«Не адпускала ўражаньне, што прадстаўнік заходняе цывілізацыі прыехаў у таямнічую дзікаватую дзяржаву трэцяга сьвету». Лявон Вольскі пра вандроўку польскага блогера ў Беларусь

Лявон Вольскі паглядзеў рэпартаж польскага блогера пра Беларусь і разважае пра тое, што змянілася ў нашай краіне і чаму «заходні погляд» на нашую рэальнасць пакідае пасля сябе толькі пачуццё суму.

by Darya Kaliada 02.JPG
Лявон Вольскі. Фота Дар'і Каляды

Вядомы польскі трэвэл-блогер-паўмільёньнік паехаў у Беларусь. Каб, маўляў, распавесьці сваёй шматлікай публіцы пра гэты дзіўны невядомы край. Вось — Бярэсьце — дзьвесьце кілямэтраў ад Варшавы (бліжэй за Кракаў!), а палякі нічога ня ведаюць пра тое, як там жывуць людзі, што ядуць, што п’юць, як апранаюцца, колькі зарабляюць, і наагул што там, за страшнай усходняй мяжою робіцца.

Трэвэл-блогеру ў Беларусі неверагодна шчасьціла

Трэба зазначыць, што трэвэл-блогеру цягам усяго беларускага падарожжа неверагодна шчасьціла. І на мяжы яго ўпаўнаважаныя асобы дапытвалі ўсяго толькі дзьве гадзіны (і ён да гэтага паставіўся зь дзіўным разуменьнем: а што ім рабіць, калі ў іхнай дзяржаве такая сытуацыя — санкцыі, міжнародная ізаляцыя і вось гэта вось усё), і свой сапраўдны трэвэл-смартфон ён схаваў у машыне, а на допыце паказваў адмысловы, у якім нічога небясьпечнага не было, і на вуліцах Менска ды Берасьця да блогера ніводнага разу не падыходзілі службовыя асобы — «тут здымаць ня трэба!», і, урэшце, ніхто зь неабыякавых мінакоў ня выклікаў на падазроную асобу ворганы аховы парадку і стабільнасьці. Абышлося.

hascinnasc-maliunak-Volski.jpgБеларуская гасціннасьць. Малюнак Лявона Вольскага

Вандроўнік пахадзіў па Берасьці, схадзіў у фартэцыю, пабадзяўся па Савецкай, потым на цягніку вырушыў на Менск, пахадзіў па цэнтральных сталічных вуліцах, зьезьдзіў у Жодзіна — паглядзець на завод, дзе вырабляюць БелАЗы, і бесьперашкодна вярнуўся назад, у Варшаву.

Незнаёмыя знаёмыя мейсцы

З аднаго боку, цікава было паглядзець на знаёмыя мейсцы ў горадзе, дзе ты нарадзіўся і ўзгадаваўся: ГУМ, «Васількі», Траецкае, праспэкт, плошча Перамогі, опэрны тэатр...

Зь іншага — не такія яны ўжо цяпер і знаёмыя. Не такія пазнавальныя.

На вуліцах амаль няма людзей. Здаецца, што іх замянілі чырвона-зялёныя дзяржаўныя сьцягі, утыкнутыя ўсюды, дзе іх толькі можна было ўтыкнуць. Ня ведаю, у які дзень вяліся здымкі (можа, у нядзелю?), але машынаў у цэнтры таксама было мала. Сталіца выглядала шэрай, бязьлюднай і бяздушнай, а Берасьце — нейкім зачуханым правінцыйным гарадком.

Адно што (і блогер актыўна рабіў на гэтым акцэнт!) нерэальна чыста. Паўсюль, дзе ён быў, яго неверагодна ўражвала поўная стэрыльнасьць.

Minsk.pngМенск. Скрыншот відэа на ютуб-канале «Kamil — In Travel»

Ці то ён кепска прыглядаўся, ці сапраўды ўсё моцна зьмянілася. Перад маім ад’ездам — толькі сыдзі зь якой вылізанай вуліцы Казлова ў арку, у двор — і ўбачыш перапоўненыя сьметніцы, гару пустых бутэлек і недапалкаў каля іх і парачку загарэлых мужчынаў зь «мярзаўчыкамі» ў руках. Можа быць, змаганьне за чысьціню і цьвярозасьць сапраўды перамагло, і цяпер нічога гэтага ўжо няма, іначай спрактыкаваны ўчэпісты позірк блогера-прафэсіянала немінуча б зачапіўся за гэтыя гарадзкія нацюрморты і жанравыя сцэнкі.

Але не. Не зачапіўся. Усё было выдатна — ежа ў кавярнях ды рэстарацыях танная і смачная. Транспарт — танны, зручны і дакладны (і цягнік, і аўтобус, і мэтро). Таксоўкі (толькі «Яндэкс») танныя і зручныя. На сталічных вуліцах прадстаўленыя ня толькі кітайскія аўтамабілі, а ёсьць нават і BMW (!!!), у ГУМе, нягледзячы на санкцыі, поўна топавых тавараў сусьветных брэндаў, карацей, жыцьцё ідзе сабе, нягледзячы на ізаляцыю, і жыць можна.

Галоўны мэсэдж і высновы

Галоўны мэсэдж польскага трэвэлера: хай там палітыкі дзеляць сьвет і займаюцца сваімі бруднымі справамі, а ён, блогер, паказвае жыцьцё людзей у розных краінах, простых людзей, якія ходзяць па вуліцах, а высновы ўжо рабіце самі.

І высновы напрошваюцца гэткія: чаго б і ня жыць у дзяржаве, дзе ўсё танна (гэта неаднаразова паўтараецца) і добра?

Да гонару блогера, ён казаў, што зь ягоным наведваньнем Беларусі ўсё магло скласьціся й па-іншаму, ня так мірна, і ён пабойваўся такога разьвіцьця падзеяў, але абышлося (а магчыма, і няма ніякае небясьпекі, пра якую так актыўна яго папярэджвалі сябры, знаёмыя і польскія сродкі масавае інфармацыі?).

Адно што наконт нюансаў жыцьця ў гэтай таннай і смачнай краіне не было ў каго даведацца. Мінакі ў беларускіх гарадах адмаўляліся кантактаваць з блогерам, сарамліва ўсьміхаліся, адводзілі вочы ўбок і ўцякалі. Ніхто не згадзіўся нават на маленькае інтэрвію. Відаць, адпалохвалі варожыя мовы — ангельская ды польская. Дый наагул... Як бы чаго ня выйшла.

Brest.pngБерасьце. Скрыншот відэа на ютуб-канале «Kamil — In Travel»

Усё нібыта тое самае, але...

А мне дык глядзець гэта ўсё было сумнавата. Не адпускала ўражаньне, што прадстаўнік заходняе цывілізацыі прыехаў у таямнічую дзікаватую дзяржаву трэцяга сьвету, а там, выяўляецца, можна жыць, есьці, піць, насіць такія самыя маркі адзеньня, як у Варшаве... Адно што народ нейкі няўсьмешлівы й палахлівы. Але яно й ясна — гэта ж краіна трэцяга сьвету, што зь яе (і ейнага народу) возьмеш?

І яшчэ. Усё нібыта тое самае, але зьнік Booking, замест яго расейскі «Островок», зьнік Uber, на ягоным мейсцы «Яндэкс», і шмат чаго іншага сусьветнага замянілася на расейскае. Вы скажаце: «Ну і што? Мы ўжо прызвычаіліся!». Выдатна, віншую.

У гэтым, відаць, сакрэт беларускага даўгалецьця — своечасова прызвычаіцца. Але ці будзе яно беларускім, калі так працягнецца пару дзясяткаў гадоў, гэтае даўгалецьце? 

Ці то ператворыцца ў даўгалецьце жыхароў Паўночна-Заходняга краю?

Лявон Вольскі, Budzma. org