іншыя магчымасці не толькі добра правесці час, але і выказаць сваю салідарнасць.

На музычнай сцэне выступяць «Разбітае Сэрца Пацана», «LEIBONIK», «NOCHY» і «Syndrom Samazvanca». Вядоўца — Мікіта Мелказёраў.

Дзе і калі?

Дата: 29 чэрвеня

Час: з 13:00 да 17:00 (час мясцовы). Музычная праграма будзе доўжыцца да 22:00.

Месца: на беразе Віслы каля варшаўскага Музея сучаснага мастацтва (Wybrzeże Kościuszkowskie 22).