Калі ў Беларусі запануе адэкватная й сапраўды беларуская ўлада і краіна вернецца да нармальнага самастойнага жыцьця, напэўна, адну з найбольш урадлівых глебаў для разьвіцьця атрымае нашае нацыянальнае кіно. Ну бо сюжэтаў галівудзкага размаху — хоць мяхом грабі! Падкідваюць і гісторыя, і сучаснасьць. Да прыкладу, як вам драматычнае распаўзаньне расейшчыны па цудоўным беларускім месьце Магілёў, якое сталася сапраўдным сымбалем адпору маскоўскім акупантам? І пра якое аднак зь непераадольным аптымізмам піша Валера Руселік у сваёй рубрыцы «Прыдарожны пыл».
Бясконца доўга можна назіраць за тым, як цячэ вада, як гарыць агонь і як беларусы — і беларускамоўныя, і расейскамоўныя, і на радзіме, і за мяжою, і бела-чырвона-белыя, і чырвона-зялёныя — дружна насыпаюць за каўнер расейцам за «Белоруссию», а таксама за іх навязьлівую й няпрошаную «любовь» і за тое, што бясконца лезуць і лезуць да нас ува ўсе шчыліны, бы тыя прусакі.
Штораз кайфую. «Расейцы, адваліце! Пакіньце нас у спакоі!» — вось тое, што ўсіх нас, беларусаў, насамрэч сёньня лучыць. Калі хочаце, цяперашняя беларуская нацыянальная ідэя.

Валера Руселік на мітынгу супраць расейскага ўварваньня ўва Ўкраіну (Варшава, люты-2022). Фота з архіву аўтара
Нядаўні прыклад. У гістарычным цэнтры Магілёва будуюць ужо чацьвёртую пляцоўку, прысьвечаную расейскім гарадам. Дагэтуль адкрылі Маскоўскі дворык з мініяцюрным Крамлём, затым Тульскі — са здаравенным самаварышчам і Хабараўскі — з далёкаўсходнім сонцам. Ну і зараз — Яраслаўскі са скаладромам у выглядзе мядзьведзя.
Паскудзтва, аналягічныя прыклады якога, дарэчы, можам назіраць сёньня і ў іншых местах нашае краіны.
Ну і як тут не згадаць аднаго высокапастаўленага беларусафоба, які яшчэ ў 2018 годзе, сустракаючы ў Магілёве свайго калегу з-за ўсходняе мяжы, заявіў: «Вижу, вы чувствуете себя как дома на этом клочке, можно сказать, русской земли. Это такой город [Могилев]… я бы даже сказал больше русский, чем белорусский».
Ага, настолькі расейскі, што ў 1661-м, пасьля шасьці гадоў акупацыі, ягоныя жыхары за адзін дзень цалкам выразалі маскоўскі гарнізон. Цікава, ці бачыў Пуцін герб Магілёва?
Дарэчы, цікавая і красамоўная дэталь. Магілёўскае паўстаньне рыхтавалася загадзя. Усё места ведала пра гэта — і ніхто ня выдаў плянаў акупантам! Сярод іншага, месьцічы нарыхтоўвалі дровы, каб потым растапіць скуты лютаўскімі маразамі дол: ямчэй жа ж тады капаць захопнікам магілы!
Ну бо на сваёй зямлі мае быць парадак і чысьціня! Гэтак у нас, беларусаў, спрадвек павялося! Дый, як той казаў, не дапамогуць і чары, як каму хто не да пары!

Музэйная экспазыцыя, прысьвечаная Магілёўскаму паўстаньню 1661 г., і знаходзіцца ў адноўленай магілёўскай ратушы, і герб Магілёва, нададзены месту пасьля таго паўстаньня
Нездарма кажуць, што гісторыя любіць накручваць колы. З часоў, калі ў Магілёве быў панаваў маскоўскі гарнізон, мінулі стагодзьдзі, але карціна амаль не зьмянілася.
Яшчэ ў 2018-м мясцовыя жыхары склалі пэтыцыю ў гарвыканкам з прапановай усталяваць памятную шыльду, прысьвечаную паўстаньню 1661 году на ратушы, што «будзе спрыяць росту патрыятызму і гонару магілёўцаў, а таксама патрыятычнаму выхаваньню новага пакаленьня». Чыноўнікі, якім тая любоў да роднае зямлі, як сабаку пятая нага, зразумела ж, прапанову адхілілі як… «гістарычна неабгрунтаваную»! Маўляў, старая драўляная ратуша згарэла яшчэ ў 1664 годзе і знаходзілася зусім на іншым месцы, а таму ня мае аніякага дачыненьня да ратушы сучаснай!
Як той казаў, перавялі стрэлкі. Зрэшты, чаго яшчэ чакаць ад тых, хто з году ў год стварае Магілёву імідж не цудоўнага вольналюбнага беларускага места з тысячагадовай гісторыяй, легендарным асілкам Машэкам і заўжды актуальным заклікам «Пара!», а задрыпанай правінцыі зь сьлінявым захапленьнем расейскімі імпэратарамі, тульскімі самаварамі і яраслаўскімі мядзьведзямі…

Маскоўскі, Тульскі і Хабараўскі дворыкі ў Магілёве (зьлева направа) чакаюць «яраслаўскае папаўненьне»
«Где беларуские дворики? Почему не Брестский или Гомельский? Что за Ярославль? Где он находится — хз! Давайте лучше построим Минский или Полоцкий дворики — с гербами и узнаваемыми памятниками, историческими стендами и надписями на беларуском языке!»
І гэта, заўважце, пішуць не нейкія там мітычныя злобныя беларускамоўныя змагары, якія сьпяць і бачаць, як гарыць Масква. Гэта пішуць звычайныя расейскамоўныя (!) магілёўцы.
І гэта ачмурэнна!
Ролік, прысьвечаны будаўніцтву Яраслаўскага дворыка ў Магілёве, і камэнтары пад ім. Скрын з Instagram-старонкі my.mogilev
І няхай тых абураных галасоў і няшмат, а Яраслаўскі дворык, без ілюзіяў, будзе дабудаваны — нічога страшнага. Каму як ня нам, беларусам, ведаць, што найбольш небясьпечны пажар — на балоце: часьцяком нябачны з паверхні, ён, аднак, тлее неўпрыкмет недзе ўглыбіні, набіраючы тэмпэратуру ў сотні градусаў. Пры гэтым заліць вадою падпалены торф гэтаксама практычна нерэальна, як і прадбачыць, дзе менавіта зямля, урэшце, выбухне вогненнымі слупамі ды атрутным дымам і праваліцца, цягнучы ў пекла ўсіх, каму не пашчасьціць апынуцца ў гэты момант па-над ім.
Урэшце, і стрэлкі пераводзіць вечна немагчыма. Нават на часова зламаным гадзіньніку двойчы на содні яны абавязкова паказваюць дакладны час.
Час, калі самая што ні ёсьць пара! Праўда, Магілёве?
Валера Руселік, Budzma.org
*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org
Глядзіце яшчэ: