Ганна Златкоўская: «Я ганаруся менавіта тымі беларусамі і беларускамі, якія змаглі адкінуць усе сантыменты і проста робяць тое, чаго патрабуе час»

16.06.2026
Пісьменніца Ганна Злакоўская разважае пра тое, як беларусы вымушаныя прыстасоўвацца да жыцця ў эміграцыі – у розных краінах, куды яны не збіраліся і дзе іх ніхто не чакаў. Часта без грошай і ведання мовы. Але гэта калонка не толькі пра цяжкія выпрабаванні, а ў першую чаргу — пра асабістую адказнасць, мужнасць, надзею і мары, якія заўжды застаюцца з намі.

Hanna Zlatkoŭskaja
Ганна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Мала хто з нас планаваў бегчы за мяжу, каб нанова пачынаць сваё жыццё. Без грошай, без ведання мовы краіны, у якой знянацку апынуўся. Амаль кожны, хто вымушаны быў пакінуць свой дом, думаў пра тое, што вось-вось і вернецца. Шмат хто з нас працаваў у той жа галіне, што і дома. Былі і такія людзі, якія адразу разумелі, што трэба круціцца і займаць цёплае месца пад сонцам. Бізнесоўцы ладзілі новы бізнес у новай краіне, хтосьці адразу запісваўся на курсы мовы, каб потым шукаць працу на лепшых умовах — хай і не абавязкова па сваёй спецыяльнасці, але каб былі добрыя варыянты.

Розныя людзі — розныя гісторыі адаптацыі

Калі я апынулася ў Літве, то амаль адразу мне прапанавалі працаваць у новым невялікім медыя. На жаль, адносіны з камандай там не склаліся, і праз паўтара гады трэба было зноў шукаць працу.

За пяць гадоў у эміграцыі я выкладала на сваім аўтарскім курсе дзякуючы невялікаму гранту, пісала калонкі пра палітзняволеных ды на іншыя тэмы для розных медыя.

У нашай сям’і часта былі моманты, калі мы не ведалі, ці будуць заўтра грошы купіць ежы. Асабліва было горка, калі трэба было купляць сыну новы абутак, а рахунак паказваў кукіш. Муж таксама ніколі не сядзеў на канапе, чакаючы светлага часу. Працы ды падпрацоўкі — вось звычайныя будні эмігрантаў. Касіць траву, быць таксістам, мантаваць сцэны, фарбаваць сцены, будаваць, піліць… хіба толькі не танчылі за ўсе гэтыя складаныя перыяды.

Мае знаёмыя і сябры таксама працавалі хто дзе. Вось былая бізнесвумен стала клінерам. Музыка — грузчыкам. Бачыла аднаго пісьменніка за працай кур’ерам. Нядаўна мне расказвалі пра аднаго чалавека, які ў Беларусі меў свой клуб, а цяпер ён працуе ў Польшчы ў «Бедронцы» і шчаслівы.

Пашанцавала толькі айцішнікам — яны могуць працаваць дыстанцыйна, а заробкі звычайна вышэйшыя, вядома. Таму іх эміграцыя, нават вымушаная, не ведала слёз і пачуцця абсалютнай безнадзейнасці. Але, можа, я чагосьці таксама не ведаю і не бачу — выбачайце.

Зайздрошчу тым, хто не траціць час на ілюзіі

Больш за ўсё я зайдрошчу людзям, якія адразу ставілі перад сабой мэту як мага хутчэй інтэгравацца. Якім лёгка даецца вывучэнне любой мовы — мясцовай альбо ангельскай.

Зайздрошчу тым, хто разумее, што будзе цяжка, і не траціць час на ілюзіі, якія абяцаюць нешта абавязкова добрае і прыгожае. Хто пакідае былое ў былым, хто свае ўнутраныя парывы займацца і зарабляць, напрыклад, творчасцю (як я), пакідае для душы, а працу знаходзіць тую, якая забяспечвае аплату жылля, куплю адзення ды ежы. І няма аніякіх комплексаў, што вось такі выйшаў няўдачнік, які быў на радзіме паважаным чалавекам, а ў эміграцыі стаў звычайным.

Я зараз у кропцы «нуль»

Hanna ZlatkoŭskajaГанна Златкоўская. Фота з асабістага архіву

Зараз у мяне зноў непрыемны перыяд у жыцці, які патрабуе ўзяць сябе ў рукі і зноў шукаць працу. Маніторынг вакансій, звязаных з маёй прафесійнай дзейнасцю, паказаў, што, выбачайце, але працы няма.

Ангельскай мовай я не валодаю, літоўская мова — на ўзроўні А2, але яе пакуль не хапае, каб, скажам, працаваць з людзьмі. Я зараз у кропцы «нуль» і разумею, што гэтыя пяць гадоў мне вельмі шанцавала працаваць у галінах, блізкіх да маіх навыкаў, толькі менавіта сёння прыйдзецца стаць дарослай.

Цуды скончыліся, цяпер прыйдзецца, як і шмат каму, стаць воінам, які зарабляе на жыццё дзе заўгодна.

Шлях герояў

Я вельмі і вельмі ганаруся менавіта тымі беларусамі і беларускамі, якія змаглі адкінуць усе сантыменты і проста робяць тое, чаго патрабуе час. Мыць падлогу — окей! Дастаўляць ежу — то добра. Бо няма ганебнай працы, сорамна якраз чакаць, што нехта паклапоціцца пра цябе, але тут, у эміграцыі, кожны сам за сябе. Героямі становяцца тыя, хто нічога не баіцца, а проста рухаецца наперад.

Праўда ў тым, што нашыя каштоўнасці і мары ўсё роўна застаюцца з намі. Мастак застанецца мастаком, нават калі зарабляе тым, што будуе дамы ці тынкуе столі. Пісьменнік застанецца пісьменнікам нават тады, калі мые чужыя кватэры.

Прапаганда рэжыму вельмі любіць абражаць змагароў тым, што ўсё, на што мы здольныя, — гэта драіць унітазы. Але па мне лепей так, чым збіваць людзей і есці з рукі гаспадара, які ўцягнуў краіну ў вайну. Гэтыя людзі назаўсёды застануцца ў гісторыі баязліўцамі, якія прадаліся асабістаму страху.

А мы? Мы, дзякуючы неверагодным прыгодам выпрабаванняў эміграцыі, будзем тымі, хто не здаўся, нягледзячы на ўсе цяжкасці. Менавіта яны і загартоўваюць нас. Спадзяюся, і мяне.

П.С. Калі вы хочаце падтрымаць аўтара, то можна падарыць любы данат на buymeacoffee.com – такі маленькі цуд для мяне. Дзякуй.


Ганна Златкоўская, Budzma.org

*Меркаванне аўтараў рубрыкі «Калумністыка» можа не супадаць з меркаваннем рэдакцыі. Калі вы таксама хацелі б выказацца па актуальнай для Беларусі тэме, пішыце нам на razam@budzma.org